Вы тут

Нацыянальны касплэй


У апошнія гады мода на беларускае пачала вяртацца. Але ёсць тыя, хто справе вывучэння і прасоўвання роднай культуры аддае ўвесь свой вольны час ужо на працягу многіх гадоў. У якасці прыкладу можна прывесці гомельскую маладзёжную краязнаўчую арганізацыю «Талака», якая існуе з 1986 года, і яе кіраўніка Яўгена МЕРКІСА.


— Яўген, як вы трапілі ў «Талаку»?

— З дзяцінства я вельмі цікавіўся гісторыяй, асабліва захапляўся старажытнымі Грэцыяй і Рымам. У выніку паступіў на гістфак БДУ. Вядома, цікавіла мяне і наша мясцовая гісторыя. І чым больш пра яе даведваўся, тым больш разумеў, што ў ёй хапае «белых плям». Гэта вельмі добра заўважна па маім родным Гомелі.

У «Талаку» мяне прывялі сябры ў 2009 годзе. Прывабіў яе краязнаўчы бок, а потым высветлілася, што ёсць і фальклорна-этнаграфічны — той самы «экшн», які заўжды прыцягвае людзей. Атрымліваецца такі беларускі касплэй, толькі пераапранаемся мы не ў адзенне герояў поп-культуры, а ў нацыянальныя строі, каб паглыбіцца ў мінулае. Так супала, што калі я прыйшоў, змянялася кіраўніцтва і мяне абралі новым старшынёй. Я займаўся сацыяльнымі сеткамі, інтэрнэтам, што было яшчэ дастаткова новай з'явай. Можа быць, убачылі мой патэнцыял.

— Колькі чалавек супрацоўнічае з арганізацыяй цяпер і чым яны займаюцца?

— Афіцыйна ў нас зарэгістравана каля 25 членаў, але ёсць і «пазаштатнікі». Адно з самых буйных нашых мерапрыемстваў — Купалле — штогод збірае 50-80 чалавек, думаю, на гэту лічбу і можна арыентавацца.

Ёсць некалькі кірункаў працы. Першы — гісторыка-краязнаўчы. Спрабуем даследаваць наша мінулае і даносіць інфармацыю да людзей праз сайт, сацыяльныя сеткі, ладзім публічныя лекцыі і вечарыны, прысвечаныя нейкім гістарычным падзеям. Раней актыўна здымалі краязнаўчыя фільмы. Другі — фальклорна-этнаграфічны, пра які я ўжо трохі казаў. Гэта арганізацыя экспедыцый для збору і аднаўлення нематэрыяльнай спадчыны. Адзначаем большасць свят абрадавага года, у тым ліку некаторыя ўнікальныя, скажам, жаніцьбу коміна (а не Цярэшкі) — сакральны абрад першага восеньскага прапальвання коміна ў хаце. І трэці кірунак — грамадска-асветніцкі. Праводзім супольныя вечарыны, тусоўкі, супрацоўнічаем з іншымі ўстановамі і праектамі.

— Як думаеце, што вабіць моладзь у мінуўшчыне?

— Нельга сказаць, што гэтым цікавяцца толькі гісторыкі. Звычайна новыя людзі трапляюць да нас праз сваіх сяброў. Нехта кажа: «Давай з'ездзім на Гуканне вясны, гэта цікава». Чалавек пагаджаецца, а ўжо потым пачынае сам уцягвацца. З іншага боку, некаторым людзям проста цікава даведацца больш пра сваю гісторыю, пра якую, я лічу, мала распавядаюць у сучасных медыя. Уявіце: у нас дагэтуль застаюцца актуальнымі этнаграфічныя экспедыцыі, хоць на Захадзе знік сам тэрмін. Там кажуць, што ўжо няма чаго збіраць, варта толькі асэнсоўваць. А маладым гэта даспадобы — паехаць у глухую вёску запісваць фальклор і абрады. Непачаты край для магістарскіх і доктарскіх!

Дарэчы, шмат у каго такое хобі перарастае ў нешта большае. Напрыклад, талаковец Пятро Цалка цяпер узначальвае Гомельскі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. За гэты час ён зрабіў з музея сапраўдную «цукерку»: там увесь час адбываюцца цікавыя майстар-класы, выставы. З арганізацыі выйшла нямала вядомых журналістаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў...

— Ці шмат у традыцыях Гомельшчыны адрозненняў ад агульнабеларускіх?

— Тут велізарныя магчымасці для вывучэння самых розных з'яў у беларускай культуры. Па-першае, ёсць чароўны край пад назвай Палессе. З іншага боку, мы «чапляем» Падняпроўе, таксама вядомае сваімі традыцыямі. Побач мяжа з расійскімі і ўкраінскімі тэрыторыямі. Таму маем у адным месцы фактычна паганскі абрад «Пахаванне стралы», а за пару дзясяткаў кіламетраў — традыцыі праваслаўных старавераў, якія перапляліся з мясцовымі.

— Як, па-вашаму, трэба сёння папулярызаваць беларускае?

— Найперш абавязкова — працаваць з установамі адукацыі. У Гомелі ў ранейшыя часы была вельмі моцнай традыцыя дзіцячага калядавання. Для мяне ў свой час стала сюрпрызам, што ў Мінску гэтага няма. У нашым горадзе, калі за вечар праз тваю кватэру «па цукеркі» не прайшло 15-20 груп дзяцей, ты пачынаў хвалявацца. Шкада, але гэта паволі знікае — сёлета да мяне завітала, можа, пяць такіх кампаній. Чаму б кожнай школе не захоўваць набор беларускіх абрадаў ці песняў? Іх можна было б выконваць па пэўных датах, а ў галовах дзяцей гэта засталося б на доўгі час...

«Талака» спрабуе асвойваць і новыя фарматы. Пару гадоў таму мы зрабілі альтэрнатыўную карту Гомеля: самі выбралі легенду і адлюстравалі тое, што палічылі патрэбным. Напрыклад, гістарычныя славутасці і нават мары, кшталту гомельскага метро. Вялікім поспехам цяпер карыстаюцца нашы веласіпедныя экскурсіі, трэба працягваць і гэту практыку.

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Гомель — Мінск

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».