Вы тут

Як не набыць няякасную тэхніку?


Набываеце новенькі тэлевізар, заказалі дастаўку? Але, калі высветлілася, што тавар вам дастаўся з дэфектам, прадавец адмовіўся замяніць яго на якасны? Падобных скаргаў, на жаль, сёння паступае шмат. Калі я звярнулася ў Мінскае таварыства спажыўцоў, каб атрымаць парады, як застрахаваць сябе ад сапсаваных пакупак, там якраз разбіралі падобную сітуацыю. Адна з крам, якая гандлюе складанымі тэхнічнымі таварамі, адмаўляла пакупніку ў замене і не збіралася вяртаць грошы, абвінавачвала ў тым, што ён сам пашкодзіў свой тэлевізар. Маўляў, прычына, няспраўнасці — механічны ўдар. Але навошта чалавеку, які аддаў 25 мільёнаў, ламаць новую тэхніку? Затое пры такім падыходзе магазіна атрымлівалася, што рамантаваць няякасны тавар спажыўцу давядзецца за ўласныя грошы.


«Механічнае пашкоджанне» — добрая адпіска для гандлёвых прадпрыемстваў, каб пазбавіцца ад абураных пакупнікоў. Прычым такія адказы атрымліваюць уладальнікі вялікай колькасці разнастайных рэчаў: мабільных тэлефонаў, планшэтаў, халадзільнікаў, газавых пліт, пральных машын, халадзільнікаў, тэлевізараў. Калі вы набылі тавар, якім немагчыма карыстацца, у дадатак з дыягназам «механічнае пашкоджанне», нават ніхто разбірацца не будзе, калі ён быў сапсаваны — у час дастаўкі, альбо вам заведама прадалі няякасную рэч.

— Вызначылася тэндэнцыя некарэктных паводзін, калі гандлёвыя прадпрыемствы знайшлі слабае звяно ў абароне правоў спажыўцоў, — заўважае старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Мінскае таварыства спажыўцоў» Ірына Астаф'ева. — Нават калі пакупнік захаваў чэк на пакупку, адстаяць свае правы вельмі складана.

Цяпер ідэнтыфікацыйны нумар пачалі клеіць унутры халадзільніка. Да нас са скаргай звярнулася жанчына, якая па няведанні яго змыла, а халадзільнік аказаўся няякасным. У судзе прадстаўнікі гандлю абвінавацілі пакупніцу ў тым, што яна набыла ў іх магазіне добры тавар, а пасля падмяніла на другі такой жа маркі і мадэлі, але няякасны.

Інфармацыя пра тое, як можна падмануць пакупніка, хутка распаўсюджваецца. Па адных і тых жа схемах могуць працаваць як асобныя прадпрымальнікі, так і вялікія магазіны, што гандлююць тэхнічнымі таварамі. Пакупнік даверліва ставіць ва ўсіх дакументах подпісы і не падазрае, што такім чынам сабе шкодзіць. Пры ўзнікненні спрэчак з-за гэтых авансам атрыманых магазінам подпісаў ён нічога не зможа даказаць у судзе, бо, маўляў, сам пацвярджаў, што тавар яму перададзены якасны.

Часта пакупнік не адразу заўважае, што набыў дэфектную рэч. Як правіла, складаныя тэхнічныя тавары, такія як халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты дастаўляюцца ў вячэрні час. Акрамя таго, людзі могуць набываць іх на падарункі і не распакоўваць.

Многія спажыўцы, нават і не ўяўляюць, што ўсё трэба кантраляваць, нават дастаўку тавару. Інакш вы рызыкуеце страціць грошы, бо часта такая тэхніка нават аднаўленню не падлягае.

— Можа, сёння, перш чым абвінавачваць спажыўца і падрываць свой аўтарытэт, гандлёвым прадпрыемствам неабходна больш уважліва сачыць за сваімі работнікамі? — заўважае Ірына Іванаўна — Чаму б не прымяняць сучасныя тэхналогіі і не наладзіць відэаназіранне за грузчыкамі? Крамы сябе засцераглі нават такім чынам, што прапісалі, што грузчыкі не маюць права распакоўваць тавар. Можа, ужо ёсць сэнс патрабаваць інструкцыі па распакоўцы ці адмаўляцца ад пакупкі, калі работнікі магазіна дастаўлены тавар не настрояць і не прадэманструюць у вас дома?

Калі вы набываеце тэхнічныя тавары і маеце падобныя праблемы, ці нават калі толькі плануеце зрабіць пакупку, тэлефануйце ў Мінскае таварыства спажыўцоў (гарачая лінія 226-72-90). Тут ствараецца база даных па зваротах спажыўцоў і можна даведацца, на якія магазіны і тавары паступалі скаргі.

Як сябе падстрахаваць, каб не застацца з новенькім, але нерабочым тэлевізарам ці халадзільнікам?

1. Калі ў магазіне правяраецца тэхнічны тавар, які вы збіраецеся купіць, неабходна паглядзець на ім серыйны нумар і сфатаграфаваць ці запісаць. Пры падпісанні гарантыйнага талона трэба зверыць, ці адпавядае пазначаны там серыйны нумар таму, які быў на прадэманстраваным тавары, бо паказаць вам могуць адно, а прывезці іншае.

2. Калі вас просяць распісацца ў гарантыйным талоне, дзе загадзя пастаўлены штамп і пячатка, што тавар прадэманстраваны і спажывец не мае прэтэнзій па якасці, распісвайцеся толькі з прыпіскай, што цалкам тавар прадэманстраваны не быў і вы не можаце пацвердзіць, што ён якасны. Тады, калі раптам узнікнуць праблемы з пакупкай, вы ў судзе зможаце адстаяць свае правы. Няправільна, што сёння спажыўцоў прымушаюць распісвацца ў гарантыйных талонах. Насамрэч даведацца, ці якасную рэч вы купілі, можна толькі падчас эксплуатацыі. Так, каб халадзільнік набраў холаду, неабходна некалькі гадзін. Як правіла, у магазінах няма ўмоў для правядзення поўнай дэманстрацыі тавару. З-за шуму не заўсёды можна праверыць якасць гуку ў тэлевізараў, радыё і іншых прыбораў.

3. Пасля таго, як тавар прадэманстраваны, прасіце, каб яго пры вас упакоўвалі, сачыце (асабліва гэта тычыцца вадкакрышталічных тэлевізараў), каб не ўдарылі. Пры магчымасці суправаджайце тавар у час дастаўкі. І зноў жа, калі распісваецеся за дастаўку, пазначайце, што не можаце пацвердзіць, што тавар якасны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Механічнае пашкоджанне» — добрая адпіска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».