Вы тут

Гучная прэм'ера «Маленькай смерці»


На сцэне Вялікага тэатра оперы і балета 1-2 сакавіка ўпершыню быў пастаўлены знакаміты аднаактавы балет чэшскага харэографа-філосафа Іржы Кіліяна «Маленькая смерць». Гэтая пастаноўка ўваходзіць у цыкл так званых «Чорна-белых балетаў», у які ўваходзяць яшчэ сем актаў.


Іржы Кіліян - майстар, які далёка адыходзіць ад класічных канонаў балета. Ён стварае абстрактныя харэаграфічныя пастаноўкі, чым і набыў сусветную знакамітасць. Сярод найбольш вядомых яго пастановак - «Сімфаніета» на музыку Леоша Яначэка (1978), «Сімфонія псалмоў» на музыку Ігара Стравінскага (1978), «Забытая зямля» па матывах жывапісу Эдварда Мунка (1981), «Паўшыя анёлы» (1989). У 1995 г. Іржы атрымаў з рук каралевы Беатрыкс Ордэн Оранж-Насау да дваццацігоддзя дзейнасці ў Нідэрландскім балетным тэатры.

Знакаміты харэограф паставіў балет «Маленькая смерць» для Зальцбургскага фестывалю ў 1991 годзе да 200-годдзя Вольфганга Амадэя Моцарта. Цікава, што з французскай мовы Le Petitе Mort даслоўна перакладаецца як «аргазм», аднак майстар, ствараючы гэты балет, нават і не думаў пра эротыку.

«Эратычны балет - гэта занадта прамалінейнае вызначэнне для гэтай пастаноўкі. Я б сказала, што харэограф вытанчана і далікатна паказвае пачуццёвыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Кіліян ствараў балет не для таго, каб паказаць эротыку, а таму не варта факусавацца на гэтым. Ня эротыка, а пачуццёвасць. Гэта балет добрага густу пра жыццё і адносіны», - патлумачыла асістэнт харэографа Шырлі Эсебум.

Паўтор пастаноўкі адбудзецца ў красавіку, а таксама падчас фестывалю «Балетнае лета ў Вялікім», які традыцыйна праводзіцца ў Мінску з 29 чэрвеня па 9 ліпеня.

Фота Марыі ВОЙЦІК


Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.