Вы тут

30 гадоў Аляксей Скакун узначальвае СВК «Астрамечава» Брэсцкага раёна


Калі здаралася з ім ездзіць па вытворчых брыгадах і падраздзяленнях, складвалася ўражанне, што ён ведае кожнага, хоць гэта амаль немагчыма, калектыў СВК складаецца з 800 чалавек. Сам Скакун гаворыць, што асабіста ведае большасць працаўнікоў, а яшчэ пенсіянераў, якія верай і праўдай адслужылі ў калгасе (старэйшыя людзі так і называюць сваю гаспадарку).


«Астрамечава», вядомае ў краіне сельскагаспадарчае прадпрыемства, мае надзвычай разнапланавую вытворчасць. У структуру кааператыва ўваходзяць чатыры вытворчыя ўчасткі з паляводчымі брыгадамі, на якіх функцыянуюць сем малочнатаварных фермаў, комплекс па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, племянная звераферма, сад, аўтабаза, будаўнічы камбінат, камбінат па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. Яшчэ ў «Астрамечаве» ёсць цэх па пашыве адзення з футра норак. І гэта далёка не поўны пералік усіх гаспадарчых падраздзяленняў махіны пад абрэвіятурай СВК, якая шмат гадоў эфектыўна працуе.

Слова «махіна» тут ужытае нездарма. «Астрамечава» — адно з найбуйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краіны. У 1982 годзе на базе былога калгаса «Памяць Ільіча» ўтварылі калгас-камбінат з чатырох эканамічна адсталых гаспадарак Брэсцкага і Камянецкага раёнаў. Такое вялікае прадпрыемства было неабходнае, каб забяспечыць кармамі комплекс па адкорме і вырошчванні 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Тады, у далёкім 1982-м, гаспадарку і ўзначаліў Аляксей Скакун.

Цяпер Аляксей Сцяпанавіч успамінае, што пачыналі з навядзення элементарнага парадку. Пасля рэарганізацыі былых калгасаў гэта было найбольш актуальна. Давялося змагацца з крадзяжамі, прывучаць рабочых і спецыялістаў да дысцыпліны і культуры вытворчасці.

Пазней у адной са сваіх кніг, прааналізаваўшы першыя крокі, ён умоўна выдзяляе этапы станаўлення гаспадаркі і называе іх «нэпамі». Бо, напрыклад, на другім этапе дзякуючы новай эканамічнай палітыцы калгаса-камбіната аплата стала цесна ўвязвацца з працоўнай дысцыплінай і канчатковымі вынікамі. Апошняе разам з інтэнсіўнымі тэхналогіямі дазволіла на тых жа кармах атрымліваць значна больш прадукцыі і стала прарывам, вывела гаспадарку з заняпаду. Праца станавілася больш механізаванай, моладзь перастала масава ўцякаць у горад, многія заставаліся ў родных мясцінах. Пачалі ўзводзіць сучаснае жыллё, мяняўся побыт вяскоўцаў, іх лад жыцця.

Трэці астрамечаўскі «нэп» прагучаў як навукова-эканамічны прагрэс. Паводле сцвярджэння аўтара, у ХХІ стагоддзі развіццё любой вытворчасці магчыма толькі ў гармоніі з навукай і высокімі тэхналогіямі. Пра чацвёрты «нэп» загаварылі як магчымасць выпускаць новую экалагічную прадукцыю. Як ужо адзначалася, сельскагаспадарчы кааператыў мае цэлую сетку падсобных вытворчасцяў. Працуюць цэхі па вырабе соку і чыпсаў з яблыкаў уласнага саду. Пакупнікі шукаюць у краме малако, смятану, вяршкі з брэндам «Астрамечаўскае». І гэтым брэндам тут надзвычай даражаць.

Ёсць і яшчэ адзін «нэп», звязаны з навукай, эканомікай і вытворчасцю.

