Вы тут

Пытанне наконт выхаду Вялікабрытаніі з ЕС застаецца адкрытым


У канцы мінулага тыдня Нацыянальнае бюро статыстыкі Вялікабрытаніі абвясціла, што за год «сальда» мігрантаў у краіне вырасла на 323 тысячы чалавек. Больш за палову гэтай колькасці (172 тыс.) — тыя, хто пераехаў сюды з іншых краін Еўрасаюза. Гэта адзін з рэкордных паказчыкаў за апошні час. Відавочна, што такія красамоўныя лічбы могуць дадаць аргументаў прыхільнікам выхаду з ЕС. Менавіта мігранты з краін ЕС і сацыяльная дапамога ім з'яўляюцца адным з галоўных, калі не ключавым пытаннем рэферэндуму пра членства Брытаніі ў Еўрасаюзе, які мае адбыцца 23 чэрвеня. Сітуацыя цяпер выглядае вельмі неадназначна, прычым яна змяняецца. Дык ці адбудзецца той самы «брэксіт» і чым ён такі непрыемны для Старога Свету?


Cвая каляіна

Пачыналася ўсё амаль шэсць дзесяцігоддзяў таму. У 1957-м, калі была створана Еўрапейская эканамічная супольнасць (ЕЭС — адзін з папярэднікаў сучаснага ЕС), Вялікабрытанія адмовілася далучыцца да яе, бо лічыла, што вялікую эканамічную выгаду прынясе гандаль з краінамі брытанскай Супольнасці і ЗША. Аднак у 1973-м на фоне паспяховага развіцця ЕЭС краіна ўсё ж уступіла ў яго.

Разам з тым, Вялікабрытанія імкнулася захаваць максімальную незалежнасць у эканамічных і палітычных пытаннях. Напрыклад, краіна не далучылася да найбуйнейшых інтэграцыйных праектаў ЕС — да зоны еўра (існуе з 1999 г.) і да Шэнгенскіх пагадненняў, што прадугледжваюць скасаванне візавага кантролю на агульных межах (набылі моц у 1995 г.). Апроч таго, Вялікабрытанія не падпісала Бюджэтны пакт (2013 г.), які накіраваны на правядзенне краінамі ЕС узгодненай падатковай і бюджэтнай палітыкі.

У 2011-м ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Вялікабрытаніі ўзмацнілася незадаволенасць знаходжаннем краіны ў арганізацыі. У парламент была накіравана прапанова ініцыятыўнай групы аб правядзенні рэферэндуму пра выхад з Еўрасаюза. Аднак тады дэпутаты палічылі яго несвоечасовым. У пачатку 2013 года прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран прапанаваў правесці рэферэндум, калі на выбарах у 2015-м Кансерватыўная партыя на чале з ім здабудзе перамогу. Адзін з фактараў, што паўплывалі на такое рашэнне, быў звязаны з бояззю магчымага адтоку галасоў на карысць Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства, якая прытрымліваецца цвёрдых антыеўрапейскіх поглядаў. Пасля таго як па выніках выбараў, якія адбыліся 7 мая 2015 года, кансерватары заваявалі абсалютную большасць і сфарміравалі аднапартыйны ўрад, палажэнне пра рэферэндум было занесена ў праграму новага кабінета міністраў. Летась у чэрвені пераважная большасць дэпутатаў парламента выказалася за рэферэндум. Сам прэм'ер лічыць, што краіна павінна застацца ў складзе ЕС, але пры ўмове рэфармавання арганізацыі.

У Вялікабрытаніі неаднаразова ўзнікалі нязгоды з партнёрамі па Еўрасаюзе. У прыватнасці, у верасні мінулага года падчас экстраннай сустрэчы кіраўнікоў МУС ЕС, прысвечанай міграцыйнаму крызісу ў Еўропе, гэтая дзяржава заявіла, што «не возьме ўдзелу ў сістэме ЕС па размеркаванні мігрантаў, а будзе прымаць бежанцаў напрамую з лагераў у Сірыі».

