Вы тут

У замку Радзівілаў, або Гісторыя вечнага кахання


Містычныя гісторыі і таямніцы... Яны прыцягваюць нас і праз стагоддзі. Цікавыя мясцовыя легенды можна пачуць у кожным рэгіёне. Напрыклад, пра Радзівілаў — вялікі беларускі княжацкі род — гісторый сабралася столькі, што з'явіўся нават цэлы мюзікл «У замку Радзівілаў, або Гісторыя вечнага кахання». Я пагутарыла пра яго з адным са стваральнікаў — сцэнарыстам і рэжысёрам Таццянай Міхайлаўнай СІНКЕВІЧ.


Аў­та­ры і вы­ка­наў­цы мю­зік­ла пас­ля прэм'­е­ры.

Мюзікл складаецца з дзвюх частак. У першай распавядаецца пра гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста — караля Польшчы і ВКЛ. Як мы ведаем, Барбара была атручаная. Існуе легенда, што Чорная дама (яна ж Барбара) дагэтуль ходзіць па Нясвіжскім замку ў пошуку вечнага спакою. Далей галоўныя героі спускаюцца на зямлю, дзе адбудзецца баль кахання. На яго запрошаны не толькі Барбара і Жыгімонт, але і іншыя вядомыя гістарычныя пары: Рамэа і Джульета, Арфей і Эўрыдыка, Дон Кіхот і Дульсінея.

А потым мы трапляем у сучасны свет... У адным з тэатраў сустракаюцца маладыя таленавітыя акцёры, якія выконваюць ролю закаханых, але мы даведаемся аб іх любоўнай сувязі і ў рэальным жыцці.

— Ідэя мюзікла стала блізкай шмат якім оперным спевакам, думаю, менавіта таму акцёрскі склад быў такім моцным: Уладзімір Громаў (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь), Таццяна Гаўрылава («зорка» опернага тэатра), Вольга Сотнікава (лаўрэатка міжнародных прэмій). Упершыню ён быў паказаны на сцэне Вялікай залы філармоніі і выклікаў сапраўдны фурор!

— Як вы думаеце, чаму мюзікл так захапіў акцёраў?

— Мне падаецца, што з-за сюжэта і выдатнай музыкі Ганны Казловай. Яна з роду Глінкі! Працуе ў розных жанрах. Эксперты ў галіне музыкі, якія рэгулярна наведваюць канцэрты Ганны Маратаўны, кажуць: «Прафесіяналка! Беларускі Чайкоўскі!»

Рэпетыцыі перад прэм'ерай праходзілі, дзе толькі магчыма: і дома ў Ганны Казловай, і дома ў акцёраў, і ўдзень, і ўначы... Мы працавалі на такім энтузіязме! Я ганаруся, што мне з Ганнай Маратаўнай удалося стварыць якасны айчынны мюзікл.

— Што змянілася за чатыры гады?

— Склад акцёраў, задзейнічаных у мюзікле, памяняўся на 70 працэнтаў. З мінулага года ў нас на праекце змяніўся рэжысёр — ім стаў Ігар Пятроў з тэатра Янкі Купалы. Кожны чалавек прыўносіць нешта новае! Вось і паглядзім, што атрымаецца сёлета. Нас запрашаюць выступаць на розных пляцоўках Мінска кожны год. Спадзяюся, што новая сустрэча з творам не расчаруе!

— Скажыце пра самае галоўнае, што вы хацелі данесці да гледача.

— Сённяшняе разуменне кахання зусім іншае: цяпер ніхто не хоча ахвяраваць сабой дзеля сваёй палавінкі, ісці на ўступкі, здзяйсняць подзвігі! Вось пра гэта і спектакль: як трансфармуецца каханне... Ці такое ж яно, як было тады? Хутчэй за ўсё, не, але нешта галоўнае, тое, што мы называем гэтым словам, застаецца і захоўваецца і праз стагоддзі. Глядзіце на каханне сур'ёзней! Гэта далікатнае трапяткое пачуццё. Чытайце кнігі, бо менавіта адтуль мы і павінны браць прыклад!

Арына АРЛОВА, вучаніца 10 класа гімназіі №3 г. Мінска

Загаловак у газеце: Баль кахання, або Гісторыя вечнага пачуцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?