Вы тут

Пагоні, выбухі і аварыі ў сапраўдным айчынным баевіку


Цыкл фільмаў «Дзяржаўная граніца» быў распачаты яшчэ ў савецкія часы: у першай карціне гаворка ішла пра маладую савецкую рэспубліку 1917 года. Потым былі барацьба з контррэвалюцыйнымі сіламі, Сярэдняя Азія ў 1930-я гады, пасляваенны час, шпіёны заходніх разведслужбаў у 1960-я і гэтак далей. Апошняя карціна серыі, нядаўна прадстаўленая «Беларусьфільмам» і Дзяржаўным пагранічным камітэтам, апавядае ўжо пра сучаснасць, прычым самую канкрэтную — падзеі фільма «Дзяржаўныя граніца: ілжывая мэта» разгортваюцца падчас чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіў у Мінску.


Стужка пачынаецца з інтрыгі. Таямнічыя і даволі грозныя асобы выкрадаюць баязлівага дзялка Цюрына, для ўражання забіваюць, здаецца, яго памочніка і вельмі настойліва патрабуюць забяспечыць незаконны праход праз мяжу. Безыменная пабудова, безыменныя людзі, безыменная мяжа — ідэальная завязка для баевіка. Карціна з тлустым акцэнтам на галоўным героі (героі ва ўсіх сэнсах гэтага слова), што важна, не знята ў жанры экшэн, а зроблена ў яго форме.

Стваральнікі пайшлі па пракладзеных дарожках галівудскіх баевікоў і паспрабавалі на гатовы шаблон насадзіць быццам рэальную гісторыю з практыкі беларускай пагранічнай службы. Нягледзячы на тое, што геаграфічныя нюансы ў фільме апушчаны, доля праўды, кажуць, у карціне ёсць. «Можна сказаць, што фільм заснаваны на рэальных падзеях, — пракаментаваў намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Уладзімір Маісеенка. — Але, вядома, з пэўнымі зменамі. Усю нашу працу, як вы разумееце, з-за сваёй спецыфікі паказваць нельга».

Форма класічнага экшэна, на які раўняліся стваральнікі «Дзяржаўнай граніцы», прадугледжвае моцнага цэнтральнага персанажа. На гэты раз замест цяжкавагавага «Тэрмінатара» (Арнольд Шварцнэгер), непераможнага спецагента Ітана Ханта (Том Круз) з «Місія невыканальная», пазасістэмнага віртуознага вадзіцеля з «Перавозчыка», замест Бруса Уіліса, Жан-Клода Ван Дама, Чака Норыса — бездакорна прафесійны і бясконца патрыятычны маёр пагранічнай службы Канстанцін Кудзін у выкананні Дзмітрыя Ратамскага.

Глядач бачыць яго ў ідылічным эпізодзе адразу пасля размовы Цюрына з небяспечнымі таварышамі, а такі кантраст на пачатку фільма — чарговы штамп. Кудзін іграе з сынам у танчыкі — адна з нямногіх адсылак да нашай сучаснасці з апеляваннем да вядомай анлайн-гульні World of Tanks, створанай у Беларусі.

Галоўны герой працуе на заставе, дзе некалі памёр яго бацька, менавіта таму ён адмаўляецца ад павышэння па службовай лесвіцы і «месца» ў вялікім горадзе, а толькі прафесійна і самааддана выконвае свае абавязкі. У гэты час яго найлепшы сябар робіць ваенную кар'еру, а жонка Кудзіна здраджвае маёру з тым самым сябрам.

Здаецца, галоўнае памкненне фільма — стварыць вобраз героя нашага часу. Прынцыповы і патрыятычны Канстанцін Кудзін гатовы аддаць жыццё за сваю заставу. «Трэба будзе — здохну», — цвёрда кажа ён у адказ на кпіну жонкі. Пакуль глядач назірае за дэманстрацыяй выключнасці галоўнага героя, за выкрыццём жончынай здрады, за кіданнем ад станоўчых герояў да адмоўных, маёра ставяць ва ўмовы, у якіх ён аказваецца здольным ахвяраваць сваім грамадзянскім абавязкам. Дзеля сям'і, якую выкралі зламыснікі, і, трымаючы яе ў клетцы, шантажуюць Кудзіна. Каб вызваліць сваю сям'ю (а жонцы герой нашага часу па-вайсковаму цвёрда дараваў здраду), маёр павінен пранесці на сабе бомбу на адзін з матчаў чэмпіянату свету па хакеі. І падарваць сябе.

