Вы тут

У музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» - абноўленая экспазіцыя


Ёсць у Брэсце музей, экспазіцыю якога складаюць прадметы мастацтва, што ў свой час былі канфіскаваныя мытняй пры спробе незаконнага перамяшчэння. Мастацкія каштоўнасці затрымліваюць на мяжы рэгулярна. Часам удаецца ўстанавіць сапраўднага гаспадара рэчы, тады яна вяртаецца музею ці галерэі. Але ж нярэдка факт перамяшчэння носіць крымінальны характар, і ніхто не спяшаецца заяўляць свае правы. Тады карціна альбо ікона, посуд ці сувенір застаюцца. Вось з такіх экспанатаў склаўся больш за чвэрць стагоддзя таму музей.


Іры­на Та­ры­ма праводзіць экскурсію.

Цяпер тут захоўваюцца работы Айвазоўскага, Урубеля, Броннікава, Лежэ, абразы пачынаючы з эпохі Сярэднявечча, шэдэўры фірмы Фабержэ і шмат іншага, цікавага і прыгожага. Культурная ўстанова размешчана ў самым цэнтры горада, у асабняку, узведзеным яшчэ за польскім часам.

Дык вось пасля таго, як у 2009 годзе адзначылі 20-гадовы юбілей «Выратаваных каштоўнасцяў», было аб'яўлена аб капітальным рамонце і грунтоўным абнаўленні экспазіцыі. Праўда, на рамонт музей не закрывалі, работы ў памяшканнях працягваліся паэтапна. Зусім нядаўна калектыў музея прадставіў наведвальнікам сапраўды абноўленую экспазіцыю.

На прэзентацыі-адкрыцці дырэктар музея Ірына ТАРЫМА шмат цікавага расказала пра асобныя экспанаты. Кантрабандысты ж прыдумваюць самыя розныя спосабы, каб схаваць рэч ад памежнага і мытнага дагляду. Каштоўнасці везлі ў падушках, кнігах, кантэйнерах і бляшанках ад кавы. Вялікія карціны альбо абразы, здаралася, распілоўвалі на часткі. Не пашанцавала, напрыклад, абразу святога Уласія Севасційскага. Зламыснікі распілавалі ікону на шэсць частак. Вертыкальны разрэз прыйшоўся якраз на выяву святога. Нядаўна абраз рэстаўравалі. Яго можна ўбачыць у музеі.

Экс­па­на­ты му­зея.

Ірына Тарыма заўважыла, што абразоў ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў шмат, але амаль уся калекцыя патрабуе рэстаўрацыі. Працэс паціху ідзе. І ў зале рускага іканапісу зараз упершыню выстаўлены рэдкія абразы «Трыёдзь цвятная», «Увераванне Фамы», «Саюзам любові звязаныя апосталы». Ёсць у брэсцкай «выратаванцы» вельмі рэдкія ўзоры ікон з подпісам аўтара. У іх ліку адзін з двух вядомых абразоў Васіля Фятцова (другі знаходзіцца ў Маскве).

У музеі маецца зала, прысвечаная краінам Усходу, дзе прадстаўлена нават мастацтва будызму. Акрамя агульнай экскурсіі тут можна замовіць тэматычныя прагляды.

yackevіch@zvіazda.by

Фо­та Ва­ле­рыя КА­РА­ЛЯ

Загаловак у газеце: Фабержэ на мяжы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».