Вы тут

Вырашальны кірунак


Сцюдзёны ранак на двары,

Мароз «палапіў» вокны.

І з печы кот, як дзед стары,

На свет глядзіць маркотна.

Гэтыя паэтычны радкі належаць Генадзю Мішчуку. І хоць мы з ім зусім не знаёмыя, я перакананы, што яны маглі нарадзіцца толькі ў вельмі светлай, шчырай душы. Між тым гэтая душа не раз і не два судакраналася з чалавечай бядой і горам: дваццаць гадоў Генадзь адпрацаваў пажарным-ратавальнікам на сваёй роднай Маларытчыне (вось калі, пэўна ж, яму спатрэбілася фізічная загартоўка, набытая падчас тэрміновай службы ў войсках ваенна-паветраных сіл). Праца ратавальніка не з лёгкіх, пра што сведчыць і апавяданне, якое Генадзь Мішчук даслаў на конкурс і якое прысвячае калегам па службе ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

Алесь Бадак


Яўген да драбніц запомніў першы дзень сваёй стажыроўкі ў пажарнай часці. На парозе іх, навабранцаў, за плячыма кожнага з каторых ужо была тэрміновая служба ў войску, ветліва сустрэў начальнік каравула — высокі статны капітан. Ідучы доўгім калідорам, ён весела і крышачку з кпінай гаварыў навічкам: «Нашы любімыя забавы — перацягванне каната, барацьба на руках і гульня ў шашкі — сіла, тактыка, інтэлект у адным флаконе; а пачнем адразу з «абкаткі танкамі» — са «штурмоўкі».

«Штурмоўка» — пад'ём на чацвёрты паверх вучэбнай вежы з дапамогай вузкіх чатырохметровых лесак са сталёвым зубастым гакам на канцы. Натхняючы моладзь, вясёлы капітан гэта практыкаванне выканаў лёгка і проста: зачапіў гакам лескі за падаконнік, за лічаныя крокі ўскочыў па ёй у аконны праём, у імгненне вока перакінуў лескі на наступны паверх...

Яўген усім целам адчуў нервовае напружанне і звычайны чалавечы страх ужо на першай палавіне свайго «ўзыходжання». Нягледзячы на «страхоўку», ён інстынктыўна прыціскаўся да тонкіх лесвічных цяціў, кожны крок рабіў асцярожна, баючыся сарвацца са стромы, а дрыготкія пальцы выдавалі яго хваляванне. Нарэшце вяршыня скарылася яму. Адзін з кагорты навабранцаў пасля гэтага выпрабавання моўчкі развярнуўся і пайшоў забіраць дакументы.

Наступным этапам навучання, пасля таго, як справы са «штурмоўкай» пачалі больш-менш ладзіцца, быў пад'ём па аўтадрабінах. І ўсё той жа вясёлы начальнік каравула, узнімаючы настрой, казаў: «Гэта ж проста песня — хуценька прабегчы трыццаць метраў угору, дакрануцца да неба і ўжо героем спусціцца ўніз». І на гэтым этапе не ўсе пераадолелі сябе. Яўген да неба дакрануўся...

Служыць ён трапіў на вясковы пажарна-ратавальны пост. Камандзірскім рашэннем начальніка аддзела яму ў напарнікі быў назначаны Сяргей — рахманы хлопец, на пару гадоў маладзейшы за яго, адмысловы кіроўца пажарнага аўтамабіля. Хлопцы адразу сышліся характарамі і пачалі хутка ўцягвацца ў службу.

Працоўныя будні былі запоўнены да краёў: адпрацоўка нарматываў, работы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне тэарэтычных ведаў, начныя чаргаванні на пункце сувязі. Пэўна, таму, з-за гэтай мітусні, свой першы выезд на пажар Яўген не запомніў. Усё было як у сне: прыехалі, ацанілі становішча, выбралі вырашальны кірунак і, правёўшы баявое разгортванне, падалі ствол на тушэнне. Потым падаспела дапамога — яшчэ некалькі пажарных разлікаў. Усё было проста і празаічна.

