Вы тут

Вакансіі з жыллём прапануюцца ветурачам, заатэхнікам і інжынерам


На біржы працы ўсё часцей патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты. А рабочыя прафесіі, доля якіх у агульнай колькасці вакансій летась складала амаль дзве траціны, цяпер займаюць толькі палову рынку. Такую тэндэнцыю адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Якія кадры цяпер карыстаюцца найбольшым попытам, каго могуць забяспечыць жыллём і ці будуць адкрывацца новыя вакансіі?


Патрабуюцца медыкі, выхавальнікі і цырульнікі

Сёння ў краіне налічваецца каля 25 тысяч свабодных працоўных месцаў. Найбольш запатрабаваным, як і раней, застаецца медыцынскі персанал. Недахоп адных толькі ўрачоў у краіне — 1,7 тысячы чалавек! Прычым розных профіляў: неабходны педыятры, траўматолагі, эндакрынолагі, хірургі, стаматолагі... Спецыялістаў шукаюць не толькі паліклінікі і бальніцы (там у асноўным прапануюць заробкі ад 3 да 8 мільёнаў рублёў), але і фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, санаторыі, дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву. Свайго медыка хочуць мець і асобныя прадпрыемствы (за што гатовы плаціць 4-6 мільёнаў у месяц). Так, напрыклад, вакансіі ўрачоў адкрыты на Гомельскім хімічным заводзе, ААТ «Нафтан», Аршанскім станкабудаўнічым заводзе.

Установы таксама гатовы прыняць на работу дзве тысячы медыцынскіх сёстраў. Сярэдні заробак, які ўказваюць наймальнікі, — ад 3 да 5 мільёнаў. Высокі попыт застаецца і на фельчараў, фармацэўтаў, правізараў.

Шмат вакансій ёсць для выхавальніка дашкольных устаноў. Так, сталічныя дзіцячыя садкі маюць патрэбу ў 50 спецыялістах. Дастатковы выбар месцаў для інжынераў — 270 па краіне. Заробак — ад 2,5 мільёна (столькі плацяць, напрыклад, у філіялах агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры) да 9 мільёнаў (прапановы для будучых работнікаў атамнай электрастанцыі ў Астраўцы).

У кадравых агенцтвах адзначаюць, што кампаніі часта шукаюць маркетолагаў. Гэта цалкам лагічна. Выпускаць прадукцыю, не ведаючы, ці будзе яна запатрабавана, прадпрыемству не выгадна. Тым больш цяпер, калі трэба эканоміць кожную капейчыну. Таму спецыялісты, якія могуць прааналізаваць рынкі збыту і падказаць план развіцця вытворчасці, без працы не застануцца.

Што да праграмістаў, то шалёны попыт на іх паслугі чакаецца яшчэ ў найбліжэйшыя 10 гадоў як мінімум. Пакуль беларускія ІТ-кадры будуць таннейшымі за еўрапейскія, замежныя заказчыкі будуць аддаваць ім перавагу.

Калі казаць пра запатрабаваныя рабочыя прафесіі, то сярод іх — арматуршчык, цясляр-бетоншчык, мантажнік будаўнічых канструкцый. У сельскай гаспадарцы неабходны трактарысты, жывёлаводы, аператары машыннага даення. Для апошніх, напрыклад, прадугледжана каля 300 месцаў. У цане таксама кантралёры-касіры, цырульнікі, кухары. Шмат вакансій прадаўцоў: ад месца за прылаўкам раённага спажыўтаварыства за 3 мільёны ў месяц да працы ў буйных гандлёвых сетках з заробкам у 7 мільёнаў.

— У той жа час па найбольш запатрабаваных у папярэднія гады спецыяльнасцях будаўнічай галіны, а таксама прафесіях кіроўцаў, станочнікаў, слесараў розных профіляў заявак наймальнікаў значна менш, чым беспрацоўных, якія стаяць на ўліку і маюць дадзеныя прафесіі, — паведамляюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Хочаш дом — працуй у вёсцы

Што да месцаў з прадастаўленнем жылля, то такіх у Агульнарэспубліканскім банку вакансій 2,4 тысячы. У асноўным гэта вакансіі ў сельскай мясцовасці. Больш за ўсё прапаноў у Гродзенскай вобласці — каля 1,4 тысячы. А вось у сталіцы месцаў, дзе наймальнік гатовы забяспечыць жыллём, усяго дзевяць. Кватэр мінскія працадаўцы не абяцаюць — толькі пакой у інтэрнаце або службовае памяшканне.

