Вы тут

Вялікай паводкі сёлета не чакаюць


Але небяспека талых вод захоўваецца.

Зіма, якая сёлета раптоўна абарвалася ў канцы студзеня, перанесла паводку на люты. З-за гэтага ў басейнах большасці рэк істотны снегавы запас адсутнічае. Зараз узровень вады не дасягнуў максімальнага толькі на Сажы і Прыпяці, а на астатніх вялікіх рэках ён ужо нават зніжаецца.


Сям-там вада выйшла на пойму рэк. Месцамі разліліся Нёман, Нараў, Прыпяць, Стыр, Случ, Пціч. Аднак паводка гэтая чыста сімвалічная — паплавы апынуліся пад вадой на глыбіні ўсяго ад 5 да 40 сантыметраў. Шырокіх разліваў сёлета сіноптыкі не назіраюць і пакуль не чакаюць.

— Больш за тое, падчас веснавой паводкі максімальныя ўзроўні вады прагназуюцца блізкімі да аналагічных леташніх значэнняў, — расказала начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марына НАГІБІНА. — Тады яны сталі гістарычна самымі нізкімі за ўвесь перыяд назіранняў. У басейнах Нёмана, Віліі, Бярэзіны, Прыпяці, Нёмана ўзровень вады падымецца, толькі калі пройдуць моцныя і працяглыя ападкі. У той жа час на Заходняй Дзвіне і Сажы сітуацыя складваецца іншая.

Сіноптыкі мяркуюць, што паплавы сёлета апынуцца пад вадой ненадоўга і толькі на асобных участках рэк. Калі ніякіх нечаканых перамен у надвор'і не здарыцца, то вада падтопіць пабудовы адно ў зонах павышанай рызыкі. Цёплы люты, аднак, можа закласці міну запаволенага дзеяння, як тое здарылася летась. Тады зіма таксама скончылася значна раней, чым належыць, а недахоп ападкаў разам з адсутнасцю снегавых запасаў даволі негатыўна паўплывалі на водагаспадарчую дзейнасць.

Як бы там ні было, але да магчымай паводкі рыхтавацца ўсё ж трэба, каб надзвычайная сітуацыя не заспела знянацку.

— У ранейшыя гады вада падтапляла 215 населеных пунктаў у 62 раёнах, — згадвае начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Андрэй ЮРЖЫЦ. — Мы іх даўно ўзялі пад кантроль. Пастаянна маніторым абстаноўку з дапамогай авіяцыі і спадарожніка, каб параўноўваць маштабы падтапленняў і своечасова выправіцца на дапамогу людзям. Сёлета мы будзем назіраць і за малымі рэкамі, ад якіх таксама можна чакаць неспадзяванкі. І хоць верагоднасць паводкі сёлета невялікая, расслабляцца не трэба. Мы заклікаем загадзя пачысціць і ў жылым сектары, і на тэрыторыях вытворчых аб'ектаў ліўнёўкі і адводы талай вады, якая таксама можа істотна нашкодзіць на лакальнай тэрыторыі.

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».