Вы тут

Без спешкі


Міністэрства замежных спраў Беларусі і ААН правялі 10 сакавіка ў Мінску канферэнцыю, прысвечаную пытанню аб пакаранні смерцю. Як вядома, партнёры з ЕС настойваюць на адмене смяротнага пакарання ў нашай краіне. Прынцыповая пазіцыя беларускага боку ў адносінах з любой краінай свету, у тым ліку з краінамі, якія ўваходзяць у ЕС, заключаецца ў выбудоўванні сістэмы адносін, пры якой партнёры Беларусі будуць выказваць павагу да беларускіх традыцый і каштоўнасцяў. Бачнае паляпшэнне адносін з Еўрапейскім саюзам у апошнія гады рэалізуецца менавіта на такой аснове.


Еўрапейскі саюз адмяніў санкцыі не таму, што Беларусь стала іншай за апошнія два гады, а таму, што адмена санкцый аказалася ў інтарэсах Еўрасаюза. Беларусь — адна з нешматлікіх суседак Еўрасаюза (з шаснаццаці), якія не ствараюць выклікаў бяспекі для ЕС. Больш за тое, Беларусь дапамагае ЕС і Расіі вырашыць украінскі крызіс, які дэстабілізуе рэгіён, што вельмі важна ва ўмовах мноства выклікаў, якія абваліліся на Еўрасаюз у апошнія гады. Захаванне санкцый магло б выклікаць праблемы ў Беларусі ў будучыні, а прыклад Украіны і Лівіі навучыў ЕС, што праблемы суседзяў трансфармуюцца ў яго ўласныя праблемы. Таму Беларусь удзячная Еўрасаюзу за адмену яго ўласнага непрадуманага рашэння па ўводзе санкцый супраць Беларусі, але не адчувае сябе абавязанай здзяйсняць нейкія крокі, якія могуць ісці насуперак нацыянальным інтарэсам.

Пытанне аб смяротным пакаранні адчувальнае, паколькі рашэнне аб яго захаванні было прынята на рэферэндуме. Беларускі палітычны рэжым традыцыйна функцыянуе з дапамогай выяўлення грамадскай думкі і імкнення рэалізаваць інтарэсы беларускіх грамадзян. Таму пытанне аб смяротным пакаранні не можа быць вырашана ўладай у адрыве ад поглядаў беларускіх грамадзян. І ніякай спешкі з гэтай нагоды няма, паколькі, як паказвае практыка, Еўрасаюз мае больш чым блізкія адносіны з такімі краінамі, як ЗША і Японія, якія захавалі смяротнае пакаранне і пастаянна выконваюць адпаведныя прысуды.

У нядзелю адбыліся парламенцкія выбары ў трох землях Германіі. Як і чакалася, Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) канцлера Германіі Ангелы Меркель панёс сур'ёзныя страты ва ўсіх трох парламентах — Бадэн-Вюртэмберга, Рэйнланд-Пфальца і Саксоніі-Анхальт. Галоўнай праблемай з'яўляецца незадаволенасць многіх выбаршчыкаў тым, як цяперашні федэральны ўрад вырашае праблемы са шматлікімі бежанцамі і мігрантамі на тэрыторыі краіны. Некаторыя выбаршчыкі выступаюць прама супраць прытоку бежанцаў і мігрантаў, а некаторыя — не супраць, у сілу нізкай нараджальнасці ў краіне, але лічаць, што ўрад Меркель павінен іх лепш кантраляваць. Вынік значны на фоне таго, што праз паўтара года ў Германіі пройдуць выбары ўжо ў Бундэстаг.

Першы намеснік дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Дэвід Ліптан выступіў з засцярогамі з нагоды сур'ёзных праблем у сусветнай эканоміцы. Каб пазбегнуць чарговай эканамічнай катастрофы, неабходна запусціць у дзеянне новыя захады па стымуляванні попыту ў глабальнай эканоміцы. Дэвід Ліптан вельмі занепакоены рэзкім зніжэннем патокаў глабальнага капіталу і зніжэннем таваразвароту.

Трывожна пачаўся тыдзень для Туніса. Нагадаю, што гэтая дзяржава змагла параўнальна нядрэнна перажыць рэвалюцыю часоў арабскай вясны 2011 года. У адрозненне ад Лівіі ці Сірыі, Туніс не стаў зонай грамадзянскай вайны. Тым больш небяспечным выглядаюць падзеі панядзелка, калі баевікі з тэрыторыі Лівіі распачалі маштабны напад на туніскі горад Бэн-Гердан. У ходзе баёў загінула больш за 18 грамадзян Туніса. Атаку на гэтую краіну ўспрыняў як папярэджанне для сябе і Алжыр, які вырашыў у якасці засцярогі павысіць узровень гатоўнасці войскаў да ваеннага становішча. Эксперты разглядаюць атаку на туніскі горад як спробу баевікоў-ісламістаў выкарыстаць Лівію ў якасці плацдарма для спроб стварыць у рэгіёне новы аналаг тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», уцягваючы ў зону яе дзеянняў суседнія з Лівіяй дзяржавы.

Завяршыўся тыдзень двума маштабнымі тэрарыстычнымі актамі, яшчэ раз нагадаўшы нам, як пагоршылася сітуацыя ў сферы тэрарызму ў апошнія гады. У Кот-д'Івуары адбыўся чарговы напад на турыстаў — іх расстралялі проста на пляжы каля гатэля Etoіle du Sud у горадзе Гран-Басам. Загінула 16 чалавек. Яшчэ больш чалавечых жыццяў забраў тэракт у сталіцы Турцыі. Ён быў ажыццёўлены таксама па схеме, якая стала звыклай, — толькі з выкарыстаннем атакі смяротніка на замініраваным аўтамабілі ў шматлюдным месцы. Больш за 30 чалавек загінула. Пры гэтым папярэджанне пра пагрозу падобнага тэракта было вывешана на сайце пасольства ЗША ў Турцыі яшчэ 11 сакавіка.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».