23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Чэрыкаў пераходзіць на альтэрнатыўную энергетыку


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу сямі раёнаў вобласці — Крычаўскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, якія вельмі прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма будзе спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля, адным словам — росквіту. Стаўка робіцца на тое, што ў раёны прыйдзе бізнес, а мясцовыя жыхары змогуць рэалізаваць свае найбольш перспектыўныя ініцыятывы. У рамках сумеснага з Магілёўскім аблвыканкамам праекта «Паўднёвы Усход» «Звязда» раскажа, як рэалізуюцца нормы ўказа, наколькі яны цікавыя прадпрымальным людзям. На пачатку мы наведалі Чэрыкаўскі раён і на свае вочы паглядзелі, як тут працуе праграма.


Чэрыкаўскі раён займае плошчу больш за 100 тысяч гектараў, амаль на 60 працэнтаў пакрыты лясамі. Па яго тэрыторыі праходзяць дзве буйныя транспартныя магістралі — Р43 (Івацэвічы — Крычаў — мяжа РФ) і Р122 (Магілёў — Касцюковічы). Сёння ў раёне пражывае каля 15 тысяч чалавек, звыш 8 тысяч з іх непасрэдна ў Чэрыкаве. Пад рэалізацыю праектаў у раёне вылучылі 14 перспектыўных інвестыцыйных пляцовак. Тут вельмі зацікаўлены ў стварэнні аб'ектаў сельскагаспадарчай або прамысловай вытворчасці.


Стар­шы­ня Чэ­ры­каў­ска­га  рай­вы­кан­ка­ма Аляк­сандр МУ­РАЎ­ЁЎ за­пра­шае ства­раць біз­нес.

Бізнес на вокнах

Уладзімір Фёдараў, дырэктар Чэрыкаўскага жылкамунгаса, настроены аптымістычна. Прадпрыемства атрымала магчымасць скарыстацца прывілеямі праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна і асвоіла новы від дзейнасці. Тут распачата рэалізацыя праекта па вытворчасці вокнаў з профілю ПВХ. Летась прадпрыемства ўклала ў рэалізацыю праекта 450 мільёнаў рублёў — зрабіла рамонт памяшкання, набыло неабходнае абсталяванне. І разлічвае атрымаць дадатковую суму ў выглядзе льготнага крэдыту, каб сёлета завяршыць рэалізацыю праекта.

— За чацвёрты квартал мы зрабілі больш за 130 вокнаў і некалькі дзясяткаў дзвярэй на суму амаль 660 мільёнаў рублёў, — расказвае дырэктар пра магчымасці новага цэха. — Усе яны былі запатрабаваныя на будаўніцтве і пры капітальным рамонце дамоў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі па мінулым годзе склала больш за 10 працэнтаў. Для прадпрыемства гэта сур'ёзны паказчык.

Дзякуючы адкрыццю новай вытворчасці, пяць жыхароў раёна змаглі знайсці сабе працу. Дзмітрый Лазарэнка адзін з іх. Кажа, што цэлы год шукаў работу. Калі ўбачыў аб'яву, што жылкамунгасу патрэбныя работнікі, адразу ж патэлефанаваў і атрымаў запрашэнне. Лічыць, што яму вельмі пашчасціла. Заробак — больш за 5 мільёнаў рублёў.

Сёлета ў Чэрыкаве пачне будавацца 40-кватэрны дом, праводзіцца капітальны рамонт інтэрната з заменай усіх вокнаў. Так што заказамі жылкамунгас будзе забяспечаны. Тым больш што вокны і дзверы тут каштуюць танней, чым у іншых пастаўшчыкоў. А калі заказаў непасрэдна на вокны няма, майстры бяруцца за альтанкі, казыркі і іншую прадукцыю.

— Наогул можам зрабіць з дрэва ўсё, што спатрэбіцца, нават па індывідуальным эскізе, — завярае дырэктар. — Вунь прыпынак грамадскага транспарту аформілі. А зараз прымаем заказы на парнікі. Яны таксама ў нас таннейшыя, чым у іншых.

У планах пашырыць магчымасці цэха і пачаць вырабляць цалкам шклопакеты. Рынак прымушае не сядзець на месцы, трэба асвойваць новыя нішы. Цяпер прадпрыемства зарабляе на дадатковых паслугах насельніцтву — падводзіць ваду, перабудоўвае сістэмы ацяплення. Прычым адным Чэрыкавам не збіраюцца абмяжоўвацца, вывучаюць магчымасці выхаду на рынак Магілёва, Гомеля і суседніх раёнаў Расіі.

