Вы тут

Гісторыя сяброўства Уладзіміра Мулявіна і фотамастака Юрыя Іванова


Учора ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстаўка Юрыя Іванова «Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна».


Ула­дзі­мір Му­ля­він, 1999 год.

На гэтых рэдкіх і ўнікальных кадрах — не проста імгненні з жыцця Уладзіміра Георгіевіча, моманты канцэртных выступленняў легендарных «Песняроў», але і сведчанні сяброўства двух мастакоў: музыканта і фатографа. Сёння спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а ў 1970-я гады фотакарэспандэнт «Агенцтва друку «НАВІНЫ» (АДН), Юрый Іваноў воляю лёсу стаў сапраўдным летапісцам гісторыі «Песняроў». Працуючы доўгія гады поруч, але па розныя бакі фотааб'ектыва, Уладзімір Георгіевіч і Юрый Сяргеевіч сапраўды пасябравалі.

Гісторыю свайго сяброўства з Уладзімірам Мулявіным і «Песнярамі» Юрый Іваноў распавядае ахвотна і з вялікай цеплынёй. Ён кажа, што любы фотакарэспандэнт — чалавек, які ўваходзіць у дом да незнаёмага героя. Ён можа выйсці, як і быў, чужаніцай, але ёсць магчымасць ператварыцца ў сябра.

У выпадку з «Песнярамі» так і адбылося:

— У тыя часы, калі пазнаёміўся з Уладзімірам Мулявіным, я працаваў у «Агенцтве друку «НАВІНЫ» (сёння «РИА Новости»). Цэнтральная рэдакцыя знаходзілася ў Маскве, і менавіта адтуль я атрымаў заданне напісаць пра «Песняроў». Гурт яшчэ толькі пачынаў сваю дзейнасць, але цікавасць да яго ўжо ўзнікла, нават з Амерыкі, дзе мы выдавалі часопіс Sovіet Lіfe, пачалі задаваць пытанні. Тады я і пазнаёміўся з Мулявіным. Гэта было ў 1973 ці 1974 годзе. Хадзіў на канцэрты «Песняроў», прысутнічаў на іх рэпетыцыях у філармоніі, рабіў фотаздымкі, друкаваў іх у лабараторыі і дарыў удзельнікам гурта. Ім падабалася. Менавіта праз фотаздымкі я ўвайшоў у калектыў, стаў амаль што яго «летапісцам», таварышам па мастацтве.

Той самы першы матэрыял надрукавалі ў Маскве, ЗША і іншых краінах, у выданнях, што рыхтавала АДН. А фотамастак ужо ведаў: «Песняры» — яго сябры. Гэта пацвярджалася і стаўленнем музыкантаў гурта да яго асобы:

— Была адна гісторыя: мне трэба было зрабіць фотаздымак гурта на сцэне, не канцэртны, пастановачны. Мы выбралі час, гэта было ноччу, калі сцэна філармоніі вольная. Выйшлі ўсе ўдзельнікі ансамбля ў касцюмах, з інструментамі. Я разумеў, што проста так, без музыкі, добрае фота не атрымаецца. І тут Мулявін кажа: «Дык што, табе можа яшчэ і заспяваць?» А для гэтага трэба было падключыць апаратуру, мікрафоны, інструменты...

Я нясмела кажу: «Так...» і сам баюся, што Мулявін адмовіцца, выганіць з залы. Але ён адказаў: «Добра. Якую песню заспяваць?»

Я стаяў перад вялікім выбарам... Але не мог не згадаць сваю любімую песню на словы Максіма Танка — «Завушніцы». І можаце сабе ўявіць, якая гэта была праца: для мяне аднаго на сцэне філармоніі «Песняры» выконвалі маю любімую песню! Я дагэтуль памятаю той момант. Фатаграфаваў, не спыняючыся. Дарэчы, адзін са здымкаў з той серыі «Песняры» пазней выкарысталі ў афармленні вокладкі пласцінкі-гіганта. Пачалося сапраўднае сяброўства з усім гуртом: Анатолем Кашапаравым, Леанідам Барткевічам, Уладзіславам Місевічам... Я ўжо быў сваім чалавекам.

