Вы тут

Выстаўка графікі "MINIPRINT" прыехала ў Беларусь


Да 14 сакавіка працуе выстаўка графікі "MINIPRINT TALLINN-MINSK 2016", арганізаваная сумесна з Пасольствам Эстоніі ў Беларусі і прысвечаная Дню Незалежнасці Эстоніі.


Пляцоўкай для прадстаўлення работ стала мастацкая галерэя "Універсітэт культуры".

На ўрачыстае адкрыццё сабралася шмат людзей. З прывітальнымі словамі да гасцей звярнуліся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстоніі ў Беларусі Майт Марцінсан, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца і прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч.

Імпрэза атрымалася сапраўды інтэрнацыянальнай: у розных кутках залы можна было пачуць беларускую, рускую, англійскую і эстонскую мовы. Як заўважыла Алена Купчына, "культура, якой прысвечана сённяшняя імпрэза – гэта тое, што нас аб’ядноўвае". Нягледзячы на некаторыя адрозненні, якія існуюць паміж эстонцамі і беларусамі, вобразы і выяўленчыя сродкі графікаў зразумелыя для ўсіх. Сапраўды, мова мастацтва – рэч універсальная. Мабыць, таму выстаўка "MINIPRINT TALLINN" паспяхова дэманстравалася і на радзіме, у Эстоніі, і ў Фінляндыі, і ў Расіі. Сёлета праект ўпершыню прадстаўлены мінчанам.

Куратар і ўдзельнік выстаўкі Лойт Йыекалда таксама першы раз у Мінску. Ён расказвае, што для гледачоў было адабрана 107 графічных твораў 44 мастакоў. "У нашага Саюза мастакоў ёсць свая майстэрня, створаная напрыканцы 1940-х гадоў, дзе ў адным месцы, як вялікая сям’я, працуе супольнасць графікаў, - кажа Лойт. – У апошні час некаторыя творцы мяняюць тэхніку, эксперыментуюць, таму літаграфія атрымліваецца рознай і не падобнай адна да адной".

Гасцей выстаўкі вітае ансамбль "Сугучча" Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка.

Назва выставы - "MINIPRINT" - гаваркая, бо скіроўвае ўвагу на малыя формы (35х30 см), у іх межах працавалі яе ўдзельнікі. Аднак абмежаванні ў памеры ніяк не адбіліся на якасці і значнасці кампазіцый. Лічбавая графіка Пээтэра Лаўрытса і Херркі-Эрыха Мерылы, аздобленыя ліставым золатам работы Малл Нукке, друкаваныя фігуркі з дроту Лембэ Рубэна спалучаюцца з класічнамі тэхнічнымі прыёмамі і дэманструюць наведвальнікам тую частку эстонскага мастацтва, праз якую можна перайсці да больш глыбокага разумення творчага жыцця краіны. "Такім чынам, эстонская графіка застаецца графічнасцю ў лепшым сэнсе гэтага слова, і, нягледзячы на гэта, а можа менавіта дзякуючы гэтаму, яна такая тонкая і духоўная", - зазначае Ваппу Турлаў, мастацтвазнаўца, з артыкулам якога можна азнаёміцца на ўваходзе ў галерэю.

Падобнага праекту ў Беларусі яшчэ не было. Першыя наведвальнікі разглядалі гравюры пад музыку: для іх граў ансамбль "Сугучча", што складаецца з вучняў Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Але і адсутнасць музычнага аздаблення не псуе ўражання ад карцін. Чорна-белыя і каляровыя, традыцыйныя і эксперыментальныя, прывезеныя з замежжа і адначасова блізкія беларусам, гравюры эстонскіх мастакоў засяроджваюць увагу гледача і сцвярджаюць – мастацтва не мае межаў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».