Вы тут

Не пачынайце шлюб з недаверу


Тэму, якую мы сёння будзем абмяркоўваць на «кухні», падказалі самі чытачы. Пасля выхаду ў «Сямейнай газеце» за 11 лютага інтэрв'ю з псіхолагам Паўлам Зыгмантовічам «Шлюб — гэта самаабмежаванне і абавязкі...» на адрас рэдакцыі літаральна пасыпаліся лісты і званкі.


Так, патэлефанавала маладая дзяўчына. Расказала, як ёй да вяселля многія сябры раілі не спяшацца ісці ў ЗАГС. Маўляў, паспееш яшчэ, пажыві з ім хоць паўгода, разам здыміце кватэру. А раптам вы ў побыце не сумяшчальныя? «Я спачатку паддалася ўплыву і прапанавала свайму хлопцу пажыць разам. Але ён адмовіўся наадрэз. Спаслаўся на свой мінулы досвед. Сказаў, што нічога з гэтага добрага не атрымаецца. І толькі цяпер, пасля таго, як мы пражылі разам у афіцыйным шлюбе год, я яго зразумела. І вельмі рада, што прыслухалася тады. Бо падобныя «праверкі» — гэта ўжо недавер. А пачынаць сумеснае жыццё з недаверу няправільна... У побыце, сапраўды, хапае ўсялякіх момантаў, але, калі ты кахаеш чалавека і хочаш быць з ім, то яны не змогуць разбурыць адносіны».

«Выратавальнае святло хрысціянскай маралі»

«Хапіла ж нам і сталінскіх рэпрэсій, і Чарнобыля. А цяпер вось захліснула хваля п'янства, наркаманіі, жорсткасці бацькоў да дзяцей і дзяцей да бацькоў. Коціцца, не жадаючы спыняцца, хваля самагубстваў. І калі ўсе пералічаныя жахі мы сапраўды бяром блізка да сэрца, то на страшнае парушэнне Божай запаведзі «Не пралюбадзейнічай» чамусьці ўжо — о жах! — амаль не звяртаем увагі, — піша наша пастаянная чытачка Галіна Эдуардаўна Таўлуй, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. — Возьмем, напрыклад, святое слова «шлюб». Давайце ўсё-такі, захоўваючы хоць проста лагічнае мысленне, прызнаем, што на самай справе ёсць толькі два віды шлюбу: грамадзянскі, калі мужчына і жанчына рэгіструюць свой законны саюз у ЗАГСе, і царкоўны, калі яны вянчаюцца ў царкве ці касцёле. І як жа апаганьваецца гэтае светлае слова «шлюб», калі ім называюць проста сужыццё мужчыны і жанчыны. Які «грамадзянскі шлюб», калі гэта толькі грахоўнае суіснаванне дваіх палавых партнёраў?! Адракаюцца свядома мужчына і жанчына ад духоўнасці, ад хрысціянскай маралі — зло імкнецца насустрач. А потым ужо ўсім грамадствам, але з болем, з адчаем пажынаем д'ябальскія плады: сем'і распадаюцца, як ніколі (а як ім не распадацца, калі не захоўваецца чысціня, цнатлівасць дзяўчат і хлопцаў да грамадзянскага або царкоўнага шлюбу, калі прапагандуецца як мага большая колькасць любоўных уцех?); у сем'ях, якія быццам захоўваюцца, пастаянныя канфлікты праз здрады мужа ці жонкі (а як не быць такім здрадам, калі, праэксперыментаваўшы з некалькімі палавымі партнёрамі, усё-такі па збегу абставін зарэгістравалі свой саюз у ЗАГСе).

Разбураюцца сем'і — пакутуюць дзеці, якія ўваходзяць у жыццё зраненымі духоўна і ў сэрцах якіх збіраюцца боль, страх, злосць, адчай. Не было ў сям'і месца для маралі, духоўнасці — не будзе святла, любові, надзеі, веры ў дзіцячых душах. Зло ж асабліва моцна бярэ ў абдымкі такіх дзяцей: наце вам для суцяшэння алкаголь, наркотыкі, самагубства.

Але, дзякуй Богу, наша моладзь спрабуе ісці на выратавальнае святло Божых запаведзяў, вучыцца адрозніваць, дзе сапраўды зло, а дзе дабро. Цешуся, калі бачу, што юнакі і дзяўчаты з задавальненнем наведваюць духоўна-маральны клуб «Промні надзеі» (ён створаны пры ліцэі, у якім я працую 33 гады). Яго дзейнасць накіравана на асэнсаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, хрысціянскай маралі».