Здаецца, што за кожным фотаздымкам, прадстаўленым на выстаўцы, хаваецца свая захапляльная гісторыя. Тое, як яны рабіліся, Юрый Іваноў памятае ў дэталях. Вось, напрыклад, як нараджалася знакамітая серыя, дзе «Песняры» імчацца на санях, запрэжаных тройкамі коней, па заснежаным полі:

— Ішоў снежань 1980 года, я працаваў над альбомам пра Мсціслаў. Горад мне вельмі спадабаўся. Людзі выдатныя, і там ёсць унікальны конезавод, дзе гадуюць цяжкавозаў. Звярнуўся да дырэктара, запытаўся, ці ёсць у іх тройкі, ці можна іх запрэгчы для здымак і сфатаграфаваць у такім вобразе, да прыкладу, ансамбль «Песняры». Ён узрадаваўся! І Мулявін на маю прапанову пагадзіўся, якраз у канцэртным графіку былі вольныя дні. Мы прызначылі дату, у Мсціславе развесілі афішы, анансавалі канцэрт, дамовіліся пра сустрэчы.

Пад­час рэ­пе­ты­цыі, 1975 год.

За некалькі дзён да прызначанай даты я завітаў у філармонію і нагадаў пра паездку. А Мулявін кажа: «Не, мы не паедзем. Атрымалі прапанову з Адэсы якраз на гэтую дату. Там абяцаюць добрыя грошы». Я нічога не змог адказаць... Магчыма, Мулявін прачытаў усё ў маім поглядзе: і боль за сваю працу, за падрыхтаваных жыхароў Мсціслава... І ён кажа свайму дырэктару: «Пішы тэлеграму ў Адэсу, што мы ўсе захварэлі».

Якая была сустрэча ў Мсціславе! Сапраўднае свята. Здымкі прайшлі проста выдатна. Запрэглі коней, «Песняроў» апранулі ў адмысловыя кажухі, зіма была незвычайна прыгожая... А сама праца праходзіла так: калі фатаграфаваў, я стаяў на кузаве грузавіка, які ехаў перад тройкамі з «Песнярамі», каб не ўпаў, мяне трымалі некалькі чалавек.

У гэтай гісторыі ёсць і цікавы працяг. Пасля Мсціслава «Песняры» паехалі ў Лацінскую Амерыку з гастролямі. Калі яны вярнуліся, Юрый Іваноў пры сустрэчы з Мулявіным запытаўся пра ўражанні, на што Уладзімір Георгіевіч адказаў: «Ды што Лацінская Амерыка, як там Мсціслаў?»

Лёс склаўся так, што менавіта Юрый Іваноў у 1999 годзе зрабіў апошні яркі фотапартрэт Уладзіміра Мулявіна, ён лічыцца і адным з найлепшых. У поглядзе Уладзіміра Георгіевіча — незвычайная цеплыня, шчырасць і давер.

— Для фотакарэспандэнта важнае значэнне можа мець любая цікавая дэталь, — тлумачыць Юрый Іваноў. — Памятаю, у той дзень я прыйшоў у філармонію, Мулявін сядзеў за сваім сталом. Я заўважыў проста неверагоднае святло ад акна і папрасіў Валодзю паглядзець на мяне. Так, партрэт сапраўды незвычайны. Магчыма, справа ў тым, што мы з ім былі не проста знаёмымі, але і сябрамі, калегамі па творчасці.

Памятаю, што менавіта ў той дзень я запытаўся ў Мулявіна, колькі яму гадоў. Мы ўжо досыць доўга былі знаёмыя, але дакладнага ўзросту сябра я не ведаў. Ён назваў год свайго нараджэння, 1941-ы, я крыху здзівіўся: на некалькі гадоў маладзейшы за мяне. На што Мулявін усміхнуўся і дадаў: «А ты што, думаў, што я равеснік Янкі Купалы?».

