Вы тут

Ці варта шукаць шчасце ў рабоце?


Ці варта павялічваць альбо памяншаць дэкрэтны водпуск? Як часта таты сыходзяць у водпуск па доглядзе дзіцяці? Ці дасягнута ў Беларусі гендарная роўнасць? У чым карысць і небяспека гламурных выданняў? Пра гэта і не толькі вядомыя беларускі ды іх калегі-мужчыны разважалі падчас «круглага стала» «Партрэт сучасніцы: беларуская жанчына сёння», арганізаванага Выдавецкім домам «Звязда».


Надзея Ермакова

Матуля альбо калега?

Быць добрай маці і жонкай альбо рабіць кар'еру? Ці магчыма гэта сумясціць? На думку Надзеі Ермаковай, намесніка старшыні Беларускага саюза жанчын, спалучаць гэтыя дзве іпастасі магчыма і нават карысна. Але варта разумець, што перш за ўсё — важна годна выхаваць дзяцей. «Дзяржавай робіцца ўсё магчымае, каб стварыць жанчыне ўмовы і для выхавання дзяцей, і для атрымання адукацыі, і для ўладкавання на тую працу, на якую яна сама жадае пайсці. Мяркую, што для жанчыны не самае галоўнае быць кіраўніком. Важна, каб праца была прыемнай для душы, такой, на якую раніцай хочацца ісці. І не менш важна быць каханай жонкай і добрай маці, — кажа Надзея Андрэеўна і дадае: — А быць бабуляй — яшчэ большае шчасце».

Лілія Ананіч

«У Беларусі склаўся цудоўны вобраз жанчыны і ў медыяпрасторы, і ў дзяржаве», — выказваецца на тэму «круглага стала» Лілія Ананіч, міністр інфармацыі. — Пры гэтым кожная з жанчын павінна разумець, што і ад яе самой залежыць той самы абагульнены жаночы вобраз. Трэба быць удзячнай лёсу за тое, што ты нясеш па жыцці. І калі штосьці не атрымліваецца, варта перш за ўсё паглядзець, што яшчэ можна зрабіць для таго, каб твой вобраз і вобраз таго, хто побач, быў пазітыўным, больш прыгожым і карысным для іншых».

Святлана Сарока

Такога ж класічнага бачання ролі жанчыны прытрымліваецца і Святлана Сарока, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, дырэктар «Палаца культуры горада Маладзечна». На яе думку, жанчына спрадвеку была ўвасабленнем абаяльнасці, прыгажосці, захавальніцай хатняга ачага, сямейнага дабрабыту і ў той жа час заставалася надзейнай падтрымкай для мужчыны. А працуючы ў калектывах, яна стварае здаровы клімат і стымулюе мужчын на праяўленне найлепшых якасцяў. Але ўсё ж такі галоўная місія кожнай з нас — даць жыццё дзіцяці, выгадаваць яго, выхаваць дастойным чалавекам, лічыць сенатарка. «Мы з вамі такія разумныя, ініцыятыўныя, крэатыўныя, інтэлектуальныя імкнёмся быць паспяховымі ў сваёй справе, у прафесіі. І што цудоўна, спалучаем усё гэта з выхаваннем дзяцей», — дадае Святлана Рыгораўна.

Людміла Рублеўская

Быць творцам не забароніш

Быць добрай матуляй, безумоўна, важна. А як жа высокія мэты па ўдасканаленні навакольнага свету і змяненні яго ў лепшы бок? Увогуле, ці атрымлівалася гэта рабіць беларускам некалькі стагоддзяў таму? Людміла Рублеўская, пісьменніца і аглядальнік газеты «СБ. Беларусь сегодня», рыхтуючы чарговы матэрыял рубрыкі «Трыялет», у якой яна расказвае пра творчых паспяховых жанчын, прапанавала ўспомніць імёны беларусак, якія ўвайшлі ў гісторыю. Першае, што прыйшло ў галаву — Цётка, Ефрасіння Полацкая... «І мы задумаліся, што, відаць, не хапае нам вобраза не толькі сучаснай жанчыны, але і вобраза жанчыны ў гісторыі, якія былі сапраўднымі дзеячамі, а не стаялі ў цені падзей. І тады сталі ўспамінаць: Рагнеда, Анастасія Слуцкая, Барбара Радзівіл. Яны ёсць! Значыць, беларускую жаночую гісторыя яшчэ трэба «выцягваць», — заўважыла пісьменніца.