«Часам гэта надакучвае, але інакш — бардак»

«Так, сёння шмат шлюбаў распадаецца (пішаце, што 50%), але наконт сужыцця — распадаюцца ўсе сто працэнтаў, — разважае Рамуальд са Слоніма. — Калі робіш жанчыне прапанову пажаніцца, і яна згаджаецца, гэта значыць, што яна гатова да сур'ёзных адносін і хоча мець ад цябе дзяцей. А калі яна кажа: «Навошта гэтыя фармальнасці? Нам добра і без штампа ў пашпарце», гэта значыць (на 90%), што ты для яе — часовы варыянт, ці ў яе ёсць яшчэ нехта. Вядома, Рамэа і Джульету Шэкспір з дапамогай свайго таленту пазбавіў ад усялякіх роспісаў, але ў нашым рэальным жыцці адносіны дарослых людзей (не толькі шлюбныя, але і дзелавыя і г.д.) рэгулююцца подпісамі і штампамі. Вядома, часам гэта надакучвае, але інакш — бардак.

Мы не анёлы, можна жыць без усялякага афармлення адносін, можна мець «выпадковыя сувязі», але падтрымліваць гэтую справу як прыкмету сучаснасці і «прасунутасці» не варта.

Разам з тым не падтрымліваю погляд, што «да вяселля — ні-ні». Трэба праверыць сумяшчальнасць наконт сексу (як казаў Зігмунд Фрэйд, «лібіда вызначае быццё»)».

Адносіны — гэта не гандаль

«Я абедзвюма рукамі за шлюб, — піша Вікенцій з Віцебска. — Для мяне гэта вельмі сур'ёзны, лёсавызначальны выбар, праява даверу, узаемная згода ісці разам па жыцці, дзяліць гора і радасць, дапамагаць, узбагачаць адно аднаго. Разам з тым шлюб для мяне — гэта сапраўдная рамантыка, вандроўка з непрадказальнымі прыгодамі, а не ружовыя бурбалкі ілюзій.

Мужчыну насамрэч не так шмат патрэбна: натхненне, адчуванне, што яго кахаюць (гэта і ёсць сапраўдная
безумоўная падтрымка), і павага да ўнутранай свабоды. Пачнем з першага — тут маецца на ўвазе менавіта натхненне ад жанчыны. Яно акрыляе, дае энергію на здзяйсненне маштабных планаў (у тым ліку і агульных), самых светлых мар і, вядома, на ажыццяўленне жаданняў жанчыны. А ў сучасным свеце, які стаў надта карыслівым, эгацэнтрычным (і ад гэтага і пакутуе душа чалавека), усё дагары нагамі. Жанчыну прывучаюць думаць так: «Няхай ён спачатку пакажа, што можа здзейсніць усё, што я хачу, а я пагляджу». Але ж чалавек — не мэбля, не пральная машына. Чалавек — гэта мэта, а не сродак. І калі забыцца на гэта, тады ўсё жыццё незаўважна можа мінуць у гонцы за міфічным шчасцем. ...Між тым, як аказалася, я і сам магу натхняць сваю жонку...

Але натхненне — гэта першы крок. Падтрымка ад каханае жанчыны — гэта найвышэйшая ўзнагарода для мяне. Менавіта ўнутраная падтрымка, разуменне, душэўная цеплыня, а не «Спачатку няхай дасць мне нешта, а потым, можа быць, і я...» Хто і дзеля чаго захоча мець такія адносіны? Ці будуць яны здаровыя? Людзі прызвычаіліся найперш браць, а не даваць. Усе патрабуюць гарантый, і гэта нагадвае гандаль. Але ж, думаю, жаночае шчасце ў тым, каб кахаць. Тут некаторыя жанчыны могуць закрычаць: «А чаму гэта я павінна кахаць? Няхай мяне кахаюць!» Не, не павінна, як і мужчына нічога не павінен. Але шчаслівая тая жанчына, якая сапраўды кахае, бо навокал яе ўсё квітнее... І такі душэўны стан не купіш. Памятайце: выбірае жанчына. Калі яна не выбірае, то за яе гэта робіць грамадства, маці, глянцавыя часопісы, ТБ, альбо побач аказваецца «не той мужчына»...

А цяпер, бадай, самае складанае. Жанчына і мужчына разумеюць паняцце «свабода» палярна супрацьлегла. У жанчыны яно выклікае страх, асацыяцыю з хаджэннем «налева», з нядбайным стаўленнем мужа да сваіх абавязкаў. Для мяне ж свабода — гэта зусім іншае. Гэта калі абое цэняць свабодны свядомы выбар быць разам. Паважаюць адно аднаго, стараюцца прыслухоўвацца да ўнутранага стану свайго абранніка. Гэта калі абое — дарослыя людзі, а не капрызныя спажыўцы, якія грызуць адно аднога, мэта якіх — не сам чалавек, а хібная карысць, якую ён атрымае ад шлюбу.

Цяжка даць формулу шчасця. Сэнс залягае глыбей — варта прыслухацца да сябе...»

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».