Вы тут

Уладзімір Шчасны прадставіў кнігу «Леў Бакст: Жыццё пяром Жар-птушкі»


Прэзентацыя кнігі, што пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці» пры падтрымцы «Белгазпрамбанка», прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Менавіта тут цяпер месціцца выстаўка «Час і творчасць Льва Бакста», арганізаваная пры фінансавай падтрымцы, дарэчы, таксама «Белгазпрамбанка». Але пройдзе час, экспазіцыю дэмантуюць, арыгіналы работ Бакста і яго паплечнікаў схаваюцца ў фонды музеяў і банкаў, а кніга застанецца...


Кніга-эсэ, прысвечаная жыццю і творчасці мастака, які нарадзіўся ў Гродне, але пакарыў Парыж, стаў сімвалам Прыгожай эпохі, быў выдатным жывапісцам, графікам, сцэнографам, мадэльерам і нават літаратарам. Гэта не мастацтвазнаўчы аналіз творчага шляху нашага славутага земляка, не падборка сухіх фактаў, а цёплы расповед, разважанні, роздумы. Адметна, што менавіта Уладзімір Шчасны, перакладчык, дыпламат, а сёння арт-кансультант «Белгаз-
прамбанка», быў адным з ініцыятараў правядзення выстаўкі работ Бакста і паплечнікаў у Мінску.

— Амаль два гады таму пачалася праца па арганізацыі экспазіцыі, столькі ж доўжылася і работа над кнігай. Паступова назапашваўся цікавы матэрыял, а паколькі ніводнай папулярнай кнігі пра Бакста дагэтуль не было (ёсць толькі мастацтвазнаўчыя работы, прызначаныя для спецыялістаў), вырашыў аформіць вынікі сваіх пошукаў у кнігу эсэ, — распавёў Уладзімір Рыгоравіч.

На думку аўтара, менавіта эсэ можна лічыць найлепшым жанрам для расповеду пра выдатныя постаці: яны заснаваны на пэўных фактах, але і пісьменнік выказвае сваю думку, стаўленне, пры гэтым не прэтэндуе на паўнату, вычарпальнасць апавядання. Крыніцы стараўся адшукаць у архівах: Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску і ў Гродне, біблітэяках. Шмат цікавых звеcтак пра Бакста змяшчае двухтомнік яго ўспамінаў і лістоў «Мая душа адкрыта», што выйшаў некалькі гадоў таму ў Маскве. Карыстаўся французскім часопісам Соmoedіa Іllustre, нумарамі часопіса «Мир искусства», дзе некаторы час працаваў сам Бакст. Дарэчы, гэтыя выданні захоўваюца ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы. Чытаў шмат успамінаў пра Бакста, якія пакінулі яго сучаснікі, — Бенуа, Дабужынскі, Сомаў. Уладзімір Шчасны лічыць, што ў гэтым выпадку мемуары нават больш каштоўныя для даследчыка, чым некаторыя дакументы.

Той час, у які жыў і працаваў Леў Бакст (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.), можна назваць эпохай мастакоў-універсалаў. Яны ў адной асобе спалучалі мноства талентаў, былі жывапісцамі, графікамі, сцэнографамі, мастацтвазнаўцамі, літаратарамі, удзельнічалі ў напісанні лібрэта да балетаў і опер, над сцэнічным увасабленнем якіх працавалі, пакінулі выдатныя ўспаміны і нават літаратурна-мастацкія творы. Дарэчы, і сам Леў Бакст выдаў некалькі кніг.

— У 1924 годзе ён напісаў выдатны аўтабіяграфічны раман «Першае жорсткае каханне», не так даўно ён быў апублікаваны ў Маскве, — зазначае Уладзімір Шчасны. — Гэтая кніга расказвае пра юнацтва Бакста і яго трагічны раман з французскай актрысай Марсель Жасэ. Бакст вельмі цікава апісвае атмасферу Пецярбурга канца ХІХ ст. Цікава, што для стварэння вобразу свайго героя ён карыстаецца ўласным імем і прозвішчам, імёны ж усіх астатніх персанажаў, якія мелі рэальных прататыпаў, хавае за псеўданімамі. Бакст напісаў і нарыс пра паездку з Сяровым у Грэцыю, ён апублікаваны ў Берліне ў 1923 годзе.

Сямейныя таямніцы і творчыя клопаты, жыццё пецярбургскай, парыжскай творчай багемы і выданне часопіса «Мир Искусства», мноства фотаздымкаў, эскізаў, рэпрадукцый работ... За кнігай «Леў Бакст: Жыццё пяром Жар-птушкі» чытач прыемна прабавіць не адну гадзіну. Як кажа сам Уладзімір Шчасны, цікавасць публікі, яе жаданне знаёміцца з кнігай і будзе найлепшай пахвалой.

Ён распавядае:

— Калі пабачыла свет мая першая кніга «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», неяк мне патэлефанаваў прафесар Адам Мальдзіс і сказаў: я пачаў кнігу чытаць увечары і скончыў раніцай. Спадзяюся, што гэтую работу таксама чакае добры лёс, што чытач не засне на пятай старонцы і прачытае калі не за адзін раз, то да канца.

Сёння Уладзімір Шчасны, крыху стомлены Бакстам, распрацоўвае канцэпцыі новых выставачных праектаў. Спадзяёмся, яны гэтак жа моцна захопяць аўтара, і аматары мастацтва атрымаюць некалькі новых цікавых кніг.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эпоха Бакста

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.