Вы тут

Ратавальнікі дапамаглі школьніцы бяспечна пакінуць дах


Гісторыя з магілёўскай вучаніцай 11 класа выклікала вялікі рэзананс. Што магло прымусіць маладую дзяўчыну а дзявятай гадзіне вечара падняцца на высотку?


Каб не здарылася страшнага, аператыўнымі службамі былі зробленыя ўсе захады. Перад пад'ездам дома, дзе ўсё адбывалася, ратавальнікі ўсталявалі «куб жыцця», а наверх паднялася псіхолаг гэтай службы Алена Грыбанава. Дарэчы, на дах яна трапіла тым самым спосабам, што і дзяўчына, — па звычайнай стацыянарнай лесвіцы, а потым — праз пруты металічнай рашоткі, якая павінна закрываць для пабочных асобаў шлях на тэхнічны паверх. Цераз некалькі напружаных хвілін яны ўжо разам выйшлі з небяспечнай зоны.

— Гэтая дзяўчына адразу пайшла да мяне, як толькі я адчыніла дзверы на дах, — кажа інспектар-псіхолаг пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Грыбанава. — Магчыма, яна і не думала канчаць жыццё самагубствам. Дзеці наогул вельмі ўразлівая катэгорыя насельніцтва. Яны ўсё ўспрымаюць блізка да сэрца, ім вельмі часта не хапае ўвагі.

Падрабязнасці гісторыі, вядомая справа, не агучваюцца. Ажыятаж вакол такіх выпадкаў толькі пагаршае сітуацыю, лічыць псіхолаг. Яшчэ нядаўна чалавек быў нікому не цікавы, а раптам пра яго раструбілі ўсе сайты. Гэта таксама цяжкі іспыт. Ад таго, што ўсе на цябе паказваюць пальцам, маральна не лягчэй.

Звычайна такімі выпадкамі займаюцца псіхіятры, але калі небяспечная сітуацыя разыгрываецца на вышыні, у справу ўключаюцца ратавальнікі. Летась прыходзілася выводзіць з крытычнага стану магілёўскага падлетка, які таксама падняўся на дах шматпавярховіка.

— У тым, што такія выпадкі паўтараюцца, у першую чаргу вінаватыя дарослыя. Трэба быць больш уважлівымі да сваіх дзяцей, — кажа Алена Грыбанава. — Не ставіцца да іх з вышыні, а пагутарыць як роўныя. Расказаць, што ў вас таксама ў жыцці бываюць няпростыя сітуацыі. Трэба звяртаць увагу на тое, якія фільмы дзіця глядзіць, з кім сябруе, якія каштоўнасці дэкларуе. Асабліва павінна насцярожыць, калі ў падлетка заніжаная самаацэнка, калі яго нешта турбуе, або ён замкнуўся ў сабе. Не можаце справіцца самі, звяртайцеся да псіхолагаў. Нельга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі сын або дачка становяцца калючымі або нервовымі. Калі яны кажуць: «Мне ўсё надакучыла», «Я не хачу болей жыць», «Лепш памерці, чым вось так жыць». Або: «Я не асуджаю тых, хто налажыў на сябе рукі», «Мне лёгка зразумець чалавека, які сыходзіць з жыцця». Дзесьці на падсвядомым узроўні ўжо ідзе той небяспечны працэс, які трэба прыпыніць. Звычайна дарослыя на гэта не звяртаюць увагі, а дарэмна. І падлетак рашаецца на крайні крок.