Чэрыкаўскі жылкамунгас і раней вызначаўся ініцыятыўным падыходам да справы. Гэта прадпрыемства ўнікальнае яшчэ і тым, што адзінае ў вобласці, а можа нават ва ўсёй краіне, цалкам вырашыла праблему з запазычанасцю па камунальных разліках сярод насельніцтва. Некалькі гадоў таму з дапамогай райвыканкама і кіраўніцтва ўсіх суб'ектаў гаспадарання быў устаноўлены жорсткі кантроль за своечасовасцю камунальных выплат. Хутка жыхары ацанілі перавагі такога становішча. На вуліцах і ў дварах стала больш утульна, з'явіліся новыя альтанкі, дзіцячыя пляцоўкі, клумбы з кветкамі.

Ад­крыц­цё но­вай вы­твор­час­ці па вы­ра­бе вок­наў з про­фі­лю ПВХ да­зво­лі­ла Дзміт­рыю ЛА­ЗА­РЭН­КУ  і яшчэ ча­ты­ром ча­ла­ве­кам знай­сці ра­бо­ту.

Цяпло стане таннейшым

На базе Чэрыкаўскага жылкамунгаса сёння рэалізуецца яшчэ адзін важны для раёна праект — па замяшчэнні імпартнага прыроднага газу драўнянай біямасай. Цэнтральная кацельная Чэрыкава мадэрнізуецца пры падтрымцы Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Агульны кошт праекта больш за 3,3 мільёна долараў.

— Па папярэдніх разліках, эканамічны эфект ацэньваецца ў суму каля 8 мільярдаў рублёў, — кажа намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Рубан. — Усё залежыць, канешне, ад перыяду, надвор'я, але дзесьці каля 30% газу мы будзем эканоміць за кошт сучаснага абсталявання. Магутнасць кацельнай да мадэрнізацыі складала 27 МВт пры падключанай магутнасці 11,5 МВт, пасля — 22 МВт пры падключанай магутнасці 14,2 МВт. Зімой, у залежнасці ад тэмпературы, будзе працаваць і газавы кацёл, але летам ніякага газу, выключна мясцовыя віды паліва.

Акрамя кацельнай мадэрнізаваны таксама цеплавыя пункты 11 жылых шматпавярховак і, каб пазбегнуць страты цяпла на шляху ад кацельнай да спажыўца, заменены цеплавыя сеткі на пі-трубу. Здача аб'екта адбудзецца ў сакавіку, плануецца, што за 7,5 года новае абсталяванне акупіцца.

Неабходны аб'ём дранкі таксама ўжо нарыхтаваны. Палівам кацельню будзе забяспечваць Чэрыкаўскі лясгас. Гэта яшчэ адзін прыклад рацыянальнага выкарыстання мясцовых багаццяў. Раней на патрэбы жылкамунгаса ішлі дровы і аполак, а зараз яшчэ і дранка. Гадавая патрэба ў гэтым паліве больш за 16 тысяч метраў кубічных на агульную суму больш за 5 мільярдаў рублёў. Што датычыцца ўзнаўлення лясных угоддзяў, то гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці лясгаса. Летась тут пасадзілі лесу на плошчы звыш 550 га, палова маладых дрэў мае палепшаныя селекцыйныя якасці. Наогул у лясным гадавальніку за мінулы год вырашчана амаль 11 мільёнаў штук пасадачнага матэрыялу больш чым 40 відаў драўняна-хмызняковых парод. Сваімі сіламі тут нарыхтавалі амаль 570 кг насення, перапрацаваўшы больш за 42 тоны шышак. Насення хапае і для таго, каб забяспечваць ім усіх, хто мае патрэбу. Летась лясгас зарабіў на гэтым 1,3 мільярда рублёў.

Пас­ля ма­дэр­ні­за­цыі Цэнт­раль­най ка­цель­ні раённы жыл­ка­мун­гас раз­ліч­вае зні­зіць спа­жы­ван­не  ім­парт­на­га га­зу на 30%.

Рыбаводства і сонечныя батарэі

За апошнія паўтара месяца ў раёне створаны дзве камерцыйныя арганізацыі, якія змогуць скарыстацца льготамі Указа №235. Адзін з інвестараў плануе займацца рыбаводствам, другі — працаваць у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі.

— Што датычыцца апошняга праекта, то тут мяркуецца і ўдзел замежнага капіталу, — кажа намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргей Палуйчык. — Прыблізны аб'ём праекта — 20 мільёнаў еўра, або 400 мільярдаў рублёў. Для эканомікі раёна гэта сур'ёзныя грошы. Для параўнання: летась усімі суб'ектамі гаспадарання ў раён было ўкладзена 177 мільярдаў рублёў.

