Вы тут

Вызначаны мінімальныя паказчыкі балаў на ЦТ


 

Міністэрства адукацыі Беларусі вызначылася з тэставымі баламі, якія будуць сёлета прыраўноўвацца на цэнтралізаваным тэсціраванні да нездавальняючай адзнакі.


— «Парогавыя» значэнні балаў на ЦТ, якія дазваляюць удзельнічаць у конкурсе на званне студэнта ВНУ, засталіся на ўзроўні 2015 года, — паведаміла прэс-сакратар ведамства Юлія Барадун.

Усе абітурыенты здаюць пры паступленні дзве профільныя дысцыпліны плюс абавязковы для ўсіх экзамен па дзяржаўнай мове.

У 2016 годзе нездавальняючымі адзнакамі па беларускай і рускай мовах будуць лічыцца балы ад 0 да 9. Выключэнне складаюць толькі некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, па якіх, для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, трэба будзе набраць не менш як 20 балаў.

Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з'яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 15 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з'яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў).

Калі першай профільнай дысцыплінай з'яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 19. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.

Самыя нізкія парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць сёлета паступаць у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка» і «Аграінжынерыя».

Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 5 балаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» і «Замежныя мовы». Такія ж балы ўстаноўлены і для абітурыентаў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў, але толькі для тых, хто будзе паступаць у рамках дадатковага набору.

Як бачна, устаноўленыя для прэтэндэнтаў на званне студэнта крытэрыі адбору застаюцца дастаткова ўмоўнымі. Тым не менш нават такія парогі для многіх абітурыентаў аказваюцца непераадольнымі. Так, падчас апошняй прыёмнай кампаніі тэставы бал, ніжэйшы за ўстаноўлены на ЦТ мінімальны парог, па дзяржаўнай мове і першай профільнай дысцыпліне набралі 35 тысяч 205 чалавек, гэта значыць, што кожны трэці абітурыент аўтаматычна выбыў з прыёмнай кампаніі і не мог удзельнічаць у конкурсе. Адначасова па трох прадметах не пераадолеў парог 2031 абітурыент, па двух — 10 572, па адным — 22 602.

Горш за іншыя прадметы абітурыенты здалі фізіку і матэматыку. Нуль балаў абітурыенты атрымалі ў 237 выпадках, прычым 6 чалавек умудрыліся набраць нуль балаў адразу па двух вучэбных прадметах. Большасць нулявых вынікаў мела месца менавіта на ЦТ па фізіцы і матэматыцы.

nіkalaeva@zvіazdа.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Крытэрыі адбору

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.