Шмат вакансій з жыллём для ветэрынарных урачоў. Жылы дом і сем мільёнаў у месяц чакаюць работніка, які паедзе працаваць у аграгарадок Быстрыца Капыльскага раёна. Заробак амаль у дзевяць мільёнаў і дом у прыдачу абяцаюць галоўнаму ветурачу гарадскога пасёлка Бялынічы.

Жыллём могуць забяспечыць і заатэхнікаў. У вёсцы Прудзінкі Верхнядзвінскага раёна спецыялісту гатовы выдзеліць кватэру і плаціць пяць мільёнаў штомесяц. Прыбытак у дзевяць мільёнаў і месца ў інтэрнаце можна атрымаць, калі ўладкавацца ў Пухавіцкім раёне, у філіял малочнага завода.

Шанцы на кватэру ад наймальніка ёсць таксама ў аператараў машыннага даення, інжынераў, прарабаў. Што да аплаты вакансій з жыллём, то большасць наймальнікаў (60 працэнтаў) указваюць заробак да 6 мільёнаў. Доля месцаў з аплатай у 9 мільёнаў і вышэй — 14 працэнтаў.

Канкурэнцыя толькі на карысць рынку

Калі параўноўваць сітуацыю з тым, што было год таму, то попыт на работнікаў, вядома, зменшыўся. Напрыклад, на канец 2014-га ў апрацоўчай прамысловасці была адкрыта 7,1 тысячы вакансій. На канец 2015-га іх налічвалася ўжо 4,3 тысячы. Колькасць месцаў у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы за год знізілася на паўтары тысячы, у гандлі, рамонце аўтамабіляў і бытавых вырабаў — на 600, у транспарце і сувязі — на 300. У такіх умовах канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на вакансію расце. У наймальнікаў жа з'яўляецца магчымасць падабраць больш кваліфікаваныя кадры.

— «Перагрэты» рынак у 2012-2013 гадах дазволіў суіскальнікам думаць, што можна прыйсці на працу і нічога не рабіць. І табе калі не тысячу, то пяцьсот долараў абавязкова дадуць, — мяркуе намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і персанале ЗАТ «Атлант» Аляксандр МАШКО. — Гэта спрацавала супраць наймальнікаў, бо з'явілася катэгорыя, якая бегала з аднаго месца на іншае, не ўяўляючы асаблівай каштоўнасці. А ў кампаніі былі адкрытыя пазіцыі, што пры росце бізнесу недапушчальна. Таму, мне здаецца, сітуацыя цяпер склалася на карысць рынку, але не трэба, каб яна зацягвалася.

Заробкі, якія прапануюцца сённяшнім суіскальнікам, у асноўным невысокія. Чвэрць вакансій маюць аплату ў 3-4 мільёны, яшчэ 22 працэнты — у 4-6 мільёнаў. Доля месцаў з месячным прыбыткам 6-8 мільёнаў — пяць працэнтаў.

Разам з тым на біржы абавязкова будуць з'яўляцца новыя вакансіі, бо скарачэнне штату актуальна не для ўсіх прадпрыемстваў.

— Некаторыя, наадварот, кажуць: выдатна, крызіс. Можна купіць нейкія дзве дадатковыя кампаніі па кошце адной, захапіць долю рынку, якую страцілі канкурэнты, — адзначае Сяргей ПРЫХОДЗЬКА, дырэктар дэпартамента кіравання персаналам «Альфа-Банка». — А гэта ўсё-такі значыць, што будуць новыя працоўныя вакансіі: ад кур'ераў да дыпламаваных спецыялістаў.

Фота БЕЛТА

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзевяць мільёнаў і дом у прыдачу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».