Вы тут

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з паслом Германіі


Наша дзяржава заўсёды аддавала прыярытэт супрацоўніцтву з Германіяй — калі казаць пра еўрапейскі рэгіён. На гэта звярнуў увагу старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка падчас размовы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў нашай краіне Петэрам Дэтмарам.


— Нашы стасункі з Германіяй вельмі дынамічна развіваліся ў 1990-х гадах, — узгадаў Уладзімір Андрэйчанка на пачатку сустрэчы. — У нас былі вельмі частыя паездкі ў Германію: праводзіліся выставы, кірмашы, канферэнцыі. На жаль, быў спад у гэтых адносінах. Сёння мы хочам адзначыць, што перыяд нейкага ўзаемнага недаверу ўсё ж адыходзіць у мінулае. Гэта, натуральна, радуе.

Па словах спікера, у Беларусі і Германіі цяпер ёсць новыя магчымасці для актывізацыі супрацоўніцтва.

— Менавіта Берлін фактычна ўзяў на сябе ролю лакаматыва ў пытанні адмены Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да Беларусі, — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мы ўдзячны вашай краіне, яе кіраўніцтву за тую канструктыўную, паслядоўную пазіцыю, якую яна заняла ў гэтым пытанні.

Уладзімір Андрэйчанка бачыць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва, абмену вопытам у такіх кірунках, як мясцовае самакіраванне, якое вельмі добра развіта ў Германіі; абмеркаванне актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня, узаемадзеянне паміж міністэрствамі і ведамствамі.

Што да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то па выніках мінулага года таваразварот склаў амаль 2,5 мільярда долараў. У той жа час спікер звярнуў увагу, што ў 2013 годзе гэтая лічба складала 4,8 мільярда.

— Працаваць ёсць над чым у гэтым плане, — упэўнены старшыня Палаты прадстаўнікоў.

У той жа час у нашай краіне сёння працуе 361 прадпрыемства з германскімі інвестыцыямі.

— Мы зацікаўлены, каб германскія інвестары прыходзілі ў тыя галіны, у якіх яны ўжо заслужылі прызнанне ў свеце. Асабліва ў такія сферы, як машынабудаванне, хімія, нафтахімія, энергетыка, сфера высокіх тэхналогій... Натуральна, нам трэба больш наладжваць супрацоўніцтва і ў гуманітарнай сферы, сферах адукацыі, культуры, у развіцці адносін паміж нашымі гарадамі-пабрацімамі — наколькі мне вядома, у нас цяпер 20 пар такіх пабрацімскіх гарадоў.

Пасол Германіі Петэр Дэтмар пагадзіўся, што патэнцыял у сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва выкарыстоўваецца не да канца. Тут ён мае досвед: нямецкі дыпламат працаваў у нашай краіне з 2009 па 2013 год у якасці саветніка-пасланніка, намесніка кіраўніка Пасольства Германіі ў Мінску. У верасні мінулага года пачалася яго ўласная дыпламатычная місія ў нашай дзяржаве.

— Мы знаходзімся на новым этапе двухбаковых адносін, — заявіў ён. — Натуральна, мы пачынаем не з нуля, паколькі на працягу 25 гадоў развівалася актыўнае супрацоўніцтва ў галіне культуры, эканомікі, а гэта з'яўляецца добрай асновай для развіцця патэнцыялу.

На думку нямецкага дыпламата, сёння актуальна паглыбленне эканамічнага супрацоўніцтва, якое, на яго думку, можа мець розныя формы.

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?