Вы тут

«Не гаруй ты, мілка, дужа, Што нясу табе не ружы...»


Анекдоты пра блізкае свята чамусьці сумныя. Кшталту: «Што табе падарыць?» — пытаецца муж у жонкі. «Не ведаю...» — разгублена кажа тая. — «Значыць, год табе на роздум».

Другі муж трохі лепшы: ён на падарунак згодны, праўда, з умовай, што назва яго павінна пачынацца на літару «ш».

Жонка тут жа выбрала сабе шубку, шапку, шампанскае... шукенку, шпаднічку, шумачку і шмат чаго яшчэ...

Што атрымала — гісторыя замоўчвае: магчыма, усё... А магчыма...

«Мілы, што ты мне падорыш?» — пытае ў свайго сужэнца трэцяя кабета. «Ноч кахання», — абяцае муж. «Зноў?» — крывіцца жонка. — «Не хочаш, як хочаш: хадзі без падарунка».


Як сведчыць рэдакцыйная пошта, чытачкам «Звязды» гэта не пагражае, бо сёння, напярэдадні свята, нашы мужчыны (ды і жанчыны...) дораць усім ці не самае каштоўнае — добры настрой: шчырыя ўсмешкі, ідэі падарункаў, вершы, якія «падказаў» ім здымак (верхні). Ну вось як вам, напрыклад, радкі спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска:

Люты быў зусім не люты,

Не даймалі халады.

Але ж — фу-ты, лапці гнуты —

Наступіў разліў вады!..

Ясь нясе любімай боты

(Жонцы як не дагаджаць!)

Няхай носіць... на работу:

Грошы ж трэба зарабляць?

Сам ён, трэба разумець, працуе? І зарабляе — паводле спадарыні Алены Бажок з Бабруйска:

На работу Янку ўзялі:

«Ўкалваў» — па суботах...

А ў зарплату яму далі

Пару літых ботаў.

Вось ён і нясе — задаволены.

Спытаеце, куды? Адкажа (ад імя героя) спадарыня Валянціна Пабягайла з Ляхавіч:

Зранку — люты,

увечары вада,

Што не перайсці

ў кароткіх ботах!

Жонка звоніць:

«Выручай, бяда —

Не дабрацца сёння

мне з работы!»

Я ж без мілай ноч не пражыву:

Без вячэры, ласкі засумую!

А таму — на выручку «плыву»,

Ну і боты новыя нясу ёй!

Навошта? Як быццам, і ў вершы сказана, і на здымку відаць. Але ж не ўсё: маленькае ўдакладненне ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:

Станіславачку-красу

На руках не панясу...

Хай гумовічкі абуе

І сама дамоў шыбуе.

З хлопцамі, з мужчынамі, яно, згадзіцеся, часта так: спачатку абяцаюць ледзь не зоркі з неба, а потым...

Жыццё як анекдот. Адна кабета свайму чалавеку падарунак заказвала: «Ну, што-небудзь такое, каб я лёгенька правай ножкай націснула і р-р-аз — стрэлка ад 0 да 100». Муж спытаўся: «Вага падыдзе?»... А потым — і ці не ён жа? — прыходзіць дамоў і сваёй палавіне кажа: «Дарагая, помніш, я табе зоркі абяцаў?.. То паглядзі — прынёс... Цэлых пяць! Нясі кілішкі...»

Пра тое ж, толькі ў вершах, кажуць спадары Мікалай Старых з Гомеля і Валерый Гаўрыш з Чавусаў:

Замест кветачак Галіне

Ясь гумовікі набыў:

Дужа ж хочацца

дзяўчыне

На прагулку ў разліў!..

І ў Марусі перамены:

Ёсць каханак новенькі!..

Папрасіла лабутэны, —

Ён нясе... гумовікі.

З ботамі ўсё зразумела. А вось з лабутэнамі...

Тым, хто не ведае, спадар Валерый тлумачыць, што гэта туфлі такія — абавязкова на высозных абцасах і абавязкова з чырвонай падэшвай! Яны ў трэндзе цяпер (каб не казаць у модзе): пра такія ўсе дзеўкі мараць. І нават захады робяць, каб неяк узбіцца (у шырокім сэнсе гэтага слова).

Прынамсі, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з мястэчка Міханавічы Мінскага раёна:

З год прасіла ў мужа Ірка

На абцасіках лакіркі.

Ён нясе ёй новыя

Боцікі гумовыя.

Ды яшчэ і кажа:

Не гаруй ты, мілка, дужа,

Што нясу табе не ружы...

Лепей боты літыя —

Сядуць, як улітыя!

Нешта, згадзіцеся, ёсць у логіцы гэтых мужчын? Ну па-першае, кветкі, як казаў адзін знаёмец, не з'ясі, па-другое, яны хутка звянуць. А вось боцікі...

Галоўнае (ну паглядзіце!) — яны не вялікія і не малыя, на поўную, роўную, доўгую ножку...