Вырашальны кірунак... Аднойчы, у самым пачатку службы, падчас праверкі боегатоўнасці падраздзялення, адзін з аператыўных работнікаў запытаў у Яўгена, колькі ёсць вырашальных кірункаў, і хлопец, не раздумваючы, адказаў:

— Пяць!..

— Няправільны адказ, — сурова секануў аператыўнік. — Гэта прынцыпаў выбару вырашальнага кірунку пяць, а сам ён, як і ў жыцці, толькі адзін. Запомні і больш не памыляйся. А самы галоўны з іх... — правершчык выразна паглядзеў на Яўгена.

— ...Калі існуе пагроза жыццю чалавека, усе сілы і сродкі скіраваць на яго ратаванне, — бы з аўтамата выпаліў хлопец, паказваючы свае веды.

— А гэта — правільны адказ, таварыш сяржант, — сказаў аператыўнік і моцна паціснуў яму руку. — Служы як належыць!

З цягам часу Яўген прывык і да тэлефонных званкоў. Напачатку здавалася, што кожны з іх — выклік на чарговае здарэнне. А потым аказалася, што асноўная частка іх — звычайныя службовыя пытанні, і не варта кожны раз хвалявацца, калі раздаецца пранізлівы тэлефонны строкат. Але гэта не тычылася званкоў, якімі рэзалі начную цішыню службовых пакояў. Тут усё было наадварот. Ад кожнага з іх веяла бядой і трывогай, якая прымушала сэрца біцца хутчэй ад невядомасці таго, што неўзабаве чакае дзяжурную змену.

Так адбылося і ў тую лютаўскую ноч. Тэлефон зазваніў амаль апоўначы. У суседнім пакоі ўскочыў з ложка Сяргей — змена, што адпачывала. Расхваляваны жаночы голас маліў аб дапамозе: «Пажар! Ратуйце!».

Яўген здолеў крыху супакоіць жанчыну і ўдакладніць адрас месца здарэння. Большага дабіцца ён не змог — у жанчыны зноў пачалася істэрыка, і яна паклала трубку. І закруцілася.

Сяргей пабег у гараж заводзіць пажарны аўтамабіль, а Яўген, на хаду апранаючы баявы рыштунак, перадаў інфармацыю ў раённы аддзел. Праз хвіліну яны імчалі па раскіслай ад лютаўскай адлігі гравійнай дарозе ў суседнюю вёску. Начную цемру расквечвала чырвонае зарыва. Раз-пораз Яўген выходзіў на сувязь з раённым дыспетчарам, паведамляючы аб тым, што назірае, і дакладваў аб сваім месцазнаходжанні. Свайго кіроўцу Сяргея ён не падганяў, той сам умела вёў аўтацыстэрну на гранічна дапушчальнай хуткасці. «Хутчэй, хутчэй!» — у такт гудзенню сірэны гучала ў галаве. Самае цяжкае — чакаць і даганяць. Самае цяжкае — хвіліны невядомасці, якія заўжды здаюцца вечнасцю.

Дом гарэў, як свечка. Полымя цалкам ахапіла дах, агонь выбіваўся з аконных праёмаў. Нягледзячы на позні час, сабраўся натоўп назіральнікаў. І пачаўся адлік. Яўген хутка перадаў інфармацыю ў аддзел і запрасіў дапамогу. Гаварыў коратка і адрывіста, каб не марнаваць часу і хутчэй прыступіць да выканання баявой задачы.

Выбіраць вырашальны кірунак доўга не прыйшлося. Не паспелі хлопцы выскачыць з машыны, як з глыбіні падворка, ад палаючай хаты, да іх падбег чалавек з разгубленым тварам і расхвалявана загаварыў, задыхаючыся ад дыму і хуткага бегу:

— Я — сусед... Там — гаспадар... З другога боку — спальня... Агонь яшчэ не ўбіўся...