Агульная сума па двух інвестдагаворах складае больш за 660 мільярдаў рублёў. Ірландская кампанія Camelіasіade Lіmіted і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Энергія века» плануюць пабудаваць фотаэлектрычныя станцыі магутнасцю 109 і 3 МВт. Апошнюю выключна для патрэб Сормаўскага сельсавета. Ужо выдаткавана 1,6 мільярда рублёў на рэалізацыю праектаў.

— Што датычыцца перспектыў, то, як мінімум, тры прапановы прапрацоўваем, — падзяліўся Сяргей Палуйчык. — На працягу 2-3 гадоў за кошт дзеяння гэтых праектаў можа быць засвоена прыблізна 50 мільёнаў еўра. Адзін з заяўленых праектаў датычыцца альтэрнатыўнай энергетыкі, астатнія два — сферы прамысловасці. Яшчэ ёсць прыватнае прадпрыемства «Электрабудопт», якое збіраецца ўкласці ў праект па вырабе паліўных гранул звыш 5 мільярдаў рублёў. Ён будзе рэалізаваны на працягу гэтага і наступнага гадоў.

— Чэрыкаўскі раён мае добрае геаграфічнае становішча і цікавасць да яго праяўляюць розныя інвестары, у тым ліку з СЭЗ Магілёў, — кажа старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Мураўёў. — Мы вельмі зацікаўлены ў стварэнні новых вытворчасцяў і з'яўленні новых працоўных месцаў. Доля незанятага насельніцтва па раёне складае пакуль больш за 1%. Пытанне працаўладкавання турбуе і тых, хто шукае заробкаў за межамі раёна. Летась мы адны з нямногіх раёнаў прынялі на працу больш людзей, чым звольнілі. Было створана больш за 130 новых працоўных месцаў. Сёлета ставім мэту, як мінімум, захаваць гэтую тэндэнцыю. У студзені было створана 7 працоўных месцаў, 20 чалавек плануецца працаўладкаваць на зноў створаных вытворчасцях у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, перапрацоўцы адходаў драўніны і стварэнні пелет. Працоўныя рукі спатрэбяцца і на мясцовай ПМК, дзе плануецца наладзіць вытворчасць па выпуску падмуркавых блокаў.

Цэнтр твор­час­ці дзя­цей і мо­ла­дзі пры ад­дзе­ле аду­ка­цыі  да­па­ма­гае шас­ці­га­до­ва­му Ільі ШЧЭР­БІ­ЧУ спа­сці­гаць  са­ма­быт­ную куль­ту­ру род­ных мяс­цін праз вы­шыў­ку кры­жы­кам.

Умовы для творчасці

У Чэрыкаве не толькі ствараюцца новыя працоўныя месцы і будуецца жыллё, але і ёсць новыя магчымасці займацца творчасцю. Напярэдадні Новага года тут расчыніў дзверы сучасны раённы Цэнтр культуры плошчай каля 3,5 тысячы «квадратаў». Да паслуг насельніцтва і тых, хто прыедзе на «асваенне» раёна, харэаграфічныя і вакальныя класы, дыскаклуб і бібліятэка, більярдная зала і студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці, канцэртная зала на 300 месцаў, дзе могуць праходзіць мерапрыемствы высокага ўзроўню. Сёння ў цэнтры «прапісаліся» 14 гурткоў і 9 аматарскіх аб'яднанняў. З'явілася магчымасць адкрыць музычную студыю, дзе мясцовыя таленты будуць шліфаваць свой эстрадны вакал і ўдасканальваць харавыя спевы.

Наогул пляцовак для развіцця творчых схільнасцяў у Чэрыкаве хапае. Мясцовыя майстрыхі вядомыя сваімі поспехамі ў саломапляценні, ткацтве, бісерапляценні. З раённым Домам рамёстваў цесна супрацоўнічаюць каля шасцідзесяці майстроў. Цікавасць да народных рамёстваў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пры раённым аддзеле адукацыі прывівае, як той казаў, з маладых пазногцяў. Сярод навучэнцаў педагога дадатковай адукацыі Святланы Смолік шасцігадовы Ілья Шчэрбіч, які за паўгода навучыўся добра вышываць крыжыкам і з лёгкасцю чытаць «зашыфраваныя» схемы.

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шчаслівая сямёрка Магілёўшчыны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.