Наша сяброўства было вельмі цёплым, шчырым, было разуменне творчасці, павага. У адным толькі не меў рацыі: калі «Песняры» яшчэ пачыналі сваю кар'еру, наглядзеўшыся канцэртаў «Бітлоў», я і ад іх чакаў нейкага яркага выступлення, танцаў, рухаў. А Мулявін, пачуўшы прапанову папазіраваць, жартоўна нешта паказаць, паглядзеў на мяне са шкадаваннем і кажа: «Мы не артысты, мы музыканты». І гэта сапраўды так. Любое пазёрства ў выкананні «Песняроў» выглядала б няшчыра, ненатуральна.

«Пес­ня­ры» ў Мсці­сла­ве, 1980 год.

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» зараз рыхтуецца да публікацыі кніга Юрыя Іванова, што будзе змяшчаць 150 старонак тэксту і 150 фотаздымкаў. У ліку іншых фота, якія распавядаюць пра надзвычай яркі творчы шлях самога фатографа, — і здымкі Мулявіна.

Але і ідэю скласці альбом адно з фотаздымкаў Уладзіміра Мулявіна і «Песняроў» Юрый Іваноў вітае: так можна было б не толькі распавесці гісторыю гурта, але і паказаць незвычайную важнасць працы фотакарэспандэнта, яго творчы талент.

Юрый Сяргеевіч зазначае:

— Сёння прафесію фотакарэспандэнта не лічаць творчай і ўнікальнай. Маўляў, кожны, хто мае фотаапарат ці нават тэлефон з камерай, так можа. У адказ працытую свайго сябра, выдатнага драматурга Аляксея Дударава, які кажа: «я не пішу з халодным носам, калі працую, проста плачу над сваімі творамі». Так і я: лічу, што ад добрага фотаздымка па скуры павінен ісці мароз. Як прыклад — выдатныя паэтычныя работы фотакарэспандэнта «Звязды» Яўгена Пясецкага, а таксама здымкі Віктара Стралкоўскага, Аляксандра Ружачкі, Віктара Ведзіна, Віктара Драчова, многіх іншых выдатных майстроў. Не ўсе ўмеюць працаваць так, як яны. Не ўсе маюць свой непаўторны творчы почырк.

Падчас гутаркі з Юрыем Івановым я неаднаразова задаю пытанне, якім ён памятае Уладзіміра Мулявіна, але штораз гутарку прыпыняе тэлефонны званок, а потым размова кіруецца ў іншы бок... Магчыма, сам Уладзімір Георгіевіч не хоча чуць адказу, а можа, адказаць на яго ў словах проста немагчыма. Як можна ў некалькіх радках змясціць успаміны пра добрага сябра? Юрый Сяргеевіч кажа:

— Думаю, на гэтае пытанне лепш за мяне адкажуць фотадзымкі. Калі мы сустракаліся, Мулявін глядзеў на мяне неверагодна цёплым поглядам. Ёсць здымак са стадыёна «Дынама», які, дарэчы, на выстаўцы прадстаўлены ўпершыню. Рыхтаваўся грандыёзны канцэрт, вялікая сцэна на футбольлым полі, прысутнічала некалькі тысяч гледачоў. Я там быў, падышоў да сцэны яшчэ падчас наладкі апаратуры. Мулявін мяне ўбачыў і кажа ў мікрафон: «О, Юра Іваноў прыйшоў». Увесь стадыён гэта пачуў, усе звярнулі на мяне ўвагу. Было вельмі няёмка ад такой рэакцыі публікі, але неверагодна прыемна, што сябар мяне заўважыў.

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Юрыя ІВА­НО­ВА

Загаловак у газеце: Канцэрт для аднаго гледача

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?