Думка спрацавала імгненна.

— Сяргей! Я — туды, а ты — на падстрахоўцы. Двум нельга, я сам, сачы за абстаноўкай!..

Напарнік паспрабаваў было паспрачацца, ды Яўген яго абарваў:

— Я сказаў: сачы за абстаноўкай, ты — мае вочы, ад цябе многае залежыць. І адгані людзей, пакуль я ўключуся ў дыхальны апарат. Большая рызыка, калі пойдзем удвух. Павер...

На хаду праводзячы баявую праверку, ён скіраваўся ў бок хаты, куды паказваў сусед. Напарнік дапамагаў яму падцягваць рукаўную лінію.

Яўген ствалом разбіў аконную шыбу, адцягнуў раму і пералез праз падаконнік у пакой. Сяргей, выконваючы загад свайго камандзіра, застаўся сачыць за становішчам звонку.

У хаце было моцнае задымленне і высокая тэмпература. Яўген не бачыў сваёй рукі, якую паднёс да самога шкла панарамнай маскі. І пажарны ліхтар тут быў слабай дапамогай. За сцяной, за шчыльна зачыненымі дзвярыма і над столлю гудзела полымя. Нешта страляла і падала. На кухні грымеў посуд. Здавалася, што ўся хата, як жывая істота, білася ў смяротнай агоніі. Яўген навобмацак ішоў уздоўж сцяны пакоя. Наткнуўся на невялічкую канапу — яна была пустая. На падлозе, каля яе, таксама нікога не было. Злева намацаў ложак. Ён быў прыбраны. Піраміда з падушак рознай велічыні месцілася на ім. «Некрануты...» — адзначыў Яўген. Сяргей, які стаяў на вуліцы насупраць аконнага праёму, быў гатовы ў любую хвіліну рынуцца на дапамогу. Дыхальны апарат за плячыма сведчыў аб гэтым.

— Што там? — праз гул і трэск пракрычаў ён.

— Пакуль нічога...

Шафа цёмнай зданню стаяла ў кутку. «Нічога, яшчэ ёсць час», — супакойваў сябе Яўген. Ён стаў на калені, каб больш дасканала яшчэ раз агледзець пакой. Памацаў рукамі пад ложкам — нікога. Пуста. Гаспадара нідзе няма. Няўжо ўсё дарэмна?!

— Выходзь! Хутчэй выходзь! Вельмі небяспечна! — знадворку галосна пракрычаў Сяргей і пачаў стукаць абухом сякеры па сцяне, пазначаючы Яўгену месца выхаду.

Яны толькі паспелі адцягнуць рукаўную лінію, як з трэскам абваліўся франтон, і частка даху, прабіваючы столь, увалілася ў хату. На дапамогу прыехалі яшчэ некалькі пажарных разлікаў на чале з начальнікам аддзела.

Яўген пачаў дакладваць яму аб выніках разведкі, ды той сурова яго абарваў.

— Чаму сам? Чаму сам, я ў цябе пытаю? Хто табе даў права парушаць статут і тэхніку бяспекі?..

— Не час нешта тлумачыць, таварыш маёр, — стомленым голасам адказаў Яўген. — Дазвольце працягваць выкананне баявой задачы.

Начальнік разгневана махнуў рукой і пайшоў да радка пажарных машын, дзе ва ўсю кіпела работа. Байцы, разбіўшы перыметр на баявыя ўчасткі, прыступілі да актыўнага тушэння пажару.

...Гаспадара хаты знайшлі пры разборцы завалаў у суседнім пакоі. Менавіта там быў ачаг пажару, самае яго пекла. Чалавек загінуў яшчэ ў першыя хвіліны трагедыі, і Яўген ніяк не мог яму дапамагчы.

Аднак гэта не суцешыла хлопца...

Генадзь МІШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».