Вы тут

Гарадскія жанчыны маладзейшыя за вясковых на 7 гадоў


Дзе працуюць нашы жанчыны? Колькі сярод іх кіраўнікоў і навукоўцаў? І ці ўдаецца беларускам сумяшчаць кар'еру і сям'ю?


Краіна працоўных жанчын

На пачатак гэтага года, паведамляе Белстат, у Беларусі налічвалася 5,1 мільёна жанчын (53,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва). Атрымліваецца, што на кожную тысячу прадстаўніц прыгожага полу прыпадае ўсяго толькі 871 мужчына. Большасць беларусак — 78 працэнтаў — жыве ў гарадской мясцовасці. І толькі пятая частка застаецца на сяле.

Сярэдні ўзрост нашых жанчын — 42,4 года. Прычым сярэднестатыстычная гарадская жыхарка на 7 гадоў маладзейшая за вясковую!

Што да месца працы беларусак, то 23 працэнты звязалі сваю дзейнасць з прамысловасцю, 18,5 — пайшлі ў галіну адукацыі, 14,5 — у гандаль. Аховай здароўя і прадастаўленнем сацыяльных паслуг займаюцца 13 працэнтаў жанчын, сельскай і лясной гаспадаркай — каля 8 працэнтаў. Цікава, што пераважна жаночымі застаюцца такія віды эканомікі, як фінансавая дзейнасць, гасцінічны і рэстаранны бізнес, рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання.

Сярод працоўных грамадзянак нашай краіны траціна мае вышэйшую адукацыю. Кожная чацвёртая скончыла сярэдне-спецыяльную навучальную ўстанову, яшчэ 17 працэнтаў — прафесійна-тэхнічную. Сярод даследчыкаў, якія займаюцца навуковымі распрацоўкамі, доля жанчын — 40 працэнтаў.

Паступова змяншаецца разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын. Сёння мужчынскі заробак перавышае жаночы на 23 працэнты. Найменшая розніца ў прыбытках назіраецца ў арганізацыях сельскай гаспадаркі (8,5 працэнта), цэлюлозна-папяровай вытворчасці і выдавецкай дзейнасці (11 працэнтаў), рознічным гандлі (12 працэнтаў).

— Беларусь — краіна працоўных жанчын, — заўважае сустаршыня Беларускага саюза жанчын Антаніна МОРАВА. — Узровень занятасці сярод нашых суайчынніц складае 65 працэнтаў. З жанчын ва ўзросце ад 20 да 44 гадоў працуюць 88 працэнтаў, а з тых, хто мае непаўналетніх дзяцей, — 90 працэнтаў.

Антаніна Морава адзначыла таксама, што мы пазбавіліся ад жаночага беспрацоўя. Калі раней у структуры незанятых грамадзян доля прадстаўніц прыгожага полу складала 69 працэнтаў, то цяпер — 35. Больш актыўна беларусак запрашаюць на кіраўніцкія пасады. 48 працэнтаў з ліку начальнікаў — дамы. Прычым амаль палова з іх мае дзяцей. Беларусь адна з першых выканала мэты тысячагоддзя па ўдзеле жанчын у заканадаўчых органах улады. Так, доля жанчын у парламенце, пачынаючы з 2005 года, складае 30 працэнтаў, у органах выканаўчай улады мясцовага кіравання і самакіравання — 56 працэнтаў, сярод дзяржслужачых — 70 працэнтаў.

— Па індэксе гендарнай роўнасці Беларусь заняла 31-е месца ў свеце сярод 188 дзяржаў. А па індэксе гендарнага развіцця мы ўвайшлі ў першую групу краін. Гэта самы высокі паказчык на постсавецкай прасторы, — каментуе Антаніна Морава.

146 мільёнаў долараў для дзяцей

Хапае ў беларусак часу і на сям'ю. Па статыстыцы, на адну жанчыну прыпадае два дзіцяці.

— Многае робіцца для таго, каб павышаўся прэстыж не толькі мацярынства, але і бацькоўства, узмацняліся сямейныя сувязі. Каб былі добрыя ўмовы для нараджэння дзяцей, — кажа намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА. — Асноўныя захады па падтрымцы сем'яў былі зроблены ў рамках мінулай Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Сёння сістэма дзяржаўнай дапамогі ўключае 11 відаў выплат. Грошы выдаткоўваюцца больш, чым на 540 тысяч дзяцей. Пры гэтым ахоп дапамогай малых ва ўзросце да трох гадоў складае практычна 100 працэнтаў.

Увогуле за апошнія шэсць гадоў колькасць шматдзетных сем'яў вырасла на 17 тысяч. Сёння іх у краіне налічваецца 80 тысяч. Новыя задачы будуць вырашацца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады. Падпраграма «Сям'я і дзяцінства», апроч іншага, прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага партала па пытаннях планавання сям'і, навучальнага модуля па рэпрадукцыйным здароўі.

А Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка сумесна з Мінпрацы і сацабароны і Беларускім саюзам жанчын запускаюць праект «Здаровая сям'я — здаровая нацыя».

— У аснове яго распрацоўкі — усведамленне, з аднаго боку, выключнай ролі жанчыны, маці, з іншага — педагогаў, — адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК.

Праект разлічаны на два гады. Да красавіка правядуць анкетаванне сярод студэнтаў, іх бацькоў і выкладчыкаў, каб вывучыць іх адносіны да сям'і і шлюбу. З мая 2016-га па кастрычнік 2017-га, з улікам вынікаў даследавання, будуць арганізоўвацца мерапрыемствы па прапагандзе сямейных каштоўнасцяў і распаўсюджванні пазітыўнага вопыту культуры сямейных адносін праз СМІ і інтэрнэт. Вынікам праекта стануць рэспубліканскі маладзёжны форум «Сям'я ХХІ стагоддзя» і нацыянальны форум «Здаровая сям'я — здаровая нацыя». Гэтыя акцыі запланаваны на лістапад—снежань 2017 года.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прыгожыя і актыўныя ў любым узросце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цялец. Тыдзень абяцае прынесці пазітыўныя тэндэнцыі ў многіх справах.