Вы тут

У Мінску прадставілі найлепшыя праекты юных вынаходнікаў


Нядаўна ў сталіцы чарговы раз прайшоў фінал штогадовага навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў «Belarus Scіence and Engіneerіng Faіr» (BelSEF). Спаборніцтва па сутнасці з'яўляецца нацыянальным адборам да вялікага міжнароднага форуму «Іntel Іnternatіonal Scіence and Engіneerіng Faіr», які ў маі пройдзе ў амерыканскім Фініксе. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведалі мерапрыемства і пазнаёміліся з лепшымі праектамі беларускіх школьнікаў і навучэнцаў.


Ка­ман­да пра­ек­та SenseDrіve і іх ро­бат-ава­тар.

...Па падлозе павільёна раз'язджае невялікая платформа з прымацаванай да яе... рукой. Вядома, канечнасць штучная — гэта робат, створаны хлопцамі з праекта SenseDrіve. Здавалася б, каго можна здзівіць маніпулятарам, няхай сабе і чалавекападобным? Але галоўная «фішка» вынаходніцтва ў іншым — рукой і платформай кіруе аператар пры дапамозе віртуальных акуляраў. Атрымліваецца такі сімбіёз робататэхнікі і прынцыпаў віртуальнай рэальнасці. «Кіроўца» быццам бы ўсяляецца ў корпус машыны і бачыць усё яе «вачыма».

— Да стварэння робата мяне падштурхнула само жыццё, — распавядае навуковы кіраўнік праекта, супрацоўнік кампаніі CactusSoft Раман ЦІТОЎ. — Справа ў тым, што мая мама жыве ў Магілёве, а сам я працую ў Мінску. Яна ўжо на пенсіі, таму пастаянна быць побач з ёй не атрымліваецца. Нават зрабіць элементарную рэч — падаць таблеткі — не магу. Робат жа можа стаць маім «аватарам», які заўсёды знаходзіцца паблізу маці. Мне дастаткова надзець акуляры, «тэлепартавацца» ў Магілёў і ўбачыць з яго «кабіны», што адбываецца дома.

Рэалізацыяй задумы займаліся дзевяцікласнікі сталічнай гімназіі №50 Максім Клімовіч, Антон Паграбенка і Аляксей Русакоў. Хлопцы кажуць, што варыянт, які існуе, — гэта толькі прататып. Самае простае, што можа рабіць машына, — паўтараць за аператарам усе рухі яго пальцаў і перамяшчацца ў прасторы. Але ўжо ёсць матэматычныя рашэнні для таго, каб надаць робату сапраўды сур'ёзны функцыянал: ён зможа рухаць і локцевым суставам, падымацца на вышыню чалавечага росту і іншае.

У перспектыве можна стварыць сапраўднага антрапаморфа, які цалкам будзе паўтараць знешні выгляд чалавека і зможа рабіць усё тое ж, што і яго аператар.

Былі на выставе і праекты, якія могуць прыносіць плён «тут і цяпер». Так, напрыклад, навучэнка 9 класа Старобінскай сярэдняй школы Дар'я ЗАЛЕСКАЯ стварыла новую сумесь для папярэджання лясных пажараў — эказол «Тры мядзведзі». Галоўная вартасць распрацоўкі — яе абсалютная экалагічнасць, бо аналагі, якія існуюць, моцна шкодзяць навакольнаму асяроддзю. Безумоўна, улічваўся і эканамічны аспект — аўтарка імкнулася зрабіць сумесь таннейшай за аналагі.

Рас­пра­цоў­ка Да­р'і За­лес­кай са Ста­ро­бі­на  мо­жа ўра­та­ваць не ад­но дрэ­ва.

— Мы правялі шэраг эксперыментаў для таго, каб знайсці найбольш удалы хімічны састаў, — распавядае Дар'я. — Ім аказалася сумесь сасновага пілавіння, апрацаванага казеінавым клеем, з тарфяным попелам у суадносінах 1 да 2. Сабекошт аднаго кілаграма склаў 16,5 тысячы рублёў. Небяспечныя аналагі, якія ўтрымліваюць фосфар і алюміній, каштуюць каля паўмільёна за такую ж колькасць. У лабараторных і палявых эксперыментах новы інгібітар перашкаджаў гарэнню не горш за існуючыя.

Цяпер стваральнікі думаюць пра ўкараненне распрацоўкі. Дар'я мяркуе, што сумесь можна было б прадаваць у наборах разам з вуголлем і палівам для вогнішчаў, якія людзі набываюць для адпачынку на свежым паветры. Калі адмежаваць ачаг палоскай з новага інгібітару, пра магчымае ўзгаранне можна не хвалявацца.

Праектам ужо зацікавілася Старобінскае лясніцтва — мяркуецца, што сумессю можна будзе пасыпаць супрацьпажарныя разоры ўздоўж дарог.

Навучэнка жодзінскай гімназіі №1 Аляксандра КАХАВЕЦ прапанавала праект «Экалагічны шлях развіцця сучасных гарадоў».

— Мы стварылі эканамічную і эфектыўную сістэму азелянення дахаў, якая мае ўласную сістэму паліву, — кажа аўтарка. — Акрамя гэтага, склалі спіс шматгадовых раслін, якія можна вырошчваць у такіх умовах. Скажам, расходнік, пырнік, аўсяніцу, мятліцу і іншыя. Разам з архітэктарамі высветлілі, што ў нашым горадзе такія пасадкі можна размясціць на 70% дамоў.

Найбольш эфектыўнай для азелянення будзе аснова з некалькіх слаёў: керамзіту, глебы і льняной тканіны. Асаблівы прадмет гонару стваральнікаў — аўтаматычная сістэма паліву, якая спрацоўвае, калі лён пад глебай высыхае. Такім чынам дасягаецца эканомія вады. Яшчэ адзін плюс — эканомія на электраэнергіі і ацяпленні апошніх паверхаў будынкаў, бо «зялёны дах» працуе як коўдра.

Пра­пе­ле­ра­лёт  Аляк­сея Ба­ры­се­ві­ча —  не чар­го­вы квад­ра­коп­тар,  а ўні­каль­ная рас­пра­цоў­ка.

Увогуле, цікавых праектаў на конкурсе хапала. Адзінаццацікласнік Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Аляксей Барысевіч стварыў гібрыд самалёта і верталёта — прапелералёт. Машына ўзнімаецца ў паветра вертыкальна, пасля чаго пераходзіць у рэжым разгону і ляціць ужо гарызантальна. Сістэма дазваляе адмовіцца ад даўжэзных узлётных палос, захоўваючы звыклую для самалётаў хуткасць. Ужо гатовы і прататып, які знаходзіцца ў стадыі дапрацоўкі. Пакуль машыне цяжка перайсці ад вертыкальнага да гарызантальнага руху, але аўтар абяцае найбліжэйшым часам вырашыць праблему. Дарэчы, прадстаўляць Беларусь на конкурс Іntel ІSEF у ЗША адправяцца і Аляксей Барысевіч, і Дар'я Залеская.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Патушыць пажар... пілавіннем

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.