Вы тут

Чым пагражае нявыплата аліментаў?


Нядаўна да нас з пытаннем звярнуўся чытач, якога цікавіла, ці прымяняюцца ў Беларусі ў дачыненні да правапарушальнікаў такія меры пакарання, як грамадскія і папраўчыя работы. Гэты запыт мы перанакіравалі да Веранікі БЕЛЕНЬКАЙ, старшага інспектара Цэнтральнага РУУС г. Мінска.


— У чым сутнасць гэтых пакаранняў?

— У сваёй рабоце я дзейнічаю ў двух кірунках: гэта грамадскія і папраўчыя работы. Паводле крымінальнага кодэкса, сэнс грамадскіх работ — у выкананні асуджанымі бясплатнай працы на карысць грамадству. Тэрмін падобнай меры — ад шасцідзесяці да двухсот сарака гадзін. Суд накіроўвае распараджэнне з копіяй прыгавору ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю для далейшага выкананання. Я стаўлю правапарушальніка на ўлік, а пасля размяркоўваю яго на працу, напрыклад, у жыллёва-эксплуатацыйную службу. Кожны тыдзень яны павінны адпрацаваць не менш за дванаццаць гадзін. Калі працуюць меней, ім выносяць афіцыйнае папярэджанне. Тры афіцыйныя папярэджанні з'яўляюцца падставай для завядзення крымінальнай справы, бо чалавек ухіляецца ад пакарання і замест грамадскіх работ назначаецца арышт. Нам вельмі важна, каб людзі працавалі, бо ў іншым выпадку пачынаюцца бойкі, п'янкі, крадзяжы... Праца робіць многіх дысцыплінаванымі.

Што тычыцца папраўчых работ, іх выконваюць ад шасці месяцаў да двух гадоў. У гэтым выпадку з заробку асуджанага ўтрымліваюць суму грошай, якая ўстаноўлена прыгаворам суда і складае не менш за адну базавую велічыню. Гэтыя грошы штомесяц павінны вылічваць з ягонага заробку.

— За якія злачынствы выносяць прыгавор у выглядзе грамадскіх і папраўчых работ?

— За тыя, якія не ўяўляюць вялікай небяспекі для грамадства. Напрыклад, нявыплата аліментаў, некаторыя дарожна-транспартныя здарэнні, дробныя крадзяжы... У мяне на ўліку стаяць пераважна мужчыны, але ёсць сярод іх і жанчына. Яна прысвоіла ў краме пакінуты чужы планшэт, але ўсё гэта зафіксавалі камеры відэаназірання. У выніку — шэсцьдзясят гадзін грамадскіх работ.

— І як яна адпрацоўвае сваё пакаранне?

— Працуе ў ЖЭСе. Прыбірае снег, смецце, старую лістоту. Саму працу для кожнага размяркоўвае майстар, і нашы падначаленыя не могуць адмаўляцца ад выканання сваіх абавязкаў. Пры адмове, як казала раней, выносяць папярэджанне. Многія з асуджаных маюць асноўную працу і адпрацоўваюць свае гадзіны ў вольны час: вечарам альбо ў выхадныя дні.

— А ці не звальняюць за падобныя правапарушэнні з працы?

— Мяркую, калі чалавек працуе ўжо доўга, добрасумленна выконвае абавязкі, яго звальняць не будуць. Наогул, скасаванне працоўных адносін адбываецца ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам нашай краіны. Хоць на працу аб правапарушэннях, безумоўна, паведамляюць.

— Ці ёсць акрэслены тэрмін, за які чалавек павінен выканаць усе свае гадзіны?

— Няма. У прыгаворы суда пазначаецца колькасць гадзін грамадскіх работ.

Якасць выкананай работы, прыход і сыход у сваім журнале адзначае якраз майстар. Кожны месяц я забіраю гэты табель, праглядаю яго, вяду статыстыку. Многія паводзяць сябе адэкватна, імкнуцца як мага хутчэй справіцца з дадатковай нагрузкай.

— А які самы складаны выпадак у вашай практыцы?

— Мінулай вясной папраўчыя работы праходзіла маладая дзяўчына, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў. З ёй было вельмі складана кантактаваць. Яна проста не была падрыхтаваная да працы і не хацела ёю займацца. Часта выпівала разам са сваім сужыцелем. Напачатку здавалася, што чалавек усё разумее, хоча змяніцца. Нават плакала, калі гутарка заходзіла пра дзіцё. Аднак як толькі сустракалася са сваім сябрам, усё пачыналася па-новаму.

— Вы ж сваіх «падначаленых» таксама наведваеце.

— Безумоўна. Але толькі ў тым выпадку, калі асуджаныя ўхіляюцца ад адбывання пакарання і іншым спосабам, як наведванне па месцы жыхарства, выйсці на кантакт з імі не атрымліваецца. Зразумела, я хаджу да іх не адна. І выпадкаў, калі б яны ставіліся да мяне з непавагай, не было. Фрывольнасцяў сабе не дазваляюць.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.