Яно і зразумела, у гаспадарцы, якую ўзначальвае доктар эканамічных навук, мусіць быць да навукі асаблівае стаўленне. Некалькі гадоў таму аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць на справаздачна-выбарным сходзе СВК. Дык вось тэме павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў, вучобе маладых, атрыманню імі дадатковай адукацыі ў дакладзе было адведзена даволі вялікае месца. Пра гэта мы гаварылі з Аляксеем Сцяпанавічам падчас аднаго з апошніх інтэрв'ю ў мінулым годзе. Ён нагадаў сваю любімую формулу, якую не стамляецца даводзіць маладым калегам: «Чым менш будзе прыкладзена інтэлекту, тым больш спатрэбіцца рэсурсаў і энергіі». І працягваў: «Калі як след раскінеш мазгамі, не палянуешся зазірнуць у літаратуру, заўсёды знойдзеш, дзе сэканоміць. Напрыклад, на рэканструкцыі адной фермы мы эканомім трэць сродкаў, таму што робім уласнымі сіламі, а не наймаем староннюю арганізацыю». СВК, дарэчы, мае свой будаўнічы цэх з праектным бюро.

Разважанні, меркаванні, выкладкі на тэму арганізацыі сельгасвытворчасці вопытнага аграрыя за гэтыя гады выліліся ў некалькі кніг па эканоміцы сельскай гаспадаркі. Цяпер па яго кнігах могуць вучыцца пачаткоўцы. А сам Аляксей Сцяпанавіч заўсёды быў ды і застаецца вельмі ўдзячным вучнем. Колькі разоў даводзілася сустракацца з ім пры падрыхтоўцы матэрыялаў пра Астрамечава, ні разу не абышоў ён добрым словам свайго настаўніка — двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Антонавіча Плюцінскага з суседняй Ровенскай вобласці Украіны. Адзін з найлепшых сельскіх кіраўнікоў Савецкага Саюза больш за трыццаць гадоў таму шчодра дзяліўся з навічком навукай гаспадарання. Тыя ўрокі, вядома, пайшлі на карысць. І ўжо пазней, калі «Астрамечава» стала грымець на ўсю краіну поспехамі, дружба двух кіраўнікоў працягвалася. У яго, Плюцінскага, некалі падгледзеў Скакун вопыт зверафермы. Тады ў нашай краіне ніхто падобнай вытворчасцю не займаўся. Норкавую ферму адкрылі ў Астрамечаве даўно, і яна па-ранейшаму дае неблагі даход, служыць крыніцай папаўнення запасаў валюты.

Аляксей Скакун ганарыцца і дружбай з лётчыкам-касманаўтам Пятром Клімуком. Пётр Ільіч, дарэчы, мінулым летам стаў ганаровым госцем астрамечаўскіх дажынак. Нямала творчых асоб — пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў — пабывала ў Астрамечаве.

Пра ўсё гэта можна даведацца з выставы фотаздымкаў, якая размешчана на сценах Дома культуры. Аляксей Сцяпанавіч даўно захапляецца фатаграфіяй. Дзякуючы яго назіральнасці і майстэрству тут з'явілася цэлая галерэя са славутымі гасцямі, а таксама хроніка будзённага жыцця вёскі. На здымках можна ўбачыць шмат каго з працаўнікоў, а таксама маладое пакаленне аграгарадка. Заходзіш у Дом культуры — і вочы міжволі спыняюцца на фотапартрэце невялікага хлопчыка з выразным позіркам. «Гэты ўжо даўно студэнт», — каментуе аўтар здымка. Думаю, што і таму студэнту, і яго бацькам вельмі прыемна бачыць фотаработу, як, прынамсі, і іншым прататыпам партрэтаў.

Старшыня рэспубліканскага аграпрамысловага саюза і кіраўнік грамадскага аб'яднання «Беларускі сялянскі савет», доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Скакун 1 сакавіка адзначае «круглую дату» — 70 гадоў.

Да свайго юбілею ён падышоў, маючы цэлую скарбонку дзяржаўных узнагарод. Скарбонка гэта пачала напаўняцца яшчэ ў савецкія часы — напрыклад, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Новымі этапамі прызнання (міжволі склаўся яшчэ адзін нэп у калекцыю знакамітага аграрыя) стала прысуджэнне летась старшыні СВК «Астрамечава» звання ганаровага грамадзяніна Брэсцкага раёна і ўзнагароджанне яго ордэнам Айчыны ІІІ ступені.

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Паспяховыя нэпы Скакуна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.