Вы тут

Прававая аснова нашага жыцця


15 сакавіка мы адзначаем вялікае дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі. Менавіта ў гэты дзень у 1994 годзе была прынята першая Канстытуцыя незалежнай беларускай дзяржавы. Яна абвясціла Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, а правы і свабоды чалавека і грамадзяніна — найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Гэтыя канстытуцыйныя палажэнні сталі зыходным пунктам фарміравання новых сацыяльна-палітычных інстытутаў, значнага абнаўлення і развіцця нацыянальнага заканадаўства.


Сёння Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з дапаўненнямі і змяненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года, — гэта працуючы юрыдычны дакумент прамога дзеяння. Канстытуцыя замацоўвае асновы дзяржаўнага і грамадскага ладу, кампетэнцыі і парадку фарміравання вышэйшых дзяржаўных органаў, базавыя правы і свабоды грамадзян і гарантыі іх рэалізацыі, вызначае фундаментальныя, канцэптуальныя асновы прававой сістэмы Беларусі.

У адпаведнасці з дэмакратычным характарам беларускай дзяржавы Канстытуцыя ўтрымлівае нормы аб прызнанні народа адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь, аб гарантыях поўнаўладдзя народа. У сацыяльнай дзяржаве, якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, згодна з Канстытуцыяй прымаюцца меры, накіраваныя на аказанне дапамогі неабароненым слаям насельніцтва, на размеркаванне эканамічных даброт паводле прынцыпу справядлівасці для забеспячэння кожнаму годнага існавання.

Канстытуцыя, абвяшчаючы Рэспубліку Беларусь прававой дзяржавай, адначасова змяшчае норму аб устанаўленні ў ёй прынцыпу вяршэнства права. Гэты найважнейшы агульнаправавы прынцып прадугледжвае прыярытэт права ў арганізацыі і дзейнасці дзяржавы, а таксама ў яе ўзаемаадносінах з грамадствам і кожным грамадзянінам паасобку.

Вяршэнства Канстытуцыі ў адносінах да ўсіх астатніх нарматыўных прававых актаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выступае не толькі асновай іерархіі актаў заканадаўства ў дзяржаве, але і юрыдычным выражэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у міжнародных адносінах.

У Канстытуцыі вызначаны галоўны кірунак яе рэгулюючага ўздзеяння на ўсе сферы грамадскіх адносін — правы, свабоды чалавека і гарантыі іх рэалізацыі як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы. Устаноўлена, што правы і свабоды чалавека забяспечваюцца на аснове роўнасці ўсіх перад законам і адсутнасці якой-небудзь дыскрымінацыі. Пры гэтым з палажэнняў Асноўнага Закона вынікае, што кожны грамадзянін краіны павінен не толькі добра ведаць свае канстытуцыйныя правы і абавязкі, але і добрасумленна іх рэалізоўваць.

Невыпадкова грамадскія чаканні звязаны з найбольш поўнай рэалізацыяй магутнага патэнцыялу рэгулюючага ўздзеяння прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі. Яе высокія духоўныя і юрыдычныя каноны былі сфарміраваны на няпростым гістарычным шляху Беларусі. У 1994 годзе Канстытуцыя была прынята народам Рэспублікі Беларусь у імкненні забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы. Сёння яна з'яўляецца прававым фундаментам гістарычна пераемнага развіцця Беларусі, яе незалежнасці, палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай цэласнасці, грамадзянскага даверу і ўзаемаразумення.

Дзень Канстытуцыі — гэта не толькі свята беларускай дзяржаўнасці, але і асабістае свята кожнага з нас, грамадзян Рэспублікі Беларусь, патрыётаў сваёй Айчыны. Віншую ўсіх з гэтым святам і жадаю добрага здароўя, міру і дабрабыту, новых здзяйсненняў на карысць нашай Радзімы!

Наталля Карповіч, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?