Вы тут

Аляксандра Прывалава: «Тэніс даў мне значна больш, чым я яму»


Першыя поспехі беларускага настольнага тэніса пачалі з'яўляцца ў сярэдзіне 90-х — тады па ўсім свеце загучала імя Уладзіміра Самсонава. Праз дзесяцігоддзі гэты ўсплёск падхапілі сёстры Паўловіч, а ўслед за імі з'явілася маладая «зорачка» Аляксандра Прывалава.

У 19 гадоў яна стала бронзавай прызёркай чэмпіянату свету ў складзе зборнай Беларусі, паступова дабаўляла ў свой актыў узнагароды буйных еўрапейскіх спаборніцтваў, а потым і зусім сенсацыйна прабілася на Алімпійскія гульні ў Лондане. Сёння Аляксандра — ужо чатырохразовая пераможца чэмпіянату краіны, але, здаецца, свайго галоўнага слова ў тэнісе яна яшчэ не сказала. Напярэдадні адказных стартаў — чэмпіянату свету і кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў 2016-га — спартсменка расказала пра асаблівасці настольнага тэніса, падзялілася разважаннямі пра феномен кітайскіх спартсменаў і крыху расказала пра сябе.


Пра тытул, які скарыўся ёй ужо чацвёрты раз

— Сёлета я стала пераможцай чэмпіянату Беларусі, але пра тое, што гэта здарылася са мной чацвёрты раз, нават не ведала, мне сказалі пазней. На гэтым турніры заўсёды ёсць з кім пазмагацца і чаму навучыцца. На сёлетнім чэмпіянаце самым складаным для мяне, вядома, стаў фінал, дзе наша маладая спартсменка Дар'я Трыгалас навязала вельмі сур'ёзную барацьбу. З ёй рэдка бываюць лёгкія сустрэчы, таму цяжкі матч для мяне не стаў нечаканасцю і ў выніку ўсё склалася на маю карысць.

Вядома, цяпер ад заваявання тытула чэмпіёнкі краіны няма столькі эмоцый, як гэта было ў першы раз, але чэмпіянат Беларусі — найважнейшы рэспубліканскі старт, таму я заўсёды стараюся выступіць на ім добра.

Пра настольны тэніс у Беларусі

Нягледзячы на даступнасць пінг-понга ў матэрыяльным плане і поспехі беларускіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, настольны тэніс сёння ў краіне не такі ўжо і папулярны. Хоць і раней дзяцей у секцыі прыводзілі са школы, куды прыходзілі трэнеры з кубкамі і медалямі, каб прыцягнуць увагу патэнцыйных вучняў.

— Я трапіла ў спорт менавіта так. Не думала тады, што тэніс стане сур'ёзным заняткам, але трэніравацца мне падабалася. Сёння я ў спорце ўжо 18 гадоў. Мы знаходзімся цяпер у пераходным перыядзе, у зборнай ідзе змена пакаленняў. Там як вопытная Віка Паўловіч, так і зусім маладзенькія дзяўчаты, я дзесьці ў сярэдзіне. Такая нізкая папулярнасць тэніса ў нашай краіне мне незразумела, бо гэта вельмі цікавы і відовішчны спорт.

Можа, збоку не заўсёды відаць, і, каб зразумець настольны тэніс, у яго трэба пагуляць. Туды ўключаны і галава, і фізіка, і каардынацыя, неад'емная частка — хуткасць, сіла і рэакцыя, хоць з боку ён выглядае вельмі лёгка.

Пра сакрэты сусветных лідараў

Кажучы пра сучасны пінг-понг, нельга не закрануць тэму татальнага дамінавання ў гэтым спорце кітайскіх спартсменаў, асабліва ў святле таго, што ў апошнія дзесяцігоддзі іх актыўна натуралізуюць іншыя краіны.

— Раней гэта дакладна быў спорт нумар адзін у Паднябеснай, але цяпер там актыўна развіваецца бадмінтон, ды і ў іншых відах яны прыкметна прагрэсуюць. Тое, што ідзе такая актыўная натуралізацыя, — дадае пэўных складанасцяў у выступленнях на міжнароднай арэне. Разам з тым і гуляць з імі цікава, гэта магчымасць патрэніравацца і прывыкнуць, перш чым сустрэцца з асноўнымі сапернікамі — спартсменамі нацыянальнай зборнай Кітая. Я была б рада, каб у Беларусь запрасілі спецыялістаў для павышэння кваліфікацыі трэнераў або кітайскіх спартсменаў для спарынгаў з намі, ці, наадварот, беларускіх тэнісістаў часцей адпраўлялі на зборы ў Кітай. Упэўнена, гэта прынесла б пэўную карысць.

Пару гадоў таму Аляксандра прымала ўдзел у падобным зборы, арганізаваным кітайскім бокам, з чаго вынесла вялікую карысць і можа падзяліцца некаторымі асаблівасцямі падрыхтоўкі.

