Вы тут

З ДыКапрыа больш не жартаваць


“Оскар” апелюе не столькі да мастацтва кіно, колькі да індустрыі.

Мядзведзь з карціны “Легенда Хью Гласа” (больш вядомай пад назвай “Той, хто выжыў”) Алехандра Гансалеса Іньярыту, пра якую не чуў толькі чалавек, што апошнія месяцы быў у адключцы, безапеляцыйна сядзеў у зале і апладзіраваў пераможцам падчас 88-ай цырымоніі ўручэння прэмій “Оскар”. А на сцэну ў якасці сюрпрызу выйшлі і выехалі дроіды з касмічнай сагі “Зорныя войны”, доўгачаканая сёмая частка якой пад назвай “Абуджэнне сілы” не так даўно прайшла ў сусветным кінематографе. У рэжысёраў цырымоніі заўсёды багатая фактура – яе прадастаўляе ўласна кіно – самае папулярнае і масавае мастацтва.


Працяг дзецішча Джорджа Лукаса аўтарства Джэй Джэй Абрамса не атрымаў ніводнай статуэткі (а быў намінаваны на пяць) у адрозненне ад “Легенды Хью Гласа” – карціны, якая нарэшце здзейсніла мару ДыКапрыа і шчырых прыхільнікаў яго таленту: выканальнік галоўнай ролі ў карціне, ён атрымаў “Оскар” як “Найлепшы акцёр”. Па ўсім відаць, Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы, што за ролю ў “Легендзе Хью Гласа” ўзнагародзіла ДыКапрыа “Залатым глобусам”, Брытанская акадэмія кіно і тэлевізійных мастацтваў BAFTA, што таксама адзначыла ігру акцёра, і нарэшце Амерыканская кінаакадэмія знайшлі ў экзістэнцыйнай карціне нешта большае за звышчалавечыя ахвяры здымачнай групы. Працаваць прыходзілася на марозе, а ДыКапрыа – не іграць, а жыць у прапанаваным антуражы – есці сырое мяса, залазіць у тушу нежывога каня, плыць у халоднай рацэ і так далей.

У нейкім сэнсе працэс стварэння “Легенды Хью Гласа” засланяе ўласна фільм. Нешта падобнае было ў мінулым годзе пасля ўзнагароджання карціны “Бёрдмэн” (таксама Алехандра Гансалеса Іньярыту), які абмяркоўваўся больш у кантэксце тэхнікі аператара Эмануэля Любецкі.

Увогуле шэсце “Легенды Хью Гласа” па кінаэкранах і газетных старонках можна ўспрымаць як сімвал і ўвасабленне таго асаблівага і лёгка пазнавальнага пласта кіно, што мае апроч кінаадзінкі пэўнага хронаметражу яшчэ і гісторыю стварэння, сусветна вядомых акцёраў, біяграфію рэжысёра і рэпутацыю аператара. На рэкламу такіх праектаў звычайна выдаткоўваюцца вялікія грошы, яны прасоўваюцца на экраны кінатэатраў, навязліва абмяркоўваюцца ў прэсе, блогах і сацсетках. Усё гэта становіцца састаўной часткай фільма.

Некаторыя аматары кіно кажуць, што нічога не адчуваюць у адносінах да намінантаў на “Оскар” (прыярытэтнасць гэтага свята кінематографа ўвогуле можна паставіць пад сумнеў) і карціны-пераможцы – гэта, маўляў, не кіно. А вось Хаяо Міядзакі і Ісао Такахата  (японскія аніматары) – гэта кіно. Дарэчы, раю паглядзець, раз такая справа, “Мой сусед Тотара” і “Сказанне пра прынцэсу Кагуя”.

Так, за оскараўскай шуміхай шмат застаецца незаўважаным у той час, як асобныя рэчы падкрэслена вылучаюцца з агульнай масы. Уся гісторыя “Оскара” – гэта спекуляванне на магчымасцях гэтага асаблівага віда мастацтва, дзіўнага спалучэння тэхналогіі, індустрыі і ўласна творчасці. Гісторыя кінатэатраў, успрыманне кінакарцін з вялікага экрана, развіццё тэхналогій, інстытут кінакрытыкі – усё ўкладваецца ў гісторыю кіно, канкрэтнага фільма і прэміі “Оскар”.

У гэтым годзе амерыканская кінаакадэмія разумна абышлася з фільмам “Легенда Хью Гласа”: не адзначыць яго было нельга, таму свае статуэткі, апроч ДыКапрыа, атрымалі рэжысёр Алехандра Гансалес Іньярыту (які ўпершыню за гісторыю “Оскара” атрымаў такую ўзнагароду два разы запар) і аператар Эмануэль Любецкі. З дванаццаці намінацый фільм перамог у трох, найпрэстыжнейшых.