Людміла Рублеўская прызналася, што, калі пісала свае гістарычныя раманы, перачытала шмат архіўных дакументаў і цяпер можа дакладна сказаць: за кожнай палітычнай падзеяй стаіць жанчына, якой часта даводзілася заставацца «шэрым кардыналам». А ў нашы дні ў розныя сферы, і ў беларускую літаратуру таксама, прыходзіць шмат жанчын-творцаў. Што далёка шукаць: першы беларускі нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч — пісьменніца.

Алесь Бадак

Алесь Бадак, пісьменнік і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», прызнаецца, што не дзеліць сучасную прозу на жаночую і мужчынскую і ўпэўнівае, што правы ў сучасных жанчын такія ж, як і ў супрацьлеглага полу. «Цяпер жанчыны, калі разглядаць творчых асоб, займаюць такія пасады, якія на працягу ўсяго мінулага стагоддзя лічыліся мужчынскімі. Галоўныя рэдактары часопіса «Маладосць», газеты «Літаратура і мастацтва», гумарыстычнага часопіса «Вожык» — усе жанчыны. Калі кажам пра літаратуру — тое ж самае. Людміла Рублеўская, Алена Брава... Ці жаночая ў іх проза? Не. У іх перш за ўсё якасная, цікавая проза», — лічыць Алесь Бадак.

Ірына Аксючыц

Ірына Аксючыц, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ужо больш за дзесяцігоддзе вывучае псіхалогію поспеху. Яна лічыць, што менавіта для жанчын, якія імкнуцца дасягнуць пастаўленых мэтаў у прафесіі і творчасці, гэтая навука цяпер асабліва актуальная. Існуе сусветная практыка, калі побач з паспяховымі людзьмі ёсць настаўнік, які ў складаных сітуацыях дапамагае адшукаць новыя стратэгіі, бо не заўсёды наша побытавая мудрасць зможа быць карыснай у справах прафесійных. У гэтым плане псіхалогія поспеху мае ў сваім арсенале ўніверсальныя і больш дасканалыя інструменты. Менавіта пра іх расказвае псіхолаг у сваёй рубрыцы на старонках часопіса «Алеся».

Член Савета Рэспублікі Святлана Сарока пацвярджае гэтую думку: «Праводзячы шмат мерапрыемстваў у сваёй установе, я запрашаю псіхолагаў. І яны прызналіся, што калі іх клікалі гады тры таму, то прапаноўвалі прачытаць лекцыі аб сямейных каштоўнасцях, а апошнім часам — пра поспех, лідарства, кар'еру жанчыны». Мяняецца час, мяняемся мы.

Прысуд гламурным часопісам

І што мусіць чытаць такая дасканалая ва ўсім лэдзі? Якім мусіць быць ідэальнае выданне для яе? Літаратар Алесь Бадак прызнаўся, што пабойваецца гламурных часопісаў і лічыць, што яны могуць нашкодзіць жанчыне. «Гэта як лялька Барбі. Яна прыгожая, але кожнай дзяўчынцы хочацца быць падобнай на гэты ідэал. Гэта можа быць вельмі небяспечна, бо не кожная здольная стаць, напрыклад, моднай спявачкай, вобраз якой дэманструюць масавыя глянцавыя жаночыя выданні. А гэта ж велічэзная праца». А Людміла Рублеўская іранічна заўважае, што нельга прымусіць кожную асобу слабага полу чытаць філасофскія трактаты, але прывіваць добры густ беларускам — задача дасягальная. І значную ролю ў гэтым адыгрывае часопіс «Алеся».

— Колькі тут прыгожых гераінь, колькі лёсаў, колькі цікавай карыснай інфармацыі, — кажа Лілія Ананіч, гартаючы часопіс жанчын Беларусі. — Разам з тым не толькі «Алеся», але і іншыя нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі не падзяляюць грамадства на жанчын і мужчын, а мы ў цэлым кажам, што адбываецца ў літаратуры, эканоміцы, медыцыне. Мы кажам пра тое, як Беларусь стварае сваё «сёння», як будуе сваю будучыню. І жанчыны ў гэтым адыгрываюць значную ролю.

