Вы тут

Мінчанам і гасцям сталіцы прапануюць гістарычны інтэрактыў


Вам ніколі не даводзілася вырашаць чыесьці лёсы? А калі яны знаходзяцца ў розных часавых вымярэннях? Такую магчымасць прапануюць у Музеі гісторыі горада Мінска.


Ён — стрыманы, мужны, шчыры, ветлівы, часам звычайны, марыць сустрэць Яе. Але Ён — герой вайны 1812 года... Яго рэальнасць — «Карэтная» на Зыбіцкай... Менавіта тут Ён, апрануты ў мундзір радавога Мінскага пяхотнага палка 1811–1815 гадоў, чакае сваю Адзіную.

А Яна — прыгожая, дзёрзкая, бясстрашная, крыху наіўная, і таксама хоча спаткаць Яго. Падрыхтавалася: увабралася ў французскую дзённую сукенку з шоўку і аксаміту. Вось толькі Яе час — мяжа ХІХ і ХХ стагоддзяў...

Абое яны — жыхары Мінска, сведкі розных гістарычных эпох. Як жа ім сустрэцца? Свае літаратурныя фантазіі наведвальнікам экспазіцыі «Карэтная» Музея гісторыі Мінска прапануюць запісаць на аркушах і апусціць у «скрыню часу». Яна перанясе іх у эпохі, якія звяжуць герояў і дапамогуць ім спаткаць адно аднаго. Пісьмовыя прылады і літаратурны стол чакаюць наведвальнікаў у экспазіцыі ў Верхнім горадзе па адрасе вул. Кірылы і Мяфодзія, 8.

Такі інтэрактыў чакае кожнага ахвотнага, а аўтара найлепшай гісторыі супрацоўнікі музея абяцаюць узнагародзіць падарункам.

Палёту фантазіі паспрыяе не толькі атмасфера «Карэтнай» (калі вы там яшчэ не былі, абавязкова варта зазірнуць, каб даведацца, на чым ездзілі жыхары Мінска на мяжы XІX — XX стагоддзяў), але і гісторыя будынка, у якім цяпер знаходзіцца экспазіцыя.

У пачатку ХІХ стагоддзя паміж сучаснымі плошчай Свабоды, вуліцамі Кірылы і Мяфодзія і Герцэна стаяў мужчынскі кляштар манахаў-бернардзінцаў. У 1812 годзе, пасля ўступлення французскіх войскаў у Мінск, тут арганізавалі шпіталь для параненых французскіх салдат і афіцэраў. Магчыма, наш герой таксама трапіў у яго...

У 1817 годзе на тэрыторыі кляштара пачаліся будаўнічыя работы. Апроч іншага, быў пабудаваны і мураваны дом, які цяпер мае адрас Кірылы і Мяфодзія, 8. Але ў тыя часы ў ім жылі рамеснікі і чэлядзь манастыра. Таксама тут знаходзіўся бровар, невялікая саладоўня, а за ёй уладкавалі лазню.

Прайшоў час, адгрымелі два паўстанні (1830–1831 і 1863–1864 гадоў). Апошняе з іх паспрыяла таму, што касцёлы на беларускіх землях сталі закрываць і перадаваць праваслаўнай царкве. І хоць кляштар бернардзінцаў ніхто не адабраў, сумны лёс не абмінуў і яго: у верасні 1864 года ён быў закрыты, а ўсе яго збудаванні паступілі ў распараджэнне горада.

У 1870 годзе ў будынку па вуліцы Манастырскай (гэта і ёсць цяперашні дом №8 на вуліцы Кірылы і Мяфодзія) вырашылі размясціць гарадскі аўкцыён і ламбард. Але ж будынак быў заняты: у ім знаходзілася пажарная часць. Тады ў доме дабудавалі другі паверх.

Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя кіраўніцтва пажарнай каманды прапанавала праект будаўніцтва цэйхгаўза — гаспадарчай пабудовы для захоўвання інструментаў. Работы былі завершаны ў 1906 годзе: цэйхгаўз прыбудавалі да двухпавярховага дома пажарнай каманды і гарадскога ламбарда на месцы, дзе раней па вуліцы Зыбіцкай ішла драўляная агароджа...

Гэтыя пераўтварэнні, вядома, бачыла Яна. Але ці ведала Яна тады, што ў ХХІ стагоддзі лёс прывядзе яе ў будынак былога цэйхгаўза, дзе ў 2014-м адкрылі «Карэтную», каб праз стагоддзі спаткацца з Ім?..

seradzyuk@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?