Вы тут

Тульскі акадэмічны тэатр драмы выступае ў Мінску


Да 8 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры праходзяць гастролі Тульскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Максіма Горкага.


Тульскі акадэмічны тэатр драмы — аднагодак Тульскай губерні, быў заснаваны яшчэ ў 1777 годзе і сустракае сваіх гледачоў ужо 239 сезонаў. Ён прайшоў праз многія выпрабаванні гісторыі: тэатр закранулі і сталінскія рэпрэсіі, і Вялікая Айчынная вайна. Цікава, але нават падчас вайны там давалі спектаклі, ездзілі з «гастролямі» на перадавую і ў воінскія часці. У 1890 годзе ў падрыхтоўцы пастаноўкі «Плады асветы» браў удзел і яе аўтар, Леў Талстой. У розныя часы наведвальнікамі Тульскага тэатра драмы былі імператрыца Кацярына ІІ, першапраходзец рамантызму ў рускай паэзіі Васіль Жукоўскі, пісьменнікі Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын і Глеб Успенскі. Цяпер паглядзець тульскія спектаклі можна і ў Мінску.

Тры з пяці прывезеных у Мінск спектакляў паставіў рэжысёр Дзмітрый Красноў. Яго камедыя «За двума зайцамі» і паклала пачатак гастролям. У нядзелю і панядзелак тулякі пакажуць прэм'ерны спектакль «Тульскія дзівосы», мюзікл для сямейнага прагляду па матывах казкі Мікалая Ляскова «Ляўша». Восьмага сакавіка Мінск сустрэнецца з дарослай прэм'ерай, так званай «улётнай» камедыяй «Боінг-Боінг», якую летась паказвалі ў Бабруйску. Французская п'еса «Боінг-Боінг» трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса за найбольшую колькасць пастановак за мяжой. Сюжэт і інтрыга ў ёй сапраўды французскія: халасцяк Бернар знайшоў для сябе ажно трох нявест-сцюардэс, якія не ведаюць адна пра адну. Але, зразумела, хутка даведаюцца, тайнае стане яўным і для нашага гледача.

Пакуль тульская трупа знаходзіцца ў Мінску, прадстаўнікі нашага музычнага тэатра паказваюць свае спектаклі на сцэне іх тэатра. Гастролі пачаліся з музычнай камедыі «Вяселле ў Малінаўцы», а са старых спектакляў, якія ўжо прыйшліся тульскаму гледачу даспадобы, беларусы пакажуць аперэту «Жанчына-кажан» і балет «Тысяча і адна ноч». Дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч зазначыў, што абменныя гастролі паміж Мінскам і Тулай маглі б стаць добрай традыцыяй: «Раз на два гады, калі змяняецца амаль увесь рэпертуар, мы маглі б прыязджаць адзін да аднаго ў госці, каб у сакавіку дарыць жанчынам сваё прыгожае мастацтва».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Знаёмства з тульскімі дзівосамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.