Але найлепшым фільмам была названа ўсё ж не такая гучная, даволі простая ў параўнанні з “Легендай”, але вельмі дакладная, выразная і важная карціна “У цэнтры ўвагі” Тома МакКарці. Тут распавядаецца пра адно з самых рэзанансных журналісцкіх раследванняў, якое было зроблена на пачатку стагоддзя бостанскай газетай пра святароў-педафілаў. Журналісты тут не гоняцца за сенсацыяй, а спрабуюць выкрыць хібы цэлай сістэмы – інстытута царквы, каб прадухіліць злачынствы ў будучыні і дапамагчы пацярпелым. У параўнанні з грандыёзным праектам Іньярыту “У цэнтры ўвагі” выглядае даволі сціплым, затое больш важным – фільмам, што выходзіць на шырокія прасторы з адначасовай увагай да канкрэтных герояў. Дзіўна, што гэтую ўвагу атрымала шмат персанажаў, што за гэты час змаглі раскрыцца шмат лёсаў і характараў – часам пункцірам, паўтонамі, паўсловамі, але з безпамылковай трапнасцю і эмацыйнасцю. Так, “У цэнтры ўвагі” заслужыў свой “Оскар”.

Ажно шэсць узнагарод на цырымоніі атрымала карціна “Вар’яцкі Макс: дарога лютасці” Джорджа Мілера – “Найлепшы дызайн касцюмаў”, “Найлепшы грым і прычоскі”, “Найлепшы мастак-пастаноўшчык”, “Найлепшы мантаж”, “Найлепшы мантаж гука”, “Найлепшае звядзенне гука”.

Адны з самых сінефільскіх часопісаў свету – французскае выданне “Cahiers du Cinéma” (тое самае, у якім працавалі Франсуа Труфо і Жан-Люк Гадар) і брытанскае “Sight & Sound” уключылі карціну ў свае Топ-10 і Топ-20 фільмаў 2015 года адпаведна. Скептыкам, што лічаць фільм занадта “мэйнстрымным”, варта прыгледзецца да карціны больш уважліва, у прыватнасці да мантажу і яго значэння. Увогуле ж, гэта паказальна, што ў астатнім намінанты на “Оскар” і фільмы з топаў ужо названых выданняў – некалькі светаў унутры аднаго віду мастацтва – амаль не перасякаюцца.

“Оскар” прыцягвае да сябе больш увагі, чым, скажам, Канскі ці Берлінскі кінафестываль, але толькі таму, што працуе з тым кантэнтам, што ўмее і жадае выкарыстоўваць сумежныя з кінематографам з’явы. Папулярнасць акцёраў, інтрыгі размеркавання прэмій (як было з Леанарда ДыКапрыа), гісторыі стварэння фільмаў – фішкі, якімі лёгка затрымаць увагу абывацеля. Абывацелю ў сваю чаргу трэба сачыць за тым, каб не страціць за шуміхай цікавасці да сэнсу фільмаў-удзельнікаў. Абмяркоўванне пераможцаў у самым разгары.

Усе шчасліўчыкі, адзначаныя Амерыканскай кінаакадэміяй у гэтым годзе:

Найлепшы фільм – “У цэнтры ўвагі” Тома МакКарці;

Найлепшы рэжысёр – Алехандра Гансалес Іньярыту;

Найлепшая актрыса –  Бры Ларсан за ролю ў фільме “Пакой”;

Найлепшы акцёр – Леанарда ДыКапрыа за ролю ў фільме “Легенда Хью Гласа”;

Найлепшы акцёр другога плана – Марк Райлэнс за ролю ў фільме “Шпіёнскі мост”;

Найлепшая актрыса другога плана – Алісія Вікандэр за ролю ў фільме “Дзяўчына з Даніі”;

Найлепшы арыгінальны сцэнарый – Джош Сінгер і Том МакКарці за сцэнарый фільма “У цэнтры ўвагі”;

Найлепшы адаптаваны сцэнарый – Чарльз Рэндальф, Адам МакКей за сцэнарый фільма “Ігра на паніжэнне”;

Найлепшы аператар – Эмануэль Любецкі за працу над фільмам “Легенда Хью Гласа”;

Найлепшы фільм на замежнай мове – венгерская карціна “Сын Саула” Ласла Немеша;

Найлепшы дызайн касцюмаў, Найлепшы грым і прычоскі, Найлепшы мастак-пастаноўшчык, Найлепшы мантаж, Найлепшы мантаж гука, Найлепшае звядзенне гука – “Вар'яцкі Макс: Дарога лютасці” Джорджа Мілера;

Найлепшыя візуальныя эфекты – “З машыны” Алекса Гарленда;

Найлепшы анімацыйны фільм –  “Галаваломка”;

Найлепшы дакументальны фільм – “Эмі” Азіфа Кападзіа;

Найлепшы кароткаметражны фільм – “Заіка”;

Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм – “Дзяўчына ў рацэ: Цана прабачэння”;

Найлепшы кароткаметражны анімацыйны фільм – “Мядзведжая гісторыя”;

Найлепшы кампазітар – Эніа Марыконэ за музыку да фільма “Агідная васьмёрка” Квенціна Таранціна;

Найлепшая песня – “Writing's On The Wall” з фільма “007: спектр”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».