Зінаіда Мандроўская

На погляд Зінаіды Мандроўскай, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, станоўчая роля жанчыны, якая адлюстроўваецца ў прэсе, адпавядае таму, якую ролю жанчына займае ў грамадстве. Чаму так адбылося? Бо мужчыны ў свой час далі магчымасць, трошкі саступілі месца. Ды і самі жанчыны сталі імкнуцца быць карыснымі ва ўсім, да чаго яны прызваныя самой прыродай: грамадству, сям'і, марам... «Для мяне важна, каб мы прыйшлі ў гэты свет і бачылі перад сабой мэту і ішлі наперад, спасцігаючы яго. Стваральная сіла ў жанчыне зараз прачнулася настолькі, што мы здольны працаваць на адным узроўні з мужчынамі. А яны, на шчасце, нам у гэтым не перашкаджаюць», — усміхаецца дэпутат.

Ларыса Ракоўская

Чаму таты не ідуць у дэкрэт?

— Мая папярэдніца, славутая рэдактар «Алесі» Марыя Карпенка, расказвала, што ў свой час дэкрэтны водпуск быў усяго год-паўтара, — расказвае Ларыса Ракоўская, цяперашні галоўны рэдактар часопіса. — І яна бачыла па сваёй дачцэ, што гэта зусім маленькі тэрмін для таго, каб дзіця адпусціла жанчыну на працу. Гэтая тэма не раз абмяркоўвалася на старонках выдання. А тады часопіс «Работніца і сялянка» (сённяшняя «Алеся») быў трэндавым, вядомым па ўсім СССР, накладам у 1,5 мільёна асобнікаў. Гэтая ідэя была пачута і пазней падтрымана і Вярхоўным Саветам, і грамадствам, і журналістамі. Тым здабыткам мы карыстаемся і цяпер. Можа, сёння час іншых ініцыятыў?

Алена Бераснева

«Думаю, парламент можа разгледзець ініцыятыву і такога кшталту, — адказвае Алена Бераснева, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. — Але, мяркую, падобнай прапановы ад дэпутатаў не з'явіцца. Бо права быць у дэкрэтным водпуску тры гады заканадаўча замацавана. Пры жаданні ў ім можна знаходзіцца і менш». Дарэчы, мужчыны, па словах дэпутата, таксама маюць права быць у водпуску па доглядзе дзіцяці, але толькі 1% беларускіх татаў і дзядуляў карыстаюцца такой магчымасцю.

«Сапраўды, мужчыны таксама маюць права ісці ў дэкрэтны водпуск, але пакуль усплёску такіх выпадкаў не назіраецца. Напэўна, не варта перакладваць на мужчынскія плечы клопат аб дзіцяці, асабліва аб немаўлятку, — працягвае думку Зінаіда Мандроўская. — Бо мацярынская цеплыня перадаецца ад малака, ад абдымкаў, ад бяссонных начэй, праведзеных разам».

Алена Бераснева дадае, што шмат з якіх ініцыятыў дэпутацкага корпуса па ахове мацярынства ўжо рэалізаваныя. Так, на 1 сакавіка 2016 года 146 мільёнаў долараў ужо залічаны на рахункі людзей у якасці мацярынскага капіталу. Беларусь стала краінай, спрыяльнай для мацярынства. Пры гэтым парламентарый заўважыла, што сярод удзельніц «круглага стала» ёсць і прадстаўніца праваахоўных структур. «Жанчыны занялі даволі важкую пазіцыю ў нашым грамадстве ў сферах, дзе раней іх зусім не было. Наколькі я ведаю, у беларускай арміі каля 4 тысяч жанчын з 50 000, а чатыры з іх даслужыліся да ўзроўню палкоўніка», — дадае яна.