У лістападзе 2015 года Дэвід Кэмеран накіраваў старшыні Еўрапейскага савета Дональду Туску ліст з прапановамі па рэфармаванні ЕС. Маўляў, пры ўмове іх выканання краіна не выйдзе з арганізацыі. Паводле ініцыятывы брытанскага прэм'ера, змены павінны датычыцца чатырох сфер: эканомікі, канкурэнтаздольнасці, пытанняў узмацнення суверэнітэту Вялікабрытаніі і міграцыі. Блок эканамічных пераваг самы шырокі. У прыватнасці, прадугледжвалася, што для краін, якія не ўваходзяць у еўразону, галоўным фінансавым рэгулятарам павінен быць не Еўрапейскі цэнтральны банк, а нацыянальныя банкі. Таксама гэтыя дзяржавы не бяруць удзел у аперацыях па выратаванні еўра. Рынкі Вялікабрытаніі і іншых краін, што не ўваходзяць у зону еўра, павінны быць абаронены. А вырашэнне пытанняў, што датычацца ўсіх краін-членаў, павінна прымацца кансенсусам (у ЕС па розных кірунках агульнай палітыкі дзейнічаюць розныя працэдуры галасавання).

Для павышэння канкурэнтаздольнасці Еўрасаюза Дэвід Кэмеран, у прыватнасці, патрабаваў зменшыць адміністрацыйны ціск на бізнес з боку ЕС. У якасці мер па ўмацаванні суверэнітэту Вялікабрытаніі брытанскі прэм'ер-міністр прапанаваў вызваліць краіну ад абавязкаў браць удзел у далейшым збліжэнні краін — членаў саюза і ўзмацніць ролю нацыянальных парламентаў.

Для вырашэння міграцыйных праблем Дэвід Кэмеран лічыць патрэбным увесці правіла, па якім мігранты з краін ЕС, якія прыязджаюць працаваць у Вялікабрытанію, цягам чатырох гадоў не будуць мець права на атрыманне дапамогі. Таксама ён мяркуе, што прынцып свабоды перамяшчэння не павінен ужывацца для грамадзян новых краін — членаў ЕС, пакуль іх эканомікі не наблізяцца да ўзроўню «старых» дзяржаў.

Цяжар для каралеўства

Умовы, выказаныя Лонданам, абмяркоўваліся ў ЕС на розных узроўнях, у тым ліку і на саміце ў снежні 2015 года. А вырашылася ўсё зусім нядаўна — 19-20 лютага ў Бруселі сабраліся краіны — члены ЕС, каб прыняць рашэнне, якое пасля некаторыя эксперты назавуць насамрэч гістарычным. На ўсеагульную думку, самітаў, што праходзілі ў такім драматычным становішчы, у Еўропе яшчэ не было. Крызіс з мігрантамі, а таксама жорсткая і крывавая барацьба з міжнародным тэрарызмам перакачавалі ў 2016-ты з года мінулага. Цяпер да іх дадалася не менш вострая, прынамсі, на гэты момант, праблема — «брэксіт» (па-англійску «brexіt»). Так па аналогіі з патэнцыйным выхадам Грэцыі з аб'яднанай Еўропы («грэксітам»), які бударажыў увесь кантынент першую палову мінулага года, завуць цалкам магчымы выхад Вялікабрытаніі.

Тон трывожным чаканням задаў прэзідэнт Еўрапейскага савета Дональд Туск. Напярэдадні саміту ён здзейсніў свайго роду бліцкрыг і наведаў за 24 гадзіны сталіцы пяці еўрапейскіх дзяржаў. У Парыжы, Бухарэсце, Афінах, Празе і Берліне ён угаворваў лідараў гэтых краін пайсці на кампраміс з Вялікабрытаніяй. Вядома, адзінага меркавання тут проста быць не магло.

