Вы тут

«Папулярная навука па-беларуску» — праект на роднай мове


Пасля заканчэння школы я неверагодна радавалася таму, што мне больш ніколі не прыйдзецца вучыць фізіку. Але мінула тры гады — і я слухаю лекцыі па гэтай дысцыпліне. Побач са мной сядзяць школьнікі з бацькамі, студэнты, пенсіянеры. Нас, такіх розных, аб'яднала «Папулярная навука па-беларуску» — праект студэнткі 5 курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Анастасіі Палтаржыцкай. Нагодай для яго стварэння стала цікавасць дзяўчыны да роднай мовы.


Ры­гор Ру­сец­кі і Анас­та­сія Пал­тар­жыц­кая па­каз­ва­юць, як дзей­ні­чае эфект усмокт­ван­ня.

— У мінулым годзе я толькі пачынала размаўляць па-беларуску, таму знаходзілася ў пастаянным пошуку людзей, з якімі магла б практыкавацца ў маўленні. Так выпадкова пазнаёмілася з прадстаўнікамі грамадскага аб'яднання «Знайдзі сваіх», якія займаюцца арганізацыяй беларускамоўных праектаў. Пэўны час я проста прыходзіла на іх мерапрыемствы, а аднойчы яны прапанавалі прыдумаць што-небудзь сваё. Паколькі я добра ведаю фізіку і ў мяне шмат знаёмых, таксама апантаных гэтай навукай, з'явілася ідэя арганізаваць лекцыі па-беларуску, — расказвае Насця.

Для таго, каб ажыццявіць праект, студэнтцы давялося зрабіць нямала: знайсці матэрыялы і перакласці іх на родную мову, прадумаць планы заняткаў, але самае складанае — адшукаць цікавых і аўтарытэтных лектараў, якія змаглі б гаварыць па-беларуску.

— Першыя лекцыі «Папулярнай навукі» адбыліся ў мінулым сакавіку. Прыгадваю іх і разумею, што яны дужа адрозніваюцца ад тых, што я ладжу сёння. Цяпер усё больш прадумана, структуравана. Аднак прыемна, што ёсць слухачы, якія прыходзяць на заняткі з таго самага часу. Менавіта гэтыя людзі ўвесь час дапамагаюць развівацца нашаму праекту, падказваюць, што можна было б дадаць, што змяніць, а ад чаго ўвогуле лепш адмовіцца.

«Ка­лі рых­ту­ю­ся да лек­цый, заў­сё­ды  ад­кры­ваю для ся­бе неш­та но­вае», — ка­жа На­сця.

Перад пачаткам восеньскага сезону лекцый студэнтка стварыла суполку ў сацыяльных сетках, якая называецца «Навука на балоце», дзе можна знайсці шмат навуковых фактаў, жартаў і анонсаў мерапрыемстваў па-беларуску, а таксама задаць пытанні адносна заняткаў.

Насця намагаецца зрабіць кожную лекцыю асаблівай, не падобнай на астатнія. Тлумачыць гэта тым, што важна, каб тэорыя абавязкова падмацоўвалася эксперыментамі, інакш людзі, не звязаныя з фізікай, наўрад ці зацікавяцца. Дзяўчына прызнаецца, што хоць і вучыцца на пятым курсе факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, кожны раз у час падрыхтоўкі лекцый адкрывае для сябе нешта незвычайнае, глядзіць на простыя рэчы па-новаму.

На апошніх перадсвяточных занятках навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Рыгор Русецкі паказаў, як пры дапамозе закону Архімеда праверыць, ці не падманулі вас у ювелірнай краме і ці сапраўднае золата прадалі, і стварыў «халадзільнік» са звычайнай вады і салетры. «У тэлеперадачах часта кажуць: «Не спрабуйце паўтараць гэта ў хатніх умовах», а мы, наадварот, раім паўтараць нашы эксперыменты дома! — кажа з усмешкай Рыгор і дадае: — Увогуле, на большасць з іх нас натхняюць жыццёвыя сітуацыі».

За час існавання «Папулярнай навукі» Анастасія Палтаржыцкая выпрацавала ўласныя «фішкі» паспяховасці лекцый:

— Паміж выступоўцам і слухачамі павінен быць дыялог.

Каб матываваць прысутных на ўзаемадзеянне, за кожны правільны адказ на пытанне мы даём зялёны яблык, які ўжо стаў сімвалам нашых заняткаў.

Акрамя гэтага, аніводны эксперымент не абыходзіцца без удзелу людзей з залы.

Уваход на лекцыі вольны. Падрабязнасці шукайце ў суполцы «Навука на балоце» на сайце http://vk.com.

Ганна КУРАК, студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Паўтарайце нашы эксперыменты дома!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».