Мы даўно прызвычаіліся да выразу «попыт нараджае прапанову» і «з радасцю» засвоілі гэтае правіла. «А што ж тут не так? Лагічная схема!» — напэўна, прамовіць хто-небудзь. «А галоўнае — добра знаёмая», — так і хочацца дадаць. Але сур'ёзнай размовы не будзе. Расповед — пра магчымасці.
Дакладней, пра магчымасць-прапанову, дзеля якой было створана адзінае ў сваім родзе чытацкае выдавецтва «Бярозка». Цяпер кожны, каму трапіць у рукі аднайменны часопіс, можа самастойна стварыць кнігу. Штомесяц, пачынаючы са студзеня, у «Бярозцы» друкуецца аповесць-канструктар — спецыяльныя старонкі, якія зручна прыстасоўваць адну да адной, а сабраўшы, атрымаць поўную друкаваную версію новага літаратурнага твора маладога аўтара — і стаць... незалежным выдаўцом.
Чытацкае выдавецтва «Бярозка» сваім першым творам «убачыла» фантастычную аповесць Аліны Длатоўскай «Арнаменты». На яе напісанне аўтарку натхніла незвычайнае месца: «стары хутар у Валожынскім раёне, які мае абсалютна неверагодную энергетыку».
«Усё дзяцінства я правяла там, як у казцы. Для мяне Лясун, Хатнік ды іншыя фантастычныя істоты не такія ўжо нерэальныя. Я даўно хацела напісаць твор пра беларускую міфалогію — яна вельмі незвычайная, своеасаблівая, захапляльная...» — расказвае Аліна Длатоўская ў інтэрв'ю для лютаўскага нумара часопіса «Маладосць».
Таямнічыя суполкі, Унутраны і Знешні свет, адказ на пытанне «Што трэба рабіць, каб трапіць пад Купал?» і шмат іншага незямнога можна сустрэць у «Арнаментах». А таксама філасофскія разважанні і пошукі адказаў на далёка не падлеткавыя пытанні. «Сямнаццатае лета ў жыцці абяцала прайсці паўз яе, як праходзяць незнаёмыя людзі. Куды яны ідуць? А колькі з тых, што разам з ёю чакаюць аўтобуса, ведаюць, чаго яны чакаюць ад жыцця? І ці можна ўвогуле да чагосьці прыйсці? Ці кожны проста ідзе, пакуль не ўпадзе, ствараючы па дарозе сям'ю, кар'еру, непрыемнасці і такіх самых бязмэтных істот, як сам? Тады які сэнс ісці? Не, не можа быць усё так проста. Сусвет не губляў бы энергію на такую колькасць бязмэтных істот. Значыць, яны ўсе тут з пэўнай мэтай. Але з якой?»
Пытанне, на якое вельмі важна знайсці адказ, што і спрабуе рабіць адзін з персанажаў аповесці. Адказ сапраўды існуе. Яго кожны чалавек шукае асабіста. А чытацкае выдавецтва «Бярозка» прапануе магчымасць пачаць пошук, самастойна ствараючы сапраўдную кнігу.
«А як жа попыт?» — напэўна, спытае хто-небудзь. Галоўнае, каб быў попыт на адказ...
Юлія ВАЎЧОК
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.