Вы тут

Ці перавяліся добрыя людзі?


Дабрачынны рух «Клуб 5000» дапамагае сем'ям анкахворых дзяцей у самыя складаныя хвіліны. Мы прыходзім на дапамогу тым, чыё жыццё і без цяжкага дыягназу не фантануе радасцю. Мы падтрымліваем сем'і, якім не пад сілу вырашыць нават дробныя бытавыя пытанні, не кажучы пра небяспечную хваробу дзіцяці. І менавіта такія сем'і часта застаюцца няўдзячнымі.


Валянціна, маці шасцярых дзяцей, калісьці магла быць прыгожай жанчынай. Але муж-алкаголік, вечная галеча і клопаты не пакінулі шанцу. Маладосць засталася толькі ў пашпарце — на выгляд ёй дасі гадоў на дзесяць больш. Яна недаверліва глядзіць на дзвюх незнаёмых дзяўчат, якія задаюць асцярожныя пытанні і абяцаюць дапамагчы.

У нашу наступную сустрэчу на яе твары чыталася разгубленасць. Па ўсім відаць, што яна не верыла, што другое спатканне магчыма. Мы пакінулі дзве непад'ёмныя сумкі з адзеннем на ўсю вялікую сям'ю, пакет з прадуктамі. Дасталі з каробкі мабільны тэлефон, навучылі ім карыстацца. На развітанне — толькі разгубленасць. Ні слова, ні жэсту, ні эмоцыі. Толькі разгубленасць.

Трэцяя сустрэча — выклік. Яна так жа моўчкі прымала падарункі, не адрываючы вачэй ад экрана тэлевізара і працягваючы лузаць семкі. Мы паставілі пакеты каля ложка, запыталіся пра стан хворага сына і, не дачакаўшыся адказу, пакінулі палату.

Пазней Валянціна прызналася, што ёй ніхто ніколі ні ў чым не дапамагаў. Яна не ўяўляла, што такое магчыма. Яна трапіла ў новую рэальнасць і не ведала, як сябе паводзіць. Дапамога незнаёмых людзей шакіравала Валянціну нават больш за дыягназ сына. Яна не верыла, што бескарыслівая дабрыня існуе.

Я часта чую выразы, што ў наш час перавяліся добрыя людзі. Маўляў, з жывёламі куды прасцей і бяспечней строіць адносіны, чым з людзьмі. У доказ назіраю гісторыі вернасці, любові і клопату свойскіх (ды і дзікіх таксама) гадаванцаў і іх двухногіх сяброў. Але я перакананая, што нас акаляюць тыя ўмовы, тыя людзі і тыя здарэнні, якіх мы самі прыцягваем. Варта проста заўважаць маленькія прыклады дабрыні і рабіць іх самому. А далей снежны ком зробіць сваю справу.

Мой знаёмы, усё жыццё пражыўшы ў Маскве, у 72 гады пераехаў у беларускую сталіцу. Ён трапіў у іншую рэальнасць. Сталы чалавек ніколі не мог сабе ўявіць, што людзі могуць прытрымліваць дзверы ў метро. Ён убачыў элементарны клопат пра бліжняга. У яго адкрылася другое дыханне, з'явілася жаданне жыць.

Я заказваю навагодніх фетравых анёлкаў у замежнай краме па інтэрнэце. Яны прыходзяць у час, але не таго колеру: блакітныя замест жоўтых. Паведамляю прадаўцу пра сваё расчараванне. Ён прапануе вярнуць грошы, каб пазбегнуць канфлікту. Я вырашаю пакінуць грошы прадаўцу, але ў якасці кампенсацыі прапаную ўсё ж такі даслаць мне жоўтых анёлкаў. Не асабліва разлічваю на добрасумленнасць. Такія крамы — знаходка для махляроў. Мы часта не атрымліваем пасылкі з аплачаным таварам. Бывае, што прадавец выдаляе старонку пасля некалькіх здзелак — і ніякіх гарантый і зваротаў. Таму я, прызнацца, і не чакала другую партыю анёлаў.

Новы год мы цудоўна адсвяткавалі з блакітнымі крылатымі ахоўнікамі. Святы прайшлі — ёлку прыбралі, упрыгожанні клапатліва склалі ў каробку да наступнага снежня. І тут пасылка. З жоўтымі анёламі. Мы нават водгук чалавеку пакінуць ужо не можам, бо здзелка даўно закрыта. Ды і паскардзіцца на яго не маглі б — першых анёлаў мы ж таксама атрымалі. Ён ведаў пра гэта. Але даслаў новых, цяпер сапраўды жоўтых, анёлаў. Не дзеля водгуку, не праз боязь скаргі. Проста так. Бясплатна. Таму што я хацела менавіта жоўтых.

А яшчэ я з радасцю назіраю за музыкамі ў пераходзе. Дакладней, за іх слухачамі. Кладуць жа грошыкі ў шапку. У эканоміцы крызіс, на працы скарачэнні, зарплату затрымліваюць, на радасці не хапае... А людзі слухаюць музыку, расчульваюцца і даюць за яе грошы. Хоць могуць не даваць. Гэта ж не смяротна хвораму дзіцяці дапамагчы, дзе твой удзел грэе і ўласная годнасць узнімаецца на два пралёты. Гэта просты вулічны музыка, якога можна паслухаць употай, з-за рага, ці аблаяць, ці хутка прабегчы міма. А яму кладуць грошы.

Заўважаючы гэтыя дробязі, мы фарміруем вакол сябе кола і прыцягваем у яго маленькія і больш значныя выпадкі, фігуры, учынкі і людзей, якія не перавяліся.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.