Вы тут

Эрмітажныя мурлыкі


Калі будзеце ў Санкт-Пецярбургу, не забудзьцеся, акрамя магніцікаў, купіць на памяць яшчэ і сувенір з выявай ката ці кошкі. Па адной з легендаў, сам Пётр І прывёз вялізнага мурлыку з Галандыі і пасяліў яго ў старым Зімовым палацы. А імператрыца Лізавета Пятроўна, якая пакутавала ад полчышчаў пацукоў і мышэй, выдала ў 1745 годзе «Указ аб высылцы да двара катоў», згодна з якім трэба было даставіць з Казані «30 найлепшых і вялікіх мурлыкаў, здатных да лаўлення мышэй».


«Эр­мі­кі» за­пра­ша­юць.

Асобы, набліжаныя да імператара

Патомкі тых катоў, на жаль, не перажылі страшную блакаду. Выпадковы спадарожнік па цягніку расказаў мне, што пасля вайны з Сібіры ў Піцер прывезлі ажно некалькі вагонаў «вусатых», каб выратаваць паўночную сталіцу ад грызуноў — яны не на жарт сталі пагражаць гораду на Няве.

Пра «эрмікаў» (скарочана — эрмітажных, або палацавых кошак) мне расказала яшчэ адна жыхарка Пецярбурга — маладая дзяўчына, якая прадавала майкі з іх сімвалічнымі выявамі. «У склепах Эрмітажа каля сотні гэтых прыгожых жывёл, — паведаміла яна. — Іх вельмі паважаюць і нават клічуць па імёнах».
Па Піцеры я гуляла ў лютым пад халодным дажджом — а гэта не вельмі спрыяльнае надвор'е для катоў. Напэўна, яны хаваліся дзесьці ў цёплых падвалах. Але летам, казала дзяўчына, каты выходзяць пагрэцца на сонейку і не супраць сфатаграфавацца з турыстамі на памяць.

Пры жаданні ў музеі вам раскажуць шмат цікавых гісторый пра чатырохногіх прыдворных. Іх тут вельмі паважаюць, бо яны ахоўваюць культурную спадчыну ад грызуноў. За пасляваенны час кошкі так распладзіліся, што ў 1960-я гады, кажуць, прыходзілася асабліва нахабных зганяць з царскага трона. З лішнімі праблем не было — іх разабралі ахвотныя. Гэта ж не нейкія там бадзяжныя жывёлы, а «асобы, набліжаныя да імператара».

Эр­мі­таж­ныя мур­лы­кі ўдзель­ні­ча­юць у ба­лях.  Кас­цю­мы ім шы­юць са­праўд­ныя ку­цюр'е.

Фотамастак Эрмітажа Юрый Маладкавец зрабіў цікавы фотапраект. Дзякуючы яму 12 пушыстых гадаванцаў атрымалі сусветную вядомасць. Аўтар не паленаваўся даць сваім мадэлям невялічкія характарыстыкі. Вакса, напрыклад, жыве выключна ў дварах Эрмітажа. Асоль можна сустрэць на Палацавай набярэжнай, дзе яна назірае за караблямі, якія праплываюць міма.

Дзверы музейных зал для катоў, безумоўна, зачыненыя. Найбольш прывілеяваныя маюць доступ у гаспадарчы аддзел, але большасць жыве ў «кухонным» дворыку Эрмітажа, які дасведчаныя людзі называюць «вялікі каціны падвал». Там супрацоўнікі падкормліваюць сваіх падапечных.

Сутарэнні Эрмітажа — ідэальнае месца для жыцця катоў. Тут суха, цёпла і светла. У дзвярах адмысловыя праёмы ў ніжняй частцы — каб кошкі маглі трапіць дадому ў любы час сутак.

У Дзень эрмітажнага ката (раней адзначаўся ў сакавіку, а цяпер, па некаторых звестках, 21 красавіка) у Эрмітажы праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым «байцам нябачнага фронту». Наведвальнікаў пускаюць у службовыя памяшканні: на гарышча і ў сутарэнні. Паглядзець на самых ганаровых у Расіі катоў не менш цікава, чым на славутыя калекцыі палаца.

Парт­рэ­ты ка­тоў Эр­мі­та­жа  на­пі­саў ма­ла­ды ўзбек­скі мас­так Эль­дар За­кі­раў.

МУРкоўнае пірожнае і котакампот

Калі сустрэцца непасрэдна з эрмітажнымі кошкамі не пашчасціла, не сумуйце. Іх сваякі жывуць непадалёк ад Эрмітажа, ва ўтульнай котакавярні на вуліцы Якубовіча. Гэта прыкладна за 100 метраў ад Ісакіеўскага сабора. Прайсці міма немагчыма. На прыступках кавярні важна сядзіць пузаты металічны кот, які ўсім сваім выглядам запрашае сфатаграфавацца на памяць. А лепей зайсці ў госці. Дызайн памяшкання прадуманы да дробязяў. Кожны сантыметр нагадвае: «Увага, тэрыторыя кошак». Неабыякавыя людзі зрабілі для гэтых прыгожых жывёл нешта накшталт прытулку. Атрымалася так, што нават пачынаеш зайздросціць катам. Прыгожа жыць не забароніш! Тут можна выпіць кубачак гарбаты або кавы і пакаштаваць смачнае пірожнае. Напрыклад, смаката пад назвай «Мара кошкі Саксіі» каштуе 210 рублёў (прыкладна 60 тысяч беларускіх). «МУРкоўнае пірожнае» — 160 рублёў (45 тысяч беларускіх). Запіць усё гэта можна для поўнага шчасця «Котакампотам» (ён тут усяго 70 рублёў, нашымі — тысяч 20). І — гуляць дык гуляць — купіць экскурсію за 350 рублёў (амаль 100 тысяч. У Эрмітаж, калі што, прыблізна столькі ж) у будні або за 500 у выхадныя і пазнаёміцца з тымі, дзеля каго, па сутнасці, сюды і прыйшлі. На момант майго наведвання пушыстых жыльцоў тут было 24 — розных парод і характараў. Калі ты бачыш гэтых цудоўных прыгажуноў і прыгажунь, ніякіх грошай не шкада. Заадно ўбачыце тую самую Саксію, чыю «мару» паспыталі.

Мі­ма гэ­та­га мес­ца нель­га прай­сці абы­яка­вым.

На стасункі з гадаванцамі адводзіцца каля гадзіны. Не факт, што ўсе з іх пажадаюць аддаць вам даніну павагі. Але настрой будзе забяспечаны. Калі з'явіцца жаданне ўзяць у падарунак сімпатычнага пушыстага сябра, тут абяцаюць дапамагчы. На крайні выпадак, купіце сувенір. Тут яны на любы густ. У тым ліку і паштоўкі з вышэйзгаданымі «эрмікамі».

Наогул, прадметаў з сімволікай палацавых катоў у Піцеры больш чым дастаткова. Іх можна знайсці ў Кунсткамеры, іншых блізкіх да Зімовага палаца музеях і крамах. У Эрмітажы прадаецца каля двух дзясяткаў (можа вы налічыце і болей) розных прыемных дробязяў на кашэчую тэматыку — ад статуэтак да маек. Каштуе гэта не вельмі танна, але, здаецца мне, што «эрмікі» будуць удзячныя за ўвагу і вам абавязкова пашчасціць.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».