Вы тут

Пра карысць дэбатаў у жыцці


Быць сапраўдным дэбацёрам — гэта здолець разабрацца ў любой геапалітычнай, эканамічнай ці сацыяльнай праблеме за 30 хвілін. Вучаніца 11-га класа сталічнай гімназіі №7 Уладзіслава СЕНКЕВІЧ, удзельніца некалькіх міжнародных турніраў, гаворыць, што падчас дэбатаў раскрываецца сапраўдны інтэлект апанента.


Паў­фі­на­ліс­ты во­сень­ска­га тур­ні­ру.

Для таго, каб удзельнічаць у дэбатах, вам спатрэбяцца дзве каманды, таймкіпер, які будзе сачыць за часам, і некалькі суддзяў. Традыцыйна каманда складаецца з трох чалавек. Перад гульнёй лёсаванне вырашае, хто гуляе «за», а хто «супраць».

Першы гулец агучвае «кейс» — тэкст з аргументамі наконт пэўнай праблемы. Ён можа быць загадзя падрыхтаваны ці не, у залежнасці ад правілаў турніру. Некаторыя спаборніцтвы праходзяць толькі па вядомай тэме. На іншых ёсць раўнд, дзе прадмет абмеркавання называецца за паўгадзіны да гульні. І каманда павінна за гэты час знайсці доказы для сваёй пазіцыі.

— Найбольш складаны турнір за час маёй дэбацкай кар'еры быў у Славакіі, — гаворыць Уладзіслава. — Тэма была сфарміраваная наступным чынам: «Этнічныя меншасці, чые правы не парушаюцца, не абавязкова павінны ствараць сваю дзяржаву». Гэта быў мой першы выязны турнір. Прыйшлося шмат рыхтавацца, чытаць палітычныя артыкулы. Было вельмі цяжка, але, нягледзячы на гэта, мы ўзялі трэцяе месца. На гэтым жа турніры ў якасці непадрыхтаванай прапанавалі тэму «Нацыянальныя спартыўныя зборныя не павінны прымаць іншаземцаў». Калі б мы зусім не цікавіліся навінамі на гэтую тэму, перамагчы было б немагчыма. Але ў нашай камандзе кожны нешта ведаў аб розных відах спорту, і за паўгадзіны мы змаглі падрыхтаваць добрыя аргументы.

Пасля кожнага выступоўцы ёсць невялічкі раўнд для пытанняў-адказаў. А потым гучыць прамова апанентаў. Рэагаваць трэба хутка. Суддзі ацэньваюць аргументаванасць, падачу і якасць гаворкі. Часу на напісанне тэксту няма, таму трэба быць сканцэнтраваным і не губляць ніці паведамлення.

— Дэбаты — гэта бясцэнны вопыт. Яны вучаць думаць у крытычных сітуацыях. Часта такія навыкі патрэбныя і на звычайных школьных занятках. Напрыклад, калі трэба напісаць эсэ па нейкім філасофскім пытанні па грамадазнаўстве. А ў жыцці дэбацкія навыкі дапамагаюць аргументавана перамагаць у спрэчках. Наогул, трэба пратрымацца толькі трое заняткаў, пакуль не асвоішся, а потым ужо сысці немагчыма. Тут абсалютна не мае значэння твой сярэдні бал у школе ці адзнакі. На дэбатах раскрываецца менавіта інтэлект, які сфарміраваны ведамі і жыццёвым досведам. Напрыклад, адразу відаць, хто сочыць за навінамі, а хто не. Дэбацёр у залежнасці ад тэмы павінен быць і навукоўцам, і інжынерам, і эканамістам — валодаць інфармацыяй з самых розных сфер. Гэта неверагоднае пашырэнне кругагляду.

Бе­ла­ру­сы на чэм­пі­я­на­це ў Ры­зе.

У Беларусі ёсць некалькі вельмі моцных дэбатных клубаў. У Мінску, у першую чаргу, гэта клубы гімназіі №7 і Мінскага Палаца моладзі пад кіраўніцтвам Алены Стэфановіч. На базе гімназіі восенню штогод праходзіць міжнародны турнір. Апошнім разам ён сабраў каля 40 каманд з розных краін. Традыцыйна на яго прыязджаюць дэлегацыі з Расіі. Прычым, не толькі з Масквы і Санкт-Пецярбурга... Ужо не першы год наведваюць Мінск школьнікі з Якуціі. У розны час турнір прымаў таксама гасцей з Латвіі, Літвы, Украіны, Германіі і Чэхіі.

— І нашы каманды часта запрашаюць за мяжу, — адзначае Алена Стэфановіч. — Апошнія тры гады мы наведваем міжнародны веснавы турнір у Рызе. Сёлета ў цэнтры ўвагі будзе іміграцыя ў Еўропе. У Беларусі спаборніцтвы праходзяць кожны сезон. Восенню — міжнародныя ў Мінску, узімку — рэспубліканскія. На апошнія беларускія каманды збіраюцца ў адным з рэгіянальных гарадоў. Напрыклад, сёлета яго прымаў Барысаў. Таксама ў лютым адбываецца конкурс «Спікер года», у якім кожны з дэбацёраў можа сябе паказаць у індывідуальным спаборніцтве. Ён праходзіць у два этапы: падрыхтаваны літаратурны ўрывак і спантанная прамова на прапанаваную тэму. Увесну таксама праходзіць рэспубліканскі турнір у Мінску, але на яго часта прыязджаюць і каманды з Расіі. А летам Мінскі Палац моладзі ладзіць сваё гарадское спаборніцтва.

У абласцях Беларусі трэніруюцца не менш моцныя каманды: віцебскай гімназіі №8 (кіраўнік Марыя Ашчэпкава), баранавіцкай гімназіі №1 (Валянціна Ляўчук), барысаўскага ліцэя (Франчэска Радыёнава). Дэбатны клуб гродзенскай гімназіі №1 пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрыдмана заўсёды выстаўляе моцныя англамоўныя каманды. Увогуле на турнірах ёсць магчымасць гуляць на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Але чым больш прафесійна выступаеш, тым больш патрэбна валоданне замежнай. Гэта дае магчымасць выязджаць на міжнародныя турніры. Выступаюць беларусы і на штогадовым Чэмпіянаце Еўропы ў Чэхіі. Гэтым летам дэбацёры з усяго свету будуць абмяркоўваць найбольш хвалюючыя тэмы: міграцыю і правы меншасцяў.

Надзея АНІСОВІЧ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Пераканаць словам

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.