Вы тут

Новы сезон — стары пераможца


Жаночая зборная па гандболе другі раз абыгрывае літовак у адборачных матчах чэмпіянату Еўропы — 2016, лідар біятлоннай зборнай падводзіць вынікі чэмпіянату свету, які завяршыўся ў Нарвегіі, а футбольны сезон адкрываецца розыгрышам Суперкубка. Пра самыя актуальныя спартыўныя падзеі — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Новы футбольны сезон адкрыўся ў мінулыя выхадныя матчам за Суперкубак. Другі год запар у ім сустрэліся барысаўскі БАТЭ і салігорскі «Шахцёр», гульня прайшла на штучным полі ФК «Мінск». Лік у матчы адкрыў навабранец барысаўчан Мірка Іваніч, ужо пасля перапынку футбалісты БАТЭ падвоілі перавагу — 2:0. Гульцы «Шахцёра» не змаглі патрапіць у вароты барысаўчан, ім «дапамаглі» сапернікі, аформіўшы аўтагол. Лік матча — 2:1. такім чынам, як і годам раней, «Шахцёр» саступіў Суперкубак БАТЭ.

Адзначым, што да гэтага футбалісты з Барысава выйгравалі гэты трафей 5 разоў (2010, 2011, 2013-2015), а ў 2012 годзе яны саступілі Суперкубак «Гомелю».

2. Гонкамі з масавага старту завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне ў нарвежскім Халменколене. Медальны залік сусветнага першынства выйграла зборная Францыі, на рахунку якой 11 узнагарод. Лепшым вынікам у зборнай Беларусі сталі дзясятае месца ў мас-старце, якое заняла Надзея Скардзіна, а таксама два 13-я месцы Уладзіміра Чапеліна ў спрынце і гонцы з масавага старту. Вынікі свайго выступлення падвяла лідар жаночай зборнай сёлетняга сезону Надзея Скардзіна.

— Я паказала той вынік, на які здольная сёлета. Можа ён кагосьці задаволіць, а можа і не. На што натрэніраваліся, тое і паказваем. У цэлым, на чэмпіянаце былі крыўдныя моманты для самой сябе. Напрыклад, здарэнне з вінтоўкай перад гонкай праследавання. Мы позна гэта заўважылі, і стральба склалася вельмі дрэнна для мяне. Адпаведна і індывідуальная гонка склалася не на 100 працэнтаў. Што ёсць, тое ёсць. Ужо канец сезона і ўсе вельмі стаміліся. Для мяне гэты чэмпіянат не самы горшы, але я спадзяюся, што будуць і лепшыя турніры.

3. У матчы ў адказ адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы — 2016 па гандболе наша жаночая зборная перамагла каманду Літвы (38-35). Нагадаем, у Каўнасе беларускія дзяўчаты таксама былі мацнейшыя за саперніц (29-21).

Зборнай Беларусі ў кваліфікацыйным турніры засталося правесці два матчы — 1 чэрвеня яна прыме на сваёй пляцоўцы каманду Нарвегіі, а 4 чэрвеня згуляе ў гасцях у румынскай дружыны. Становішча каманд: Румынія — 6 ачкоў (3 матчы), Нарвегія — 4 (3), Беларусь — 4 (4), Літва — 0 (4). Пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы атрымаюць па дзве лепшыя каманды з сямі груп, а таксама лепшая з тых, хто зойме трэція месцы.

4. У рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі з шайбай сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба завяршыўся першы этап, пасля якога сталі вядомы паўфіналісты турніру.

Пазіцыю лідара займае каманда Прэзідэнта Беларусі, яе хакеісты атрымалі перамогі ва ўсіх 6 сустрэчах, а ў заключным туры абыгралі хакеістаў Віцебскай вобласці з буйным лікам 9:4. Такім чынам, у актыве каманды кіраўніка дзяржавы 12 ачкоў з 12 магчымых (розніца шайбаў — 46-18). На другім месцы фінішавала каманда Гомельскай вобласці, у якой 8 ачкоў (38-19), трэцяе месца — у хакеістаў сталічнай вобласці — 7 балаў (24-15), замкнула квартэт наймацнейшых каманда Брэсцкага рэгіёна — 7 (31-25).

У паўфіналах 2 красавіка каманда Прэзідэнта сустрэнецца з брэсцкімі хакеістамі, каманда Гомельскай вобласці згуляе на сваёй пляцоўцы з дружынай Мінскай вобласці. Пераможцы гэтых сустрэч разыграюць затым галоўны прыз, а тыя, хто прайграе, паспаборнічаюць за бронзу.

Нагадаем, летась пераможцам аматарскага турніру стала каманда Прэзідэнта, якая абыграла ў фінальнай серыі хакеістаў Мінскай вобласці.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.