Вы тут

Сярэдняя тэмпература вясной будзе вышэйшай за норму


Сёлета вясной у Беларусі прагназуецца цёплае і вільготнае надвор'е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Ён адзначыў, што па паўднёвай палове краіны колькасць ападкаў будзе вышэйшай за норму, а ў паўночных рэгіёнах чакаецца прыкладна норма. «Гэта сведчыць аб тым, што ў прынцыпе вясна сёлета ў нас будзе вільготнай», — сказаў Дзмітрый Рабаў. Паводле яго слоў, добрыя ападкі нам будуць толькі на карысць, бо воднасць рэк цяпер недастатковая.

Начальнік службы адзначыў, што ў найбліжэйшы час усталюецца спакойнае надвор'е, калі па першай дэкадзе сакавіка сярэдні тэмпературны фон паветра будзе вышэйшым за норму на 5-7 градусаў. Ападкаў чакаецца ўжо па мінімуме, яны будуць кароткачасовымі і праходзіць месцамі.

Запланавалі і сур'ёзныя замаразкі

Разам з тым да канца першай дэкады першага месяца вясны нас чакае непрацяглае пахаладанне. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад мінус 5 градусаў па поўначы да невялікага плюса ў паўднёвых рэгіёнах. Удзень прагназуецца ад нуля да 6 цяпла. Сіноптыкі падлічылі, што прыкладна ў сярэдзіне месяца (гэта 15-20 сакавіка) чакаецца прыток халоднага паветра, асабліва па паўночнай палове. У гэтыя дні ўначы тэмпература паветра там будзе апускацца да мінус 13 градусаў. Праўда, такое пахаладанне будзе непрацяглым, бо ў пачатку трэцяй дэкады зноў прыйдзе больш цёплае і камфортнае надвор'е.

А яшчэ Дзмітрый Рабаў адзначыў, што ў цэлым сакавік сёлета чакаецца цяплейшым, чым звычайна. Сярэдняя тэмпература паветра прагназуецца недзе на 1 градус вышэйшай за кліматычную норму, калі сярэднесутачная тэмпература будзе ад мінус 3 градусаў да 1 цяпла. Сярэднемесячная колькасць ападкаў таксама чакаецца вышэйшай за кліматычную норму. Галоўным чынам ападкі будуць выпадаць у выглядзе дажджу і мокрага снегу.

«Зісі» засыпаў Магілёўшчыну і Віцебшчыну

Спецыялісты паведамляюць, што ў Магілёве за першыя суткі вясны выпала ў два разы больш дэкаднай нормы ападкаў (25 мм), а снежнае покрыва на раніцу 2 сакавіка склала 21 см, што адпавядае самаму высокаму паказчыку па вобласці.

Вялікая колькасць снегу выпала таксама ў Мсціславе і Клічаве, дзе снежнае покрыва дасягнула 16 см і 13 см адпаведна. Лідарам па колькасці ападкаў у выглядзе мокрага снегу і дажджу стала вёска Чыгірынка (Кіраўскі раён), дзе за суткі іх выпала ажно каля 40 мм.

За гэты час у Віцебску і Оршы таксама выпала дзве дэкадныя нормы ападкаў — 18 і 16 мм адпаведна. У Сянне цыклон пакінуў паўтары дэкадныя нормы — 13 мм. На астатняй частцы вобласці выпала ад 7% да 63% дэкаднай нормы, менш за ўсё — у Верхнядзвінску. Снежнае покрыва адзначаецца па ўсім рэгіёне, яго вышыня вар'іруецца ад 2 см у Докшыцах да 21 см у абласным цэнтры. У Віцебску, Оршы і Сянне снежнае покрыва за суткі павялічылася на 8-14 см.

А яшчэ Дзмітрый Рабаў паведаміў, што сёлета быў пастаўлены абсалютны зімні рэкорд па цеплыні. Так, 22 лютага ў Пінску спецыялісты зафіксавалі плюс 11 градусаў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Цёпла і вільготна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».