(Было: акурат такую адна бухгалтарка зламала. Дык потым увесь калектыў (на 90 працэнтаў з мужчын) ёй дараваць не мог: не жанчыну шкадаваў — што ў гіпсе, што на мыліцах, бедная, а найбольш нагу)... Прыгажосць і сапраўды страшэнная сіла!

Што ўжо казаць пра каханне?! А спадар Гаўрыш кажа (дакладней, піша). Піша, што гледзячы на здымак, успомніў рускую народную песню пра кума, які «судака тащит...». Вы помніце, куды? Да кумы. Помніце, за што аддасць? Тады:

Выйшла з берагоў рака,

Хвалі ў вёску коцяцца...

«Ці злавіў кум судака?» —

Кумка дзесь маркоціцца.

А кумок той меў турботы!

Ён шукаў ёй пару ботаў:

Гэта ж лепшы падарунак!?

Хай бярэ — за пацалунак!

Рызыкуе мужык: спадар Канстанцін Здановіч з вёскі Зеляневічы Пружанскага раёна гэта дакладна ведае, бо, відаць, на сабе праверыў:

Я сказаў: «Без пацалунка

Не змагу данесці...»

Вынік — боты засталіся.

Дзеўка знікла дзесьці.

Падобна, «выслізнула», крый Бог, патанула і зараз...

Паглядзіце на здымак і згадзіцеся (са спадарыняй Соф'яй Кусянковай з Рагачоўшчыны):

Каварны гэты час вясновы:

Дняпро ўсё пазаліваў!..

Ясь ратаваў сухія дровы,

Катоў з гусямі ратаваў...

Ад жонкі —

спахапіўся потым —

Плывуць па версе

толькі боты...

Злавіў...

Ідзе ды пазірае:

Мо дзесь і жонка ўсплывае?.

Яна, згадзіцеся, можа!..

Можа, як лічыць спадарыня Раіса Васільева з Гомеля, і недзе засядзецца, забавіцца (не ўсё ж мужчынам):

Жонка — холад лютаваў —

З дому падалася...

Загуляла — снег растаў,

Рэчка разлілася...

Натаміўся муж чакаць

Ад сябровак жонку,

Ды не можа не спаткаць,

Бо пайшла ў валёнках!

Во які добры муж у кабеты! Ці не такі ж і ў спадырыні Лосевай з Навагрудчыны:

Не пужаюся ў разліў,

Не пужаюся ў мароз:

Мілы шапку падарыў!

І гумовічкі прынёс...

Усім бы такога клапатлівага... І клапатлівую... Якую так і хочацца абняць, прытуліць на плячы. Але ж (паводле спадара Уладзіміра Томкавіча з Вілейкі):

Сёння — боты ў руках,

Заўтра — жонка на плячах.

А следам, як правіла, і яе мама, з усімі адсюль наступствамі, пра якія піша спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна:

Падарыла цешча боты,

Ды не тая ў іх хада...

Узад адносіць — неахвота,

Але і выкінуць шкада!

Во якая праблема! І каб жа адна, а то...

Празаічны подпіс да здымка (ад спадара Стасілевіча з Мінска): «Учора на працы шукаў справядлівасці. Сёння шукаю працу».

Па сённяшнім часе гэта вельмі балючая праблема — з ёй, здавалася б, не да жартаў, але:

Мой шлях на работу

То мокры, то гразкі,

Што нават да ботаў

Патрэбны «запаскі»!

Піша так спадар Гарачоў. З яго ж канверта:

Кажуць, кепскія дарогі...

Ды паслухайце мяне:

Іх вытрымліваюць ногі,

А вось боты часам — не.

Таму і з «запаскамі»... Таму і ў заўсёдным клопаце (ад таго ж спадара Гарачова):

Каб дапоўніць камуфляж,

Боты ўзяў са сховы я.

Вось схаджу ў шынмантаж,

Пакладуць на іх «бандаж»,

Будуць, нібы новыя.

І, адпаведна, паслужаць яшчэ, прычым шмат каму.

Адкуль гэта вядома? Ды ад спадарыні Чыгрынавай:

Нейк спытала ў мінака:

— А што ж гэта за рака?

Ён сказаў:

— Такі паток

Прэ праз... аграгарадок!

Здараецца... І нашы чытачы таму сведкі. Спадарыня Гудачкова, у прыватнасці, згадвае, як яе сямейка жыла ў слынным Давыд-Гарадку, на беразе Гарыні, як тая рэчка кожны год разлівалася, а неяк нават знесла мост. І дзеці тады некалькі дзён не хадзілі ў школу, сядзелі дома (пераважна на печах) і лінейкай мералі, на колькі вады ў хаце. У бацькоў спадарыні Валянціны яна падымалася сантыметраў на 30, у суседзяў — па вокны...

І як жа важна тады, каб ва ўсіх былі запасы ежы і лекаў, адпаведная вопратка, каб тады, крый Бог, не паляцела пагалоска:

«Адны боты на ўсю вёску» —

Увесну стараста Ягор

Носіць іх з двара ў двор.

Хоць, вядома ж, лепей было б, каб ён меў грошы і, як раяць будучыя калегі (члены гуртка «Проба пяра» з сярэдняй школы № 3 г. Вілейка):

Ботаў прыкупіў дзве пары,

Бо даўно аб гэтым марыў.

