Вы тут

Як зразумець, што маўленне ў вашага дзіцяці развіваецца нармальна?


Наколькі тэрмінова трэба звяртацца да лагапеда? Вы будзеце ведаць адказы на гэтыя пытанні, калі будзеце знаёмыя з усімі этапамі развіцця дзіцячага маўлення.


Да канца 1 месяца жыцця здаровае дзіця ўжо рэагуе на зварот да яго: перастае плакаць, засяроджваецца на дарослым, калі да яго звяртаюцца. Пры фізічным напружанні дзіця крэкча, выдае гукі «а», «э».

У 2 месяцы дзіця ўсміхаецца падчас кантактаў. Пачынае крычаць, і ў крыку з'яўляюцца розныя інтанацыі. Можа крычаць цярпліва, агідна, саступаючы, пратэстуючы. Крык можа быць і патрабавальным, заклікальным, капрызным. З'яўляецца так званае «гуленне» — вымаўленне такіх простых гукаў, як «а», «у», «ы», часам у спалучэнні з «г» або «к».

3 месяцы. Замест крыку ўсё часцей чуваць хныканне і плач. Дзіця смяецца і павісквае ў адказ на радасны зварот дарослага. Дзіця выдае гукі «б-у», «в-і», «а-а-бм-бм», «бль», «у-гу», «бу» і г.д.

4 месяцы. Гучны смех пры станоўчых эмоцыях, павіскванне на казытанне. Падчас гулення можна пачуць «а-о-у», «ю-а-а». Гуленне становіцца працяглым. Гукі вымаўляюцца пад кантролем слыху. Таму становіцца магчымым сапраўдны дыялог: вы паўтараеце дзіцячыя гукі, дзіця сцішваецца пры гэтым і прыслухоўваецца да вас, а пасля пачынае гуліць яшчэ больш гучна і актыўна.

5 месяцаў. Зычныя «п», «б», «м», «т», «д» звязваюцца з галоснымі: «ба, га, да, ма, ам, та». З'яўляюцца «а-ма» ці «а-ба», «а-на», «а-да». Не прамаўляюцца асобныя склады кшталту «ма», толькі «ма-ма» або «ма-ма-ма-ма». Некаторыя мамы расказваюць пасля, што іх дзіця ўжо з 5-6 месяцаў вымаўляла словы.

6 месяцаў. Дзіця прыслухоўваецца да голасу дарослага, правільна рэагуе на інтанацыю, пазнае знаёмыя галасы.

7 месяцаў. Выкарыстоўваюцца розныя галасавыя інтанацыі для прыцягнення ўвагі, лепет усё больш актыўны.

8 месяцаў. Узнікае рэакцыя на незнаёмы твар, дзіця можа заплакаць. Адзін з найважнейшых паказчыкаў нармальнага развіцця маўлення — лепет, паўтарэнне аднолькавых складоў: ба-ба, да-да, па-па. Асвойваюцца гукі п, б, м, г, к, э, а.

9 месяцаў. Актыўныя кантакты з дапамогай жэстаў, з радасцю гуляе ў ладкі.

10 месяцаў. Ёсць хоць бы адно-два лепетныя словы кшталту ляля, баба. Дзіця паўтарае за дарослым новыя склады.

11 месяцаў. Першыя словы звычайна абазначаюць блізкіх «ма», «па», «ба», а таксама дзеянні і прадметы, якія часта называюць бацькі: «ам», «ам-ам», «ав», «в-ав», «бі-бі», «кіс-кіс», «бай».

1 год. Ва ўжыванні — 3-5 лепетных слоў. Аднак сэнс у іх вельмі шырокі. Слова «мама» можа азначаць і зварот, і скаргу, і настойлівае ўказанне, просьбу ўзяць на рукі. «Да-да» можа азначаць: «Дай мне хутчэй маю бутэлечку!».

1 год 3 месяцы. У моўным запасе да 10 слоў. Дзіця разумее простую інструкцыю без жэсту. «Дай ручку!», «Дзе тата?». Знаёмыя словы (лялька, мячык) паказвае на малюнку.

1 год 6 месяцаў. Паказвае адну з частак цела, у моўным запасе каля 20 слоў.

1 год 9 месяцаў. Паказвае тры часткі цела, выкарыстоўвае фразы з двух слоў «Мама, дзі», «Дай ляля».

2 гады. Паказвае пяць частак цела, слоўнікавы запас мінімум 50 слоў. Правільна разумее інструкцыю з двух этапаў «Пайдзі на кухню і прынясі кубак», будуе сказы з двух слоў «Тата бі-бі».

2 гады 6 месяцаў. Называе многія часткі цела. Моўны запас вялікі. Кажа пра сябе «Я пайшоў», «Я сам», адказвае на пытанне «Як цябе завуць?», будуе фразы з 3-4 слоў, задае пытанні «Што гэта?», «Хто гэта?».

3 гады. Аб'ём слоўніка — да 1000 слоў. Простыя сказы з 3-4 слоў. Маўленне зразумелае не толькі блізкім. Дзіця размаўляе з іншымі людзьмі, расказвае пра тое, што адбылося, адказвае на пытанні па сюжэтным малюнку, расказвае знаёмую казку, з'яўляецца схільнасць да рыфмавання. Можа вывучыць кароткі верш. Надыходзіць узрост «чамучкі» — пазнання свету.

Загаловак у газеце: Гулі-гулі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?