Але было імкненне прыйсці да пэўнай згоды, паколькі, як кажуць, сітуацыя абавязвае. «У кожнага тут будзе свая драма, а ў канцы мы пра ўсё дамовімся», — гэты афарыстычны прагноз прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ адносна ходу і выніку саміту працытавалі, пэўна што, усе вядомыя еўрапейскія выданні. Што самае цікавае, практычна так у рэшце ўсё і адбылося. Як заўважаюць аналітыкі, Бруселю давядзецца яшчэ доўга разблытваць наступствы лютаўскага саміту ЕС. Любымі спосабамі спрабуючы захаваць Вялікабрытанію ў Еўрасаюзе, еўрапейскія лідары паставілі пад пытанне саму будучыню еўраінтэграцыі.

Брытанскія ўлады традыцыйна ставіліся да ЕС як да няўхільнага зла, да якога давялося далучыцца ў 1970-х дзеля забеспячэння эканамічнага росту. «Мне ніколі не падабаўся Брусель і мне не падабаецца Еўрасаюз, але тое, што арганізацыя выклікае раздражненне, не значыць, што яна не прыносіць выгады», — заўважае Дэвід Кэмеран. Але, на яго думку, ЕС у цяперашнім выглядзе стаў цяжарам для Злучанага Каралеўства. Першае — у палітычным плане. Брытанскія ўлады адмаўляюцца ад канцэпцыі глыбокай інтэграцыі, не жадаюць губляць сваю незалежнасць. Кэмеран запэўнівае, што ЕС павінен жыць па прынцыпе «Еўропа — дзе трэба, нацыянальнае — дзе магчыма». Другое, у эканамічным аспекце — наплыў шматлікіх працоўных мігрантаў з краін Усходняй Еўропы стаў сур'ёзным выклікам для брытанскай «сацыялкі».

Дэвід Кэмеран запатрабаваў ад Еўрасаюза перагледзець умовы брытанскага членства ў арганізацыі. «Я не люблю Брусель, я люблю Брытанію, — заявіў ён па выніках напружаных перамоў. — Мая праца — гэта зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб адстаяць нашы інтарэсы». І ў ходзе амаль 30-гадзінных перамоў ён здабыў практычна поўную перамогу.

У палітычным сэнсе Лондану дазволілі адмовіцца ад далейшай еўраінтэграцыі. «Вялікабрытанія будзе назаўжды выведзена з-пад дзеяння прынцыпу пра «ўсё цяснейшы саюз народаў Еўропы». І яна ніколі не далучыцца да еўразоны», — заявіў прэм'ер. Апроч таго, Вялікабрытанія дабілася для сябе асобных умоў наконт еўрапейскіх мігрантаў. «Мы ўстанавілі новы «аварыйны тормаз», у рамках якога мігрантам з ЕС давядзецца чакаць 4 гады, пакуль у іх будзе поўны доступ да прывілеяў. Гэта адказ на меркаванне пра тое, што людзі могуць прыехаць у нашу краіну і атрымаць штосьці проста так», — заявіў Кэмеран. Нарэшце, дапамогі на тых дзяцей мігрантаў, якія застаюцца ў краінах Усходняй Еўропы, будуць выплачвацца па ўсходнееўрапейскіх, а не па брытанскіх стаўках.

У выніку атрымалася, што Дэвід Кэмеран і еўрабюракраты, якія пагадзіліся выканаць яго патрабаванні, заклалі бомбу пад еўрапейскую інтэграцыю. Так, Кэмеран, як піша The Economіst, абяцаў прытрымлівацца канцэпцыі «жыві і дай жыць іншым» — значыць, не замінаць краінам ЕС паглыбляць еўраінтэграцыю ў тым выпадку, калі яна не накладае дадатковыя абавязкі на Вялікабрытанію. Аднак праблема ў тым, што па гэтым шляху зараз услед могуць рушыць і іншыя дзяржавы.

