Вы тут

Кадравыя рашэнні Прэзідэнта


Кіраўнік дзяржавы прызначыў:

Іванова Алега Мікалаевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Афганістан па сумяшчальніцтве.

Гур'янава Аляксандра Яўгенавіча, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Італьянскай Рэспубліцы, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый па сумяшчальніцтве, — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Мальта па сумяшчальніцтве.


Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне:

Барысюка Генадзя Іосіфавіча — кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста;

Ліневіча Анатоля Канстанцінавіча — старшынёй Капыльскага райвыканкама;

Вайнілкі Анатоля Мар'янавіча — старшынёй Мядзельскага райвыканкама;

Васілеўскага Дзмітрыя Уладзіміравіча — старшынёй Дрыбінскага райвыканкама;

Касмачова Міхаіла Міхайлавіча — старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;

Дараховіча Аляксандра Вікенцьевіча — кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска;

Трушчанкі Юрыя Уладзіміравіча — кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска;

Шастакова Яўгена Андрэевіча — намеснікам міністра замежных спраў;

Войтава Ігара Віталевіча — рэктарам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт»;

Зяневіча Андрэя Алегавіча — рэктарам установы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі»;

Рабавай Ганны Мікалаеўны — намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі;

Аўраменкі Аляксея Мікалаевіча — першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый;

Ляхновіча Аляксея Аляксеевіча — намеснікам міністра транспарту і камунікацый;

Шылава Ігара Сяргеевіча — першым намеснікам начальніка Беларускай чыгункі;

Арушаньянца Пятра Барысавіча — дырэктарам дэпар-тамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (на перыяд знаходжання дырэктара ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў);

Юрчанкі Мікалая Мікалаевіча — начальнікам дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;

Сысоева Аляксандра Уладзіміравіча — кіраўніком спраў Віцебскага аблвыканкама;

Ашурыка Паўла Станіслававіча — членам Гродзенскага аблвыканкама.

Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх цвяроза ацэньваць неабходнасць рэалізацыі на месцах тых ці іншых ініцыятыў. На думку кіраўніка дзяржавы, перш чым нешта рабіць, неабходна задаваць пытанне аб мэтазгоднасці і своечасовасці планаваных крокаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сам кіруецца такім жа прынцыпам пры прыняцці рашэнняў дзяржаўнага ўзроўню.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў няпростых эканамічных умовах варта паспяхова правесці ўсе веснавыя палявыя работы. «Трэба ўсюды мець сістэму і навесці парадак. Парадак павінен быць ва ўсім! Не трэба залішне заціскаць людзей: няхай працуюць, паказваюць сябе. Але тэхналагічную дысцыпліну ніхто не адмяняў. І гэта жалезна павінна быць, уся ваша праца павінна быць падпарадкавана гэтаму, і ўсе павінны круціцца вакол гэтых тэхналогій», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прадпрыемствам вырабіць у неабходным для вёскі аб'ёме ўгнаенні з тым, каб не вывозіць валюту з краіны, закупляючы за межамі Беларусі тое, што можна вырабіць самім.

«І самае галоўнае — у нас усё ж такі ўлада жорсткая, вельмі жорсткая. Людзі гэта адчуваюць. Але гэта не значыць, што мы людзей павінны пастроіць, як у арміі, і строем або, не дай Бог, статкам кудысьці вадзіць і забараняць: крок улева, крок управа, слова не скажы, рот зашый. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму права чалавека — сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам прама ў вочы — гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на працу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. Своечасова прыйшоў, зрабіў па тэхналогіі справу — ідзі. Бачыш, нешта не так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй».

Кіраўнік дзяржавы папрасіў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады ўважліва ставіцца да кадраў, падбіраючы на адказныя ўчасткі працы прафесіяналаў, на якіх можна абаперціся.

Звяртаючыся да Алега Іванова, прызначанага паслом у Таджыкістане і Афганістане па сумяшчальніцтве, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў адносінах Беларусі і Таджыкістана няма ніякіх праблем, у Беларусі моцныя пазіцыі ў гэтай краіне, вельмі добрыя адносіны з кіраўніцтвам Таджыкістана. «Таму з гэтай пляцоўкі мы можам супрацоўнічаць з дзяржавамі, якія знаходзяцца побач», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. Што тычыцца Афганістана, то, на думку Прэзідэнта, гэта «краіна вельмі багатая, яна развіваецца, насельніцтва нямала, вельмі выгадны ў стратэгічных адносінах рэгіён».

Даючы згоду на прызначэнне рэктараў ВНУ, кіраўнік дзяржавы спыніўся на праблемах практычнага ўкаранення навуковых распрацовак. У іх ліку адзначаўся недастатковы ўзровень узаемадзеяння паміж работнікамі вытворчасці і навукоўцамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нацыянальная акадэмія навук павінна вызначаць і прапаноўваць прадпрыемствам прарыўныя, выгадныя для дзяржавы тэхналогіі.

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.