Вы тут

Юрый Сапажкоў. Не сыходзь!


Юрый САПАЖКОЎ.

* * *

Ты ўчора ўночы пазваніла мне
Пад цяжарам прынукі абяцання
І голасам напружаным сказала,
Што ты вяртаешся дамоў з вяселля,
Адказвала так сцісла, нерухома
На спробы, жалю вартыя, дапяць,
Чым скутасць змушана твая.
Паўшэптам ты ўсяго сказаць паспела:
Далей няёмка размаўляць, бо даўні сябар
Навіс над тэлефонам-аўтаматам.
Напэўна, цёткай ты яму прадставіла мяне,
Што да цябе прыехала аднекуль.
А я ўявіў цябе ў сукенцы сіняй,
Амаль да пят, з разрэзам на баку,
Нагі маленькае чароўны астравок
Як пробліск рыбіны, што танчыць у вадзе.
Сягоння перад цягніком начным 
Мы зазірнулі на маю кватэрку.
Ты прымярала новыя пакупкі — 
Спаднічку, штроксы, кофтачку і капялюшык,
Што мусілі здзівіць Місхор.
Усё ў абліпачку сядзела на тваім
Такім прыгожым, да нахабства, целе,
Была шчаслівая ты просценькім абноўкам.
Так шчыра, міла і наіўна,
Так верыла ты люстраным адбіткам,
Дурэла, скокала, смяялася, нібы дзіця,
Што я забыў учорашнюю крыўду,
Наіўна і ласкава, акурат «браценік»,
У захапленні папраўляў я шлеечкі твае,
Што падалі з плячэй, на шчасце, часта,
Ты хітравата паглядала на мяне
І не тарашчыцца прасіла, а дапамагчы.
Мы на вакзал вярнуліся пасля
І з рэчамі мяне ты папрасіла пастаяць,
Сама ж пабегла «даць званочак» маме,
Якая непакоіцца й чакае.
Мяне тут быццам нешта штурханула
І я, нібы ачуўся, як учора,
Калі званком мяне падняла ты з пасцелі.
І мне страшэнна раптам закарцела падысці
Да той, што з мамай размаўляла ў захапленні,
Таксама з поўным правам сябра
Над тэлефонам тым без сораму навіснуць.
І я марудна павалокся да фатальнай стрэчы
Ды жвавае тваё маўленне на вачах
Цвярдзела ў нерухомае маўчанне.
Чуваць было, як голасам мужчынскім
Пыталася са слухаўкі нервова мама:
— Што здарылася там з табою? Не маўчы!
«Мой сябра, — я падумаў, — вось цяпер мы квіты...
Хаця... усё ж табе зайздрошчу я:
Бо ты не цётка ёй, як я, ты — мама!»

Не сыходзь!
Па матывах Олдаса Хакслі

Няма мінулага й таго, што будзе потым — 
Ні ратавальных каранёў, ні тых пладоў, што спеюць.
Ёсць колеру прасцін той першацвет, што ўпотай
Пялёсткамі гадзін сплывае ў ночы цемру.
Пабудзь, застанься, не сыходзь, дай мне адолець
Хаду хвілін — падоўжыць ноч на міг ці болей:
На некалькі ўрачыстых і сляпых імгненняў,
Дзе крык і плач да месца болей, чым маўленне.
І дай агню каля агню астыць,
І водар твой, і тое ўсё забыць:
Што мы былі без сораму, цнатлівыя, як дзеці.
І хто на смерць асуджаны, той сам шукае смерці.
Ноч скончыцца, але, мой Божа, цуд ствары — 
Не дай мне згінуць пад лязом зары.

Пункт незвароту

Сысці ад даўніх берагоў
Як некалі, беспаваротна...
Ва ўсіх бывалых маракоў
Паняцце ёсць — пункт незвароту.

Цяпер ужо ў апошні раз!
Узлёт, падзення горыч — што там,
Наперадзе? Так, кожны з нас
Пільнуе свой пункт незвароту.

Ты зараз мусіш вырашаць,
Што ісціна, што — не, не ўпотай.
Пачуць душу сваю, прыняць
Прад гэтым пунктам незвароту.

Пальцы

Яе пабляднелыя ад зробленай памылкі пальцы
Точаныя, як апярэнне птушкі,
З дагледжанымі дзюбкамі пазногцікаў,
Што імгненне назад ляніва 
Шукалі лічынкі літар,
Якія распаўзліся па клавіятуры,
Раптам ператварыліся ў дружных сквапных драпежніц — 
Накінуліся на сапсаваны аркуш паперы,
І ў сметніцу паляцеў,
Ламаючы тонкія костачкі хрусткі камячок.
Нікчэмнае здарэнне, але ж як 
Уразіла яно мяне! Як сціснулася і прыціхла
Душа, пачуўшы небяспеку...
Я месца цэлы дзень не мог сабе знайсці,
Прыйшоў дахаты і са сметніцы скамечаны дастаў
Я аркуш, спісаны наскрозь,
Выпростваў яго доўга, плакаў, 
І суцішаў душу, як мог.

* * *

Думка прыйдзе ў галаву —
Бог за шкірку паднімае
Нас, нікчэмных, угару,
Бы шчанятаў. Ды бывае

(так здараецца часцей),
Думка тым паэту шкодзіць,
Што ці ў голаў не прыходзіць,
Ці ніяк з яе не йдзе.

* * *

У чым ёсць сэнс жыцця? Вучоных процьма, 
Гіпотэзамі смелых і адважных,
(Што жонкам надакучылі, заўважым,
Не справаю мужчынскаю начной,
Вось гэта стала б вартым пахвалы, — 
А геніяльнасцю сваёй),
Адказваюць на хітрыя пытанні
З разумнай галавой ды з сэрцам, быццам камень.
Той кешкаецца ў сховішчы ідэй
Грамадскіх, вудзіць іншы ў возеры самапазнання.
А мой знаёмы ўзяў на выхаванне
З убогага прытулку трох дзяцей.
Вось дзіўнае пытанне, ён смяецца.
Не доўга думаў ён, што адказаць:
«Нам для таго жыццё даецца,
Каб іншым без астатку аддаваць».

Пераклад з рускай Таццяны БУДОВІЧ-БАРАДУЛІ

Друкуецца ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.