Вы тут

Як зацікавіць падлеткаў гісторыяй свайго краю?


Ра­ман Брод­ні­каў уз­на­га­ро­джа­ны за да­след­чую ра­бо­ту «Раз­віц­цё ка­валь­скай спра­вы».

Ці тымі рамёствамі, што спакон веку займаліся іх продкі? Або лёсам людзей, якімі можна ганарыцца? Ды проста — арганізаваць конкурс, што дае магчымасць больш даведацца пра знаёмую-незнаёмую спадчыну. Дарэчы, менавіта так — «Спадчына» — і называлася спаборніцтва, праведзенае Гомельскай абласной арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».


 

Абласны конкурс па патрыятычным выхаванні прайшоў трэці раз, і сёлета, у Год культуры, яго асноўнай тэмай стала захаванне культурных традыцый. За перамогу змагаліся больш за 200 навучэнцаў і выкладчыкаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны. Дзеці, якія атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці, і іх настаўнікі прадэманстравалі, наколькі шырокае кола іх інтарэсаў.

Напрыклад, Ігар Хадановіч, які вучыцца ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы, зрабіў сапраўднае навуковае даследаванне, прысвечанае гісторыі вышывання ў яго роднай вёсцы Дубавіца на Кармяншчыне. Хлопец пагутарыў з жыхаркамі свайго населенага пункта, якія і расказалі юнаку гісторыі, старанна занатаваныя ў даследчай працы.

«Вышыўка і ткацтва складалі адны з асноўных жаночых заняткаў, дзякуючы якім сям'я забяспечвалася адзежай і тканінамі. З успамінаў Петрачэнкі Таццяны Еўдакімаўны 1936 года нараджэння: «Зямлі тады было мала. Лён сеялі самі. Спачатку ткала мая маці, а ўжо ў 17-18 гадоў сама спрабавала ткаць. Вышывалі з ранняга дзяцінства, з 9-12 гадоў. У нас у Карме быў цэх. Мая цётка Аксіння, якая была брыгадзірам, так яна хадзіла ў Карму пешшу і прыносіла вышываць. Вышывалі касавароткі, сукенкі з узорамі, шмат чаго. Тканіну мы бралі з цэха. Гэта рабілі на заказ. Плацілі і да 5 рублёў. Па тых часах гэта былі добрыя грошы. Можна было за дзень вышыць некалькі кашуль: усё залежала ад складанасці ўзору».

Раней для атрымання каляровых нітак і тканіны выкарыстоўвалі натуральныя прыродныя фарбавальнікі. Дубовай карой, шалупіннем цыбулі тканіну фарбавалі ў карычневыя колеры, кара крушыны і алешыны і чорныя ягады бузіны давалі чырвоны колер, сцёблы малачаю, лісце крапівы — зялёны, васількі, браткі, спарыш — сіні. Для замацавання колеру карысталіся капусным расолам, кіслай сыроваткай ці настоем попелу».

Сваю навуковую працу Ігар заканчвае словамі адной з аднавясковак: «Толькі дзякуючы ткацтву і вышыўцы мы змаглі выжыць пасля вайны...»

Між тым, кожны з удзельнікаў мог выбраць тэму, якая блізкая менавіта яму і тычылася таго рэгіёна, дзе знаходзіцца ўстанова адукацыі або жыве навучэнец ці педагог. Выкладчыкі зрабілі свой значны ўнёсак і як вынік — адпаведныя намаганням узнагароды. Намеснік дырэктара Калінкавіцкага аграрна-тэхнічнага ліцэя Канстанцін Іванін, разбяр-віртуоз па сумяшчальніцтве, прадэманстраваў «Другое жыццё дрэва» і атрымаў заслужаны гран-пры.