Ядро ў кальцы

Электарат Злучанага Каралеўства цяпер падзелены паміж трыма групамі, заўважаюць аналітыкі. Першую трэць складаюць тыя, хто хоча застацца ў ЕС незалежна ад сутнасці дамоўленасцяў паміж Бруселем і Кэмеранам. Наступная група — гэта жыхары Злучанага Каралеўства, якія адназначна выступаюць за выхад з «антыбрытанскага» Еўрасаюза. «Давайце нарэшце пакінем ЕС, зноў установім кантроль над нашымі межамі і пачнём самі кіраваць сваёй краінай, а таксама перастанем пералічваць Бруселю 55 мільёнаў фунтаў штодня», — кажа лідар UKІP (Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства) Найджэл Фарадж. Гэтай думкі прытрымліваецца сотня дэпутатаў ад Кансерватыўнай партыі, якія маюць намер агітаваць за выхад з ЕС, а таксама прынамсі шэсць міністраў і мэр Лондана Барыс Джонсан. Асноўная ж барацьба разгорнецца за апошнюю трэць — людзей, якія сумняваюцца.

Да чаго можа прывесці выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза на практыцы? Калі каралеўства прыме такое рашэнне, то давядзецца скласці новую гандлёвую дамову з астатнімі ў ЕС 27 краінамі, каб брытанскія кампаніі маглі працягваць прадаваць свае тавары на еўрапейскім рынку, не сутыкаючыся з павышанымі тарыфамі і іншымі абмежаваннямі. Прыхільнікі выхаду лічаць, што Вялікабрытанія зможа дамовіцца пра «палюбоўны развод», што дазволіць ёй захаваць цесныя гандлёвыя стасункі з краінамі ЕС.

Аднак ёсць і іншыя выкладкі. Напрыклад, цэнтр эканамічнай эфектыўнасці пры Лонданскай найвышэйшай школе эканомікі лічыць, што пасля выхаду з ЕС валавы ўнутраны прадукт Вялікабрытаніі можа скараціцца ад 6,3% да 9,5% у год, што параўнальна з наступствамі глабальнага фінансавага крызісу 2008—2009 гадоў. У лепшым выпадку ВУП зменшыцца толькі на 2,2%, сцвярджаюць аўтары гэтага даследавання.

Выхад Брытаніі, лічыць Spіegel, можа стаць канцом аб'яднанай Еўропы. Прынамсі, у яе цяперашнім выглядзе. Еўраскептыцызм — не толькі брытанская «хвароба». Як паказваюць даследаванні, ёй пакутуюць і жыхары іншых еўрапейскіх краін. Давер да ЕС у такіх краінах, як Францыя і Германія, цяпер такі ж нізкі, як і ў туманным Альбіёне. Як перакананы шэраг экспертаў, Еўропа перажывае адзін з самых складаных і, магчыма, вырашальных перыядаў у сваёй гісторыі. Супакоіць брытанцаў і ўгаварыць іх застацца ў Еўрасаюзе ўжо недастаткова. Не выключана, што давядзецца прымаць нейкія радыкальныя меры, прыкладам, ствараць своеасаблівы «падвоены Еўрасаюз». У цэнтры кантынента можа аформіцца ядро ў складзе Францыі, Германіі і краін Бенілюкса са сваімі парламентам, урадам, валютай і войскам. Астатнія ж еўрапейскія краіны ўтвораць штосьці накшталт знешняга кальца, менш згуртаванага і інтэграванага.

Еўрапейская інтэграцыя, робяць выснову эксперты, можа працягваць існаваць толькі з дапамогай пераканання. Аднак рэальнасць значна больш складаная за выкладкі і сцэнарыі палітыкаў. Аб'яднаць еўрапейскія народы можна толькі шляхам прымусу ці грошай. Большасць аналітыкаў праўда мяркуе, што на брытанскім рэферэндуме перамогуць прыхільнікі ЕС. З іншага боку, не менш відавочна, што еўраскептыкі, як ніколі, моцныя і таксама маюць значныя шанцы на перамогу. Так што нельга выключаць магчымасць першага скарачэння Еўрасаюза пасля шасці дзесяцігоддзяў няўхільнага пашырэння.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У чаканні «брэксіту»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».