Што з гэтага заснавана на рэальных падзеях?..

Я цаню інтрыгу і дынамізм экшэн-фільмаў, дапускаю, што такія сюжэты здараюцца ў рэальным жыцці, «лайкаю» імпэт ствараць беларускія баевікі — але я супраць таго, каб накладаць беларускі матэрыял на чужародную глебу, працаваць па шаблоне, выкарыстоўваць форму, у якой яшчэ да нас створаны неабвержна лепшыя прыклады класічнага баевіка.

«Дзяржаўная граніца: Ілжывая мэта» да фільмаў, наследаваннем якім служыць, не дацягвае ні па саспенсе, ні па дынаміцы, ні па інтрызе ў вызначэнні ворагаў і сяброў. А спроба стварыць гераічны вобраз супрацоўніка пагранічнай службы — Канстанціна Кудзіна — не ўдалася з прычыны бясконцага пафасу.

Завязка сюжэта, палярнае размежаванне герояў на станоўчых і адмоўных, пагоні і выбухі, смерць і «ўваскрашэнне», уздзеянне на галоўнага героя варожых сіл, дапамога «адкуль не чакалі», пакаранне злачынца — усё гэта выглядае натужлівым і ненатуральным, таму большасць прадугледжаных эмоцый для гледача аказалася страчанай. Фільм, на жаль, не адпавядае выбранай форме, якая патрабуе пэўных уменняў і вядомай долі наватарства.

Нацягваць ідэю на шаблон, пазычаць гатовыя формулы — заганная практыка. Але і з гатовай формай стваральнікі не здолелі зрабіць фільм выразным, паставіць акцэнты на патрэбных момантах, не справіліся з дазіроўкай пафасу.

Можна было б не праяўляць прыдзірлівасць і зрабіць скідку гэтай карціне са словамі «для сваёй нішы нядрэнна». Толькі, як вядома, удзельнікі конкурсу кінапраектаў ацэньваюцца «па гамбургскім рахунку», таму глядач мае права чакаць ад беларускіх фільмаў, што паказваюцца ў кінатэатрах, высокай якасці і прафесіяналізму іх стваральнікаў.

Са сцэны Дома кіно падчас прэм'еры «Дзяржаўнай граніцы» было сказана, што гэты цыкл фільмаў будзе працягнуты. А значыць, аднаго з пераможцаў будучых конкурсаў кінапраектаў можна адгадаць ужо сёння.

Фільм «Дзяржаўная граніца: ілжывая мэта» ўваходзіць у лік пераможцаў аднаго з двух рэспубліканскіх конкурсаў кінапраектаў 2015 года. Паступова вынікі леташніх рашэнняў па дзяржаўным фінансаванні кінавытворчасці падбіраюцца адзін да аднаго. Конкурсы мінулага года вызначылі ў сукупнасці адзінаццаць пераможцаў, і мы ўжо змаглі ацаніць амаль усю дакументальную частку гэтага пласта — фільмы «Педагагічная паэма» Віктара Аслюка пра двух маладых настаўнікаў у правінцыі, «Беларусь. Дакументальная гісторыя» Галіны Адамовіч, «Трасцянец. Мы павінны ім памяць» Юрыя Гарулёва. На тэлеэкране не так даўно быў паказаны фільм «Мы, беларусы — мірныя людзі» Андрэя Лескіна пра Мінск у якасці пляцоўкі для перамоў «нармандскай чацвёркі».

З ігравой часткі пераможцаў карціна «Дзяржаўныя граніца: ілжывая мэта» на вялікі экран выйшла першай (ужо прайшла ў пракаце). І пакуль толькі на шляху да гледача знаходзяцца фільм «Сляды на вадзе», частка цыкла «Участак лейтэнанта Качуры» і, вядома ж, больш працаёмкія серыялы «Трымайся за аблокі» нацыянальнай кінастудыі і «Аўташкола» ААТ «Сінетэхна».

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі жаданні не супадаюць з вынікам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.