Вы тут

ААН і сусветная навуковая супольнасць лічаць узростам старасці 60+


Назавіце сучасную 60-гадовую жанчыну бабулькай — пакрыўдзіцца, і будзе мець рацыю.

Аўтар «Боскай камедыі» Дантэ Аліг'еры лічыў, што старасць надыходзіць у 45 гадоў. Скажыце гэта каму-небудзь цяпер — убачыце ў лепшым выпадку здзіўлены позірк у адказ. Тое, што зараз у параўнанні з мінулым значна вырасла працягласць жыцця — ні для каго не сакрэт. Але гэта не проста значыць, што пажылыя людзі даўжэй жывуць. Старасць як узроставы этап зрушылася ў часе — цяпер яна пачынаецца нашмат пазней.

Калі ў двух словах, то ААН і сусветная навуковая супольнасць цяпер лічаць узростам старасці 60+. А вось калі больш дакладна, то людзей ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў адносяць да ліку пажылых, пачынаючы з 75 гадоў — да людзей старэчага ўзросту, з 90 гадоў — да доўгажыхароў.


Час, у які мы жывём, шмат у чым унікальны, і ў тым ліку тым, што ніколі яшчэ ў гісторыі чалавецтва не было такога, каб пажылых людзей у грамадстве было больш, чым дзяцей. Цяпер мы ўшчыльную наблізіліся да такога стану спраў.

Эксперты сцвярджаюць, што да 2050 года доля пажылых людзей у свеце падвоіцца і складзе прыкладна 22% ад усяго насельніцтва планеты. А вось айчынныя спецыялісты прагназуюць, што ўжо да 2020 года доля пажылых людзей у нашай краіне можа дасягнуць 27%.

Кожны з нас хацеў бы жыць доўга, але за апошні час парадаксальным чынам атрымалася так, што павелічэнне працягласці жыцця стала нейкай страшылкай нашых дзён. Цяпер шмат пішуць пра падзенне долі працаздольнага насельніцтва і, адпаведна, пра рост нагрузкі на яго ў сувязі з неабходнасцю ўтрымліваць старых. І хоць чалавецтва ніколі яшчэ ў сваёй гісторыі не жыло так сытна, атрымліваецца, што старэнне грамадства — гэта пагроза. Магчыма, так і было б, калі б не адно «але», пра якое мы і напісалі ў пачатку: старасць у ХХІ стагоддзі, асабліва калі чалавек сочыць за сабой і сваім здароўем, прыходзіць пазней.

Ця­пер у Бе­ла­ру­сі пра­жы­ва­юць 2 міль­ё­ны 592,8 ты­ся­чы пен­сі­я­не­раў. З іх 82% — атры­маль­ні­кі пен­сіі па ўзрос­це. Па ста­не на 1 сту­дзе­ня гэ­та­га го­да 651,2 ты­ся­чы пен­сі­я­не­раў пра­цяг­ва­юць пра­ца­ваць. Ся­род пра­цу­ю­чых пен­сі­я­не­раў 90-га­до­вую мя­жу пе­ра­сяг­ну­лі 18 ча­ла­век.

Ды і мужчыны ў большасці сваёй у гэтым узросце лічаць, што яны яшчэ «хоць куды»! Цяперашнія 55-60-гадовыя і не выглядаюць, і не адчуваюць сябе пажылымі, ды і патрэбы ў іх яшчэ далёка не як у старых — большасць хочуць быць у гушчы жыцця. А што дае для гэтага лепшыя магчымасці? Як правіла, праца. Яна ж не толькі сродак для выжывання або заробку: гэта і магчымасць мець пэўны сацыяльны статус, пэўную ролю ў грамадстве. Праца дае пачуццё годнасці: успомніце, як часта старыя з гонарам заяўляюць: «Я ўсё жыццё працаваў!» Калі больш не працуеш, то з жыцця сыходзяць мэты і разнастайнасць чалавечых адносін. Таму, нават калі ў гэтым няма неабходнасці, пажылыя людзі імкнуцца знайсці магчымасць працягваць працаваць. Быць занятым, карысным іншым — нагода для самапавагі і найважнейшая ўмова для шчаслівага жыцця.

Сёння ў нашай краіне існуе схема адтэрмінаванай пенсіі, калі чалавек пры дасягненні пенсійнага ўзросту сам можа вырашаць, атрымліваць яму выплаты ад дзяржавы зараз ці пазней. Па звестках за восень 2015 года, такім правам скарысталіся больш за 6,2 тысячы пенсіянераў. А многія працягваюць працаваць і атрымліваць пенсію.

У любым выпадку права на працу — адно з найважнейшых для чалавека любога ўзросту, і вельмі важна, каб людзі ў пошуках працоўнага месца не сутыкаліся з дыскрымінацыяй па ўзросце.

Дарэчы, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Зінаіда Мандроўская лічыць, што людзі пэўнага ўзроўню на момант выхаду на пенсію (55-60 гадоў) маюць велізарны назапашаны вопыт, які мае вялікую каштоўнасць для любой арганізацыі. І прапаноўвае ўнесці ў працоўнае заканадаўства пэўныя змены, напрыклад, каб у чалавека, які адмовіўся ад атрымання пенсіі і перайшоў на налічэнне бонусаў, была гарантыя ад працадаўцы, што з ім не будзе спынены працоўны кантракт. Гэтая мера дазволіла б даць больш магчымасцяў пажылым людзям і зняла б стрэсавую сітуацыю, звязаную з большай цяжкасцю працаўладкавання ў гэтым узросце.

Між іншым, пажылы ўзрост зусім не накладвае абмежаванняў і на асабістае жыццё. Так, згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у нашай краіне ў 2014 годзе шлюбны саюз у сталым узросце заключылі 1010 жанчын і 1560 мужчын. Пры гэтым у 779 выпадках і жаніх і нявеста былі ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя.

Беларускія пенсіянеры актыўна асвойваюць і новыя тэхналогіі. Паводле дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, людзі старэйшага ўзросту ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт, асвойваюць смартфоны і планшэты. Яшчэ ў 2014 годзе доля карыстальнікаў камп'ютара і, у прыватнасці, Глабальнай сеткі сярод людзей старэйшых за працаздольны ўзрост склала 20,9%. Сярод пажылых гараджан інтэрнэтам карыстаюцца 25,2%, сярод пажылых вяскоўцаў — 10,8%. Пры гэтым большасць пажылых карыстальнікаў заходзяць у інтэрнэт штодня. І навіны чытаюць, і ў форумах актыўна ўдзельнічаюць. Так што беларусы старэйшага ўзросту ў большасці сваёй не адстаюць ад сучаснага жыцця.

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Без абмежаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».