Вы тут

Зорка мая Валянціна


...Бяда прыйшла, адкуль не чакалі: гарачым ліпеньскім днём 1981 года, купаючыся ў рацэ, я нырнуў і ўрэзаўся галавой у пясчанае дно. Яшчэ пашчасціла — людзі выцягнулі на бераг. Але медыцынскае заключэнне было, як прысуд: кампрэсійны пералом пазваночніка ў шыйным і грудным аддзелах з пашкоджаннем спіннога нерва, поўны параліч цела. Карацей, на той момант ніхто не мог абяцаць мне жыццё, бо з такімі дыягназамі ці не ўсе паміралі — хто адразу, хто трохі пазней. Вось і мне было адпушчана дзён шэсць ці сем — тыдзень.


Потым, калі ён мінуў (між зямлёй і небам), высветлілася, што нерв усё ж застаўся цэлы, і дактары сказалі маёй жонцы, што жыць я, хутчэй за ўсё, буду, але ж доля мая — ляжаць ці, у лепшым выпадку, сядзець у інваліднай калясцы.

Для 30-гадовага чалавека гэта жорсткі прысуд, але яго не абскардзіш.

Жонка ўзяла адпачынак за свой кошт, каб не проста наведваць мяне ў бальніцы, а хоць нечым дапамагаць.

«Адпачынак» гэты доўжыўся пяць месяцаў, якія мая Валянціна пражыла паміж двух агнёў: дома былі сыны (шасці і дзевяці гадоў), у бальніцы — я. Жонка паспявала ўсюды. Яна не раскісала і не плакала, заўсёды была хораша апранутай і акуратна прычасанай. Здаралася, праўда, што на вачах у яе выступалі слёзы, але гэта часцей ад фізічнага бяссілля, калі трэба было, напрыклад, шмат разоў згінаць і разгінаць мае паралізаваныя ногі і рукі альбо варочаць цела пры апрацоўцы пролежняў.

Яна, Валянціна, была маёй жонкай і маці, медсястрой і санітаркай, а яшчэ — трэнерам. Яна не магла змірыцца з прысудам медыкаў, яна хацела, каб я хадзіў.

Мы разумелі, што гэта цяжка, нават амаль немагчыма, але, з іншага боку, у нас наперадзе было цэлае жыццё, і мы шукалі тую саломінку, за якую — чаго б гэта ні каштавала — трэба ўчапіцца, каб нарэшце ўстаць!

Употай ад лекараў мы рабілі розныя практыкаванні, нават тыя, што яны забаранялі, што ўрэшце аказалася і патрэбным, і карысным. Я нанова вучыўся таму, чаму вучацца малыя дзеці — стаяць і хадзіць.

Пасля найцяжэйшых пяці месяцаў на бальнічным ложку, з першай групай інваліднасці, якую далі пажыццёва, мяне выпісалі дахаты і нават адвезлі на «хуткай», як ляжачага. Але ж трэба сказаць, што намаганні дактароў і жонкі былі не марнымі: пакрысе аднаўлялася адчувальнасць канечнасцяў, некаторыя рухі. І хоць наперадзе была невядомасць і вялікая праца, не згасала надзея ўстаць на ногі, пайсці.

Для гэтага трэба было не зазіраць у імглістую далеч, а дзейнічаць, прычым зараз. Мы казалі сабе, што няма ніякіх заўтра: дзень выратавання — сёння. Жыць цяжка, але можна, тым больш, калі ты не адзін.

Карацей... Праз шэсць месяцаў і пятнаццаць дзён пасля траўмы я пайшоў. Пайшоў адзін, без чыёйсьці дапамогі, без падтрымкі, нават без страхоўкі. Я хадзіў па кватэры ад акна да акна. Мяне не бянтэжыла непаслухмянасць маіх ног і рук. Галоўнае — быў пачатак!

...З таго часу праляцелі гады. 45 з іх мы з Валянцінай пражылі ў законным шлюбе, хоць, дарэчы, і без пярсцёнкаў... Тады, у лістападзе 1971-га, калі мы стваралі сям'ю, іх не дакупіцца было.

Але ж гэта хіба перашкода для маладых і шчаслівых? Мы проста кахалі і адно для аднаго былі гатовыя на ўсё. А самае галоўнае — мы цудоўна разумелі: каб нечага ў жыцці дамагчыся, трэба ўмець фармуляваць свае жаданні, адказваць за ўчынкі. І калі першыя дзесяць гадоў нашага сумеснага жыцця прайшлі ў агульных мэтах і клопатах, дык у наступныя, калі я стаў інвалідам, жонцы прыйшлося рабіць свой выбар — заставацца са мной ці, магчыма, расстацца. Ніякае багацце, апроч дзяцей, яе не трымала, дзяліць не было чаго. Яна магла б пайсці, але...

Яна вырашыла застацца.

Кажуць, трактар жалезны — і той не вытрымлівае моцнай нагрузкі, ломіцца, а вось чалавек... Жонцы, гіпертоніку, трэба, здавалася б, берагчы сябе, жыць у спакоі. Але так, на жаль, не атрымалася. Безліч нягод яна перанесла са мной. А потым трагічна загінуў наш малодшы 26-гадовы сын...

Ужо тройчы мая Валя сама апыналася між жыццём і смерцю, але ж, дзякаваць Богу, выжывала, не апускала рук — змагалася са сваімі хваробамі, магчыма, цудоўна разумеючы, што маё жыццё шмат у чым (калі не ва ўсім) залежыць ад яе.

Ніхто, нідзе і ніколі не навучыць чалавека жыць і кахаць. Гэтыя веды кожны набывае сам. Мая жонка здолела зразумець глыбіню гэтых паняццяў і цяпер дзеліцца «сакрэтамі» з сынам, нявесткай і ўнучкай. Яна кажа, што няма няшчасця, з якім нельга было б жыць, што многае, на першы погляд зусім немагчымае, можа потым стаць прывычным і нават лёгкім.

І сапраўды: не без горычы, не без болю прыняўшы крыж, які выпаў на долю нашай сям'і, мы вырашылі, што пражывём адведзены час, вызначаючы прынцып: «Шкадуй не пра тое, што Бог не даў, — цешся тым, што ён не адняў!»

А ў выніку...

«Ты шчаслівы, — часам кажуць мае знаёмыя, — табе адмысловая зорка свяціла!»

І я ім тады заўсёды адказваю: «Свяціла і свеціць — самым жывым святлом. Гэтая зорка — мая Валянціна, мая каханая жонка, дзякуючы якой я жыў і жыву!»

Валерый Васілеўскі, г.п. Глуск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.