У намінацыі «Край, у якім я жыву» вышэйшая ўзнагарода дасталася Гомельскаму каледжу народных мастацкіх рамёстваў. Дыпломамі былі ўзнагароджаны сем устаноў прафтэхадукацыі ў конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А аўтарам лепшай творчай работы прызнаны навучэнец Светлагорскага індустрыяльнага каледжа Валерый Алексашоў. Яго эсэ, напісанае на беларускай мове, таксама неабходна працытаваць:

«Пішу пад свежымі ўражаннямі ад сустрэчы з ветэранам вайны. У клас увайшоў чалавек каля дзевяноста гадоў. Усе падняліся, прывіталіся. І пачалася размова. Уразіў закалены дух сапраўднага героя, які мужна абараняў наш родны край, нашу палескую краіну, наш родны горад. «Падчас расправы быў паранены ў галаву. Заліваючыся крывёй, нерухома ляжаў на снезе і бачыў такое, што забыць ужо не змагу ніколі, — расказваў госць Тарас Каляснёў. — Вось вядуць чарговую групу маіх аднавяскоўцаў, чалавек сорак, сярод іх пазнаю жонку і дзяцей. Жонка з малодшым сынам ідзе ззаду. Азіраецца, пэўна, шукае мяне. За метраў дваццаць, на кургане, стаіць нізенькі тоўсты афіцэр. Ён увесь час нешта крычыць. Канвойныя кінуліся ў бакі ад людзей і пападалі ў снег — афіцэр у той час шпурнуў гранату ў натоўп».

Цікава чытаць разважанні гамяльчаніна Максіма Гусакова, які вучыцца ў Гомельскім каледжы-філіяле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Пятнаццацігадовы падлетак зацікавіўся гераічным лёсам Барыса Царыкава, у гонар якога названая адна з вуліц абласнога цэнтра. А пачалося ўсё так:

«Вучуся ў каледжы, а па вечарах з сябрамі рэжуся ў «танчыкі», часам — у «Авіяналёт», увогуле, усё як ва ўсіх: звычайны горад, бацькі, вучоба, комп, часам — вылазка ў кіно. Самы вялікі стрэс для мяне — гэта сітуацыя «забыўся мабільны дома». Усё так і было да апошняга моманту. Пакуль мой дзед не кінуў фразу: «Падумаеш, мабільнік ён забыўся, а ты паспрабуй, як Царыкаў, здзейсніць подзвіг». У выніку, чытаю гісторыю Барыса Царыкава, Героя Савецкага Саюза... Чытаю і разумею, што Боры ўсяго было 15, калі ён страціў бацьку, а маці з малодшым братам забралі гітлераўцы. Усяго 15, калі ў яго на вачах забілі роднага дзеда і ён збег у партызанскі атрад. Усяго 16, калі ён стаў разведчыкам і атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Усяго 16, калі ў кастрычніку 1943-га зусім хлапчуком некалькі разоў пераплываў ледзяныя воды Дняпра каля роднага горада Лоева, здабываючы неабходныя звесткі пра праціўніка, рызыкуючы жыццём. Дзякуючы чаму быў паспяхова фарсіраваны Дняпро, і Барыс узняў Чырвоны сцяг на вызваленай тэрыторыі. Але, на жаль, 13 лістапада 1943 года хлопца не стала».

І хто цяпер скажа, што ў нас дрэнная моладзь? Дарэчы, дзякуючы ў тым ліку праведзенаму конкурсу, дзеці пачалі глыбей асэнсоўваць свет.

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Парошын адзначае важнасць мерапрыемства для развіцця патрыятычнага выхавання моладзі:

— Фарміраванне правільнага стаўлення да гісторыі, матэрыяльнай спадчыны, удзел у работах дазваляе выхоўваць у маладых людзей такія якасці, як любоў да радзімы, сваіх блізкіх, садзейнічае паразуменню паміж пакаленнямі.

— Яны хочуць рэалізавацца ў гэтым свеце, — падкрэслівае і намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Наталля Мамрукова. — Акрамя таго, што падлеткі, удзельнікі нашага конкурсу, атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці, яны вельмі зацікаўленыя і творчыя людзі. І некаторыя свае ўнікальныя здольнасці змаглі прадэманстраваць дзякуючы арганізаванаму спаборніцтву.

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Спадчына, якая вабіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».