Вы тут

Будаваць завод па перапрацоўцы батарэек пакуль не плануецца


Пра гэта расказаў начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ШАХЭМІРАЎ.


 Па словах эксперта, для будаўніцтва падобнага прадпрыемства трэба спачатку ацаніць аб'ёмы яго загружанасці. Каб работа завода была рэнтабельнай, трэба штогод збіраць не менш як 30 тысяч тон электронных элементаў сілкавання. Для Беларусі гэта лічба завялікая.

— Складанасці з утылізацыяй батарэек у нас існуюць, — зазначыў спецыяліст. — Раней мы працавалі з калегамі з Польшчы і Расіі, але з-за праблем рознага кшталту ўсё змянілася. Напрыклад, польскі бок патрабуе ад нас пэўных фізічных характарыстык: элементы сілкавання павінны быць без выдзяленняў электраліту, і іншае. У сваю чаргу, расійскія прадпрыемствы, з якімі мы працавалі, трапляюць у крымінальныя хронікі. Таму мы ўсё ж такі схіляемся да таго, каб у нас быў свой аб'ект невялікай магутнасці.

Па словах Андрэя Шахэмірава, у Беларусі хапае навуковых даследаванняў у сферы ўтылізацыі такіх адходаў, аднак вартасць і бяспеку распрацовак яшчэ трэба будзе ацаніць.

Аналагічная праблема складваецца і па пытанні перапрацоўкі небяспечных адходаў, такіх як пестыцыды. У Гомельскай вобласці існуе ўнікальны для постсавецкай прасторы комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных адходаў прамысловасці, такія прадпрыемствы раней планавалі пабудаваць у кожнай саюзнай рэспубліцы.

— Галоўная праблема якраз з нейтралізацыяй пестыцыдаў, — распавёў старшыня Савета Беларускага грамадскага аб'яднання «Экалагічная ініцыятыва» Юрый САЛАЎЁЎ. — Кошт пабудовы комплексу для гэтых мэт вагаецца паміж 50 і 60 мільёнамі еўра. Але ў Беларусі захоўваецца прыкладна 15-20 тысяч тон пестыцыдаў, гэтага мала. Рэнтабельным прадпрыемства будзе пры аб'ёмах у 35-40 тысяч тон за год. Таму зараз мы разглядаем магчымасць прыцягнення да будаўніцтва замежных інвестараў, каб комплекс у Гомелі меў статус рэгіянальнага.

Зацікаўленыя інвестары, у сваю чаргу, сутыкаюцца з заканадаўчымі абмежаваннямі — трансгранічнае перамяшчэнне пестыцыдаў забаронена нават у межах Мытнага саюза, таму прывозіць у Беларусь адходы з Расіі ці Казахстана для ўтылізацыі не атрымаецца. Тым не менш зацікаўленасць у праекце з боку інвестараў ёсць. У прыватнасці, адна з найбуйнейшых у свеце кампаній па ўтылізацыі смецця — Veolіa — гатова ўкласці грошы ў яго рэалізацыю. Вядуцца перамовы з кампаніямі Аўстрыі і Славеніі.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Перапрацоўка патрэбная. А чым сілкаваць?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.