А чаму пра гэта марыў?

Меў адну ён ботаў пару.

Цяпер, прыкупіўшы, трэба разумець, задаволены, можа, нават шчаслівы. А куды кіруе? Ну вядома ж (спадару Гаўрышу):

Разлілась вада наўкола —

Поўныя равочкі!

Купіў боты сват Мікола.

Як тут без замочкі?

Ды вада ж сама бурліць,

Што іх «тр-э-э-ба замачыць»!

Якім чынам, ведае спадарыня Раіса Васільева. І мае, мае рацыю, калі, вядома ж, дапусціць, што «мочацца» якраз тыя боты, што на нагах, а гэтыя...

Па вадзе глыбокай

Выйшаў Стась на людзі:

Як прадасць ён боты,

То на пляшку будзе.

А можна і без яе абысціся, калі месцы ведаць. Вось спадарыня Святлана Мазанік з вёскі Масцішча Барысаўскага раёна лічыць, што мужчына са здымка кажа:

Не палохае разводдзе —

Я іду да свата.

Адна думачка малодзіць:

Вып'ем не гарбаты!

Сват не жмінда —

Вып'ем многа,

Спаць я не звалюся...

У боты... рукі, у боты ногі,

І дамоў вярнуся.

Ёсць, на вялікі жаль, такія «пешаходы». Балюча глядзець на іх, бо яно ж і сапраўды (прабачце!): стане хтось ракам, і ўсё — ад чалавека амаль нічога...

Але тут і цяпер разважаць пра гэта не будзем. Тут і цяпер «з падачы» спадарыні Бажок іншая тэма просіцца — пад назвай

«Рыбакі лавілі рыбу»...

А спаймалі — боты,

Цэлы дзень маракавалі:

«Дык чыёй работы?»

Ёсць думка у спадара Міколы Кіселя з Мінска, што нашай, айчыннай. Новыя тэхналогіі на вытворчасці прымяняюцца, прычым самыя нечаканыя:

Рэчка выйшла з берагоў,

Падышла да плота.

І штодня цяпер... улоў:

Рыба... лезе ў боты!

Сама... Лавіць не трэба! На нейкі новы пах «бярэцца» ці што?

Пытанне хіба, як доўга пратрымаецца, узяўшыся...

Праўдзівая гісторыя: наш чытач расказаў. Яго жонка неяк карпаў накупляла, укінула ў ванну: гаспадар, маўляў, вечарам прыйдзе і пачысціць... З гэтай думачкай спаць лягла. А муж трохі загуляў, вярнуўся позна, мякка кажучы, нецвярозы. Убачыў, што ў ванне штось цёмнае плавае, — падумаў, што жонка адзежу замачыла, раніцай будзе мыць. Ну дык ён, каб парашок сэканоміць, і свае шкарпэткі туды... Потым толькі заснуў — вэрхал у хаце! Жонка лютуе: дагары жыватамі ўсе карпы плаваюць! Адсюль — новы спосаб забойства: шкарпэткамі.

А без іх жа і ў ботах ніяк... Хоць, зрэшты, мае рацыю спадар Гарачоў:

Не вялікая бяда,

Што на вуліцы вада,

Што парваўся новы бот, —

Абы ў хаце без грызот!

Што праўда, тое праўда! І хай Бог дае...

Вось на гэтай ноце і завяршыць бы чарговы агляд, але ж трэба паведаміць «хто каго» — перамог, перасягнуў у жартах — на папярэднім этапе. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы пад здымак з сабакам сярод вайскоўцаў (гл. «Звязда» 6 лютага г.г.) прапанавалі спадарыня Валянціна Пабягайла з Ляхавіч, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Раіса Васільева з Гомеля, члены гуртка «Спроба пяра» з Вілейкі, спадары Стасілевіч з Мінска, Гарачоў з Іўеўшчыны, і Валерый Гаўрыш з Чавусаў.

Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем не магло не пагадзіцца і журы маленькае — рэдакцыйнае (яшчэ і таму, што — спадар Старых палічыў — цягам двух апошніх гадоў вершы спадара Валерыя былі не проста змешчаны пад усімі 15 здымкамі, але і сем разоў прызнаваліся найлепшымі!)...

Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал бягучага года накіроўваецца ў горад Чавусы. Хочаце, каб да вас? Нічога супраць не маем: уважліва глядзіце на новы (ніжні) здымак, думайце і пішыце — коратка (не больш за восем радкоў), дасціпна, па-беларуску...

dounar@zviazda.by

P.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін ліст — ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска. Адтуль кароткае:

Людзі простыя заўжды

Трапна прыкмячаюць:

Як вясною шмат вады,

Гэта — к ураджаю!

І яшчэ:

Шмат бядот цяпер на свеце:

То вада, то снег, то вецер.

Толькі дробязь гэта ўсё,

Бо важней за ўсё — жыццё!

Дык вам — выключна шчаслівага, з ураджаямі... Са святам! Пішыце!

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?