— Я невялікая спецыялістка ў кітайскай сістэме, але тое, што ўбачыла там, — абсалютна іншае стаўленне спартсменаў да трэніровак, іншае разуменне тэніса. Яны працуюць над рэчамі, пра якія мы часам нават не ведаем. Плюс іх велізарная працаздольнасць: яны трэніруюцца нашмат больш. У падрыхтоўку спартсменаў да 15 гадоў уключана вялікая колькасць трэніровачных гадзін, чым старэйшым ты становішся, чым вышэйшы ўзровень, тым больш увагі надаецца дэталям, якія на нізкім узроўні не істотныя. Кітайцы вялікі акцэнт робяць на тэарытычнай пабудове гульні, для іх важна акрэсліць структуру матча.

Пра самае важнае на корце

У гэтым, збоку простым, відзе спорту шмат нюансаў, якія не відаць воку заўзятара, але якія з'яўляюцца сур'ёзным аргументам на пляцоўцы. Напрыклад, дрэва, з якога зроблена ракетка, і накладка паверх яго. Наяўнасць на ракетцы шыпоў і іх памер наўпрост уплывае на палёт мяча, яго рух і хуткасць. Аднак галоўным складнікам поспеху, адзначае Аляксандра, з'яўляецца псіхалагічная гатоўнасць спартсмена.

— Важна паставіць тэхніку, навучыцца трымаць мяч на стале, надаваць яму кручэнне, але не менш важная тактыка-псіхалагічная праца. Часам выходзіш супраць саперніка, за якога ты, безумоўна, больш моцны тэхнічна, але ён за кошт галавы, нейкіх тактычных момантаў перайграе цябе, і ты проста не разумееш, што здарылася.

Тэнісіст выходзіць у квадрат фактычна «голым»: думкі, якія яго бянтэжаць, адцягваюць, комплексы — гэта ўсё адлюстроўваецца ў канкрэтным прайграным мячы.

Пра планы

Цяпер нашы майстры «малой ракеткі» выступаюць на камандным чэмпіянаце свету, пазней іх чакае адборачны турнір на Алімпійскія гульні ў Бразілію, які пройдзе ў пачатку красавіка.

— Сёння знаходжуся ў добрай форме, прагрэсірую. Не ведаю, ці дазволіць здароўе выкласціся ў поўнай меры: ёсць пэўныя праблемы, але не хочацца акцэнтаваць на іх увагу.

Сёлета спартсмены ў настольным тэнісе будуць адбірацца на Алімпіяду па іншай схеме. Раней наймацнейшыя тэнісісты згодна з сусветным рэйтынгам траплялі на Гульні наўпрост, а астатнія дабіраліся праз спецыяльны кваліфікацыйны турнір. Гэтым разам для ўсіх будуць арганізаваны адборачныя спаборніцтвы.

— У гэтым ёсць вялікая складанасць, таму, што тыя спартсмены, якія і так маглі б паводле рэйтынгу трапіць у Рыа, будуць змагацца за пуцёўкі і забіраць іх у тэнісістаў, узроўнем ніжэйшых. Таму трапіць на Алімпіяду ў гэтым годзе будзе вельмі складана.

На Гульнях Аляксандра ўжо была (чатыры гады таму), але поспеху там не дабілася, таму дзяўчына не лічыць гэта сваім дасягненнем.

— Адбор да Алімпіяды-2012 стаў для мяне вельмі запамінальнай падзеяй. Тады ніхто, ды і сама я, не чакаў, што праб'юся ў Лондан, але на Алімпійскія гульні трэба ехаць, каб заваёўваць узнагароды, а не проста паглядзець на новую для сябе краіну.

пра свой выбар і жыццё

У спорце Аляксандра ўжо каля 18 гадоў і да сваёй галоўнай справы ставіцца па-філасофску. Ну а за межамі корта ёй уласцівы простыя чалавечыя радасці.

— Люблю кіно, музыку, гумар, сустрэчы з сябрамі, чытаю кнігі па самаўдасканаленні, гісторыі поспеху вялікіх людзей і карпарацый. Не лічу, што з-за спорту ахвярую занадта; вядома, не паспяваю быць у курсе ўсіх спраў паўсядзённага жыцця, але гэта акупляецца з лішкам. Тэніс даў мне значна больш, чым я яму.

Мой галоўны фанат сёння — гэта брат Сяргей, яму таксама падабаецца настольны тэніс (у дзяцінстве мы любілі гуляць разам). Аднойчы ён смяяўся з мяне і сказаў: «Уяўляю, Аляксандра Прывалава — чэмпіёнка Беларусі». Калі першы раз у кар'еры я выйграла гэты тытул, адразу прыгадала яго словы, патэлефанавала і паведаміла прыемную навіну. І да гэтага часу ён сочыць за ўсімі маімі выступленнямі.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».