Вольга Чамаданава

Перш за ўсё — асоба, а не толькі прафесіяналізм

Адна з тых чатырох — палкоўнік міліцыі Вольга Чамаданава, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага райвыканкама. Яна на працягу не аднаго года працуе з праблемнымі падлеткамі. Але і ў гэтым ёсць свая спецыфіка. Вольга Мікалаеўна расказала, што тыдзень таму дырэктар адной са школ папрасіла яе прыехаць на сустрэчу з дзецьмі. Меркавалася, што адбудзецца гутарка на прававую тэматыку. Каб абстаноўка была не вельмі напружанай, інспектар папрасіла дзяцей, вучняў 10-11 класаў, пісьмова задаць пытанні, калі саромеюцца ўголас.

«Прыйшла, — працягвае Вольга Чамаданава. — Мы селі ў кола. Я рыхтуюся расказваць пра тое, як варта сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі згодна з законам. Разгортваю першую запіску, а ў ёй пытанне: «А колькі ў вас дзяцей?» Другая: «А як вы вырашылі працаваць у міліцыі?» Было каля 15 пытанняў, і толькі тры з іх тычыліся прававой тэматыкі. Падлеткаў цікавіла найперш, як і чаго такая прыгожая жанчына дасягнула ў жыцці.

Начальнік інспекцыі прызнаецца, што за столькі гадоў працы заўважыла, што адна з важных праблем сучасных падлеткаў — адсутнасць ідэалу, да якога варта імкнуцца ў будучыні. «Я часта размаўляю з імі, гляджу ў вочы і спрабую зразумець: чаго ім хочацца? Якіх вяршынь дасягнуць?» — расказвае яна і лічыць, што гэтае бачанне сябе ў будучыні важна закладваць у дзяцей з маленства, бо пазней гэта сфарміруе з іх годных асобаў.

Ксенія Санковіч

Самая маладая ўдзельніца «круглага стала», заслужаны майстар спорту Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч, цяпер працуе ў Нацыянальным алімпійскім камітэце і заахвочвае жанчын прафесійна займацца спортам. Яна адшукала спосаб дапамогі ў дасягненні мэтаў маладымі дзяўчатамі.

— Калі звярнуць увагу на статыстыку, то мужчынскіх відаў спорту і праграмаў цяпер болей, чым жаночых. Мужчын, якія займаюцца спортам, значна больш за жанчын. Ёсць імкненне да 2020 года дасягнуць прапарцыйнага складу 50 на 50. У працы нашай камісіі мы імкнёмся звярнуць увагу жанчын да спорту як да часткі культуры, — расказала Ксенія.

Адзін з апошніх праектаў, у якім узяла ўдзел Ксенія Санковіч, — паездка ў горад Петрыкаў Гомельскай вобласці. Там знаходзіцца спецыялізаванае прафесійна-тэхнічнае вучылішча для дзяўчат ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў, якія парушылі закон. «Пакуль у іх такі ўзрост, што на іх яшчэ можна паўплываць, — кажа яна. — Мы прыязджалі ў ПТВ са спартсменамі, якія расказвалі пра свае гісторыі поспеху і пра тое, што і ў іх жыцці таксама былі складанасці. Дзяўчаты не засталіся абыякавымі, задавалі пытанні.

А яшчэ падчас падобных сустрэч дзяўчатам расказваюць аб тых беларусках, якія ўжо дасягнулі поспехаў у спорце: Дар'і Домрачавай, Вікторыі Азаранцы, Аляксандры Герасімені, Любові Чаркашынай. «Гэта куміры. Так, модныя і гламурныя. Але тыя, да якіх якраз і цягнецца моладзь», — прапаноўвае па-іншаму зірнуць на глянцавыя вобразы спартсменка.

P.S. Пакуль ішла размова, залу прэс-цэнтра «Дома прэсы» напаўняў пах мімозы, якую ўсім удзельніцам «круглага стала» падарылі перад пачаткам мерапрыемства. Жанчыны вялі гутаркі пра гендарную роўнасць, неабходнасць дасягаць вялікіх мэтаў... Але час ад часу незаўважна кідалі позірк на жоўтыя кветкі — і ў іх вачах з'яўляўся агеньчык цеплыні, які можна ўбачыць толькі на жаночым твары.

pustavit@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Першая справа — быць маці, або Ці варта шукаць шчасце ў рабоце?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?