Вы тут

Робім стаўку на золата?


Цяпер жыхары і нашай краіны могуць набываць каштоўныя паперы міжнародных біржавых фондаў (ETF), якія ўкладаюць фінансы ў каштоўныя металы.

Першым сярод айчынных фінінстытутаў гэтую магчымасць фізасобам адкрыў Альфа-банк. Эксперты адзначаюць, што сёння кліентам прапануюць новы механізм укладання зберажэнняў, дзе пры ўдалым прагнозе па золаце можна атрымаць прыбытак, які ў некалькі разоў перавышае даходнасць па валютных дэпазітах.


Значная капіталізацыя

Новы для Беларусі інструмент дазваляе зарабіць на золаце, але пры гэтым дадаткова не траціцца на захоўванні фізічных зліткаў. Беларусам прапануецца некалькі залатых фондаў ETF (Exchange Traded Funds). Сярод іх — SPDR Gold Trust (GLD), ІAU і SGOL. Капіталізацыя толькі GLD складае каля 60 млрд долараў, што параўнальна з ВУП невялікай краіны. Многія інвестфонды ўкладаюць толькі ў золата, але ёсць і тыя, хто купляе таксама і серабро.

Зарабляць на тэндэнцыях і з мінімальным спрэдам

Велічыня даходнасці інвестыцый у «залатыя» паперы, наўпрост прывязана да кошту золата. Прыбытак можна атрымліваць у двайным або трайным памеры — такі даход, напрыклад, атрымалі летась кліенты высокадаходных фондаў DGP і UGL. Пры гэтым розніца паміж цаной пакупкі і продажу акцый ETF складзе ўсяго 0,5%, што на парадак ніжэй, чым пры рэалізацыі залатых зліткаў.

Новы механізм выгадна адрозніваецца ад звыклай для беларусаў формы «залатых» інвестыцый — куплі мерных зліткаў. Справа ў тым, што для іх захоўвання трэба арандаваць дэпазітарную ячэйку. Акрамя таго, пры жаданні перавесці золата ў гатоўку беларускія банкі выкупяць яго назад па кошце, які будзе на 18-35% ніжэйшым за дзеючую цану (велічыня спрэда залежыць ад банка і масы злітка). Банк таксама папросіць паказаць дакументы, атрыманыя пры куплі зліткаў.

Даходнасць залежыць ад стратэгіі і смеласці

Укласці грошы ў залатыя фонды можна толькі праз давернае кіраванне банка. Пры працы «па загадзе» мадэль інвестыцый вызначае кліент, а вось пры поўным даверным кіраванні спецыяліст камерцыйнага банка накіроўвае частку сродкаў і ў іншыя фінансавыя інструменты. У апошнім выпадку адбываецца дыверсіфікацыя рызыкі. Розніца ў гэтых падыходах істотная.

Пры самастойнай стратэгіі ўладальнік сродкаў атрымлівае шанц атрымаць большы прыбытак і пры гэтым амаль не дзяліцца даходам з банкам. Пры поўным даверным кіраванні спецыяліст банка ўжо зацікаўлены ў правільным укладанні сродкаў кліентаў, бо частка прыбытку ад здзелкі пакідаецца банку. Усё гэта так, але трэба дакладна ведаць, што банк ад вас грошы за атрыманыя паслугі возьме ў любым выпадку, нават тады, калі ад вагання курсаў на золата кліент прыбытку ўвогуле не атрымае.

На доўгатэрміновую перспектыву ў... «ціхую гавань»

Новы інструмент арыентаваны на беларусаў, якія вераць у золата, але да гэтага пазбягалі ім займацца, бо баяліся другасных выдаткаў. Цяпер жа, каб зарабляць на высакародным метале, не трэба набываць мерных зліткаў, плаціць за арэнду ячэек і губляць грошы на высокім спрэдзе. «Акрамя таго, можна лёгка «выйсці з золата», калі раптам складзецца неспрыяльная кан'юнктура», — упэўнены эксперты гэтага перспектыўнага напрамку.

Многія фінансавыя структуры прадракаюць пэўны поспех такім новым механізмам, асабліва ў сувязі са зніжэннем працэнтных ставак па дэпазітах. Дастатковая колькасць людзей з грашыма пачала сёння больш актыўна шукаць цікавыя спосабы па сапраўдным захаванні сваіх зберажэнняў, а золата заўсёды паказвала добрую дынаміку ў неспакойныя часы, лічылася ўкладаннем на доўгатэрміновую перспектыву і было гарантыяй захавання інвестыцый. Нездарма ўсе дзяржавы ствараюць уласныя залатыя запасы — напрыклад, у Беларусі ён перавышае 38 тон і пастаянна павялічваецца.

Сітуацыя на гэтым рынку сёння сапраўды спрыяльная. Цяпер золата даражэе пасля невялікага зніжэння каціровак у канцы мінулага года. Сусветныя аналітыкі называюць гэта новым вітком росту. Пакуль цэны на нафту захоўваюць няпэўнасць, а фондавыя біржы развіваюцца без асаблівых поспехаў, інвестары разглядаюць золата як «ціхую гавань».

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».