Вы тут

Квэст па гісторыі ў Нацыянальным гістарычным музеі


Час не стаіць на месцы. А разам з ім змяняюцца і спосабы падачы інфармацыі, у тым ліку папулярызацыі нашага мінулага. Каб данесці веды па гісторыі да большай колькасці людзей, каб зрабіць гэта ў цікавай і неназойлівай форме, у Нацыянальным гістарычным музеі сумесна з кампаніяй Velcom распрацавалі квэст па гісторыі — гульню, што прадугледжвае пошук адказаў на пытанні, знаходжанне падказак у загадзя запланаваных арганізатарамі месцах.


Ка­рэс­пан­дэнт­ка «Звяз­ды» (у цэнтры) пад­час пра­хо­джан­ня квэс­ту па гіс­то­рыі.

Новая забаўка дапамагае лепш азнаёміцца з экспазіцыяй Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялаў, у запасніках якіх знаходзіцца найбольшая колькасць экспанатаў у параўнанні з іншымі музеямі краіны.

Пачынаецца дзея ў галоўным корпусе музея. Каб знайсці адказы на пытанні, даводзіцца скрупулёзна азнаёміцца спачатку з экспазіцыяй, прысвечанай старажытным часам, затым здагадацца, пра якія персаналіі вядзецца гаворка, дзякуючы прадметам і партрэтам, размешчаным у геральдычнай зале. Хтосьці можа падумаць, што развязка дзесьці блізка... Аднак тут толькі пачынаецца самае цікавае. Даводзіцца выходзіць за межы музея, блукаць па гістарычнай частцы сталіцы, зазірнуць у музей гісторыі беларускага кіно і ў былы дом масонаў — цяпер Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, — каб таксама знайсці там правільныя адказы і атрымаць магчымасць рухацца далей...

Квэст не патрабуе ад удзельнікаў выдатнага ведання гісторыі. Наадварот, шмат што можна адкрыць для сябе падчас праходжання гульні. Справіўшыся аднойчы з такой гульнёй, будзе нашмат прасцей праводзіць экскурсію па сталіцы для сваіх знаёмых — пэўная частка гісторыі Мінска складзецца ў адно лагічнае цэлае.

Гульня разлічана як на дзяцей, так і на дарослых — усім будзе цікава знайсці адказы, разглядваючы музейныя экспанаты ці блукаючы па вуліцах горада. Дарэчы, у найбліжэйшы месяц каманды журналістаў (нават са сваімі сем'ямі) могуць прайсці гэты квэст бясплатна. У будучыні ж паслугу, верагодна, можна будзе набываць у Нацыянальным гістарычным музеі, у межах пэўнай экскурсіі ці з квіткамі для наведвання розных філіялаў.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег РЫЖКОЎ адзначае:

— Летась у нашым музеі адкрылася інтэрактыўная прастора, што дапамагае выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя формы працы з дзецьмі розных узростаў. А новы квэст, мы ўпэўнены, зробіць наведванне музея яшчэ больш цікавым — як для малечы, так і для іх бацькоў. Ён дазваляе ў гульнявой форме агледзець пастаянныя экспазіцыі музея і яго філіялаў... Ствараючы гэтую гульню, мы ставілі сабе на мэце стымуляваць цікаўнасць і інтарэс да гісторыі Беларусі і Мінска паказаць, што ў гісторыі нашай краіны шмат займальных фактаў.

Заданні квэсту зроблены ў электроннай форме. Для таго каб атрымаць іх, трэба мець пры сабе мабільны тэлефон ці планшэт з аперацыйнай сістэмай Androіd ці ІOS. Прасканаваўшы спецыяльны код, удзельнік квэста атрымае на свой гаджэт першае заданне — як у гукавой, так і ў тэкставай форме. Пасля ўвядзення правільнага адказу адразу будзе з'яўляцца новае заданне і арыенцір на карце.

Варта дадаць, што разам з квэстам быў прэзентаваны другі нумар электроннага гістарычнага часопіса для дзяцей «Музейныя вандроўкі» — сумеснага праекта музея кампаніі Velcom. На гэты раз выданне прысвечана замкам Беларусі. Аповед у ім грунтуецца на экспанатах са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея. Дарэчы, першы нумар часопіса прагледзелі пяць тысяч чалавек.

Як бачым, гісторыя рухаецца: яна знаходзіць усё новыя шляхі да сэрцаў і розумаў сучаснікаў. Варта і нам не адставаць, адкрываючы для сябе тыя навінкі, што дапамагаюць лепш зразумець мінуўшчыну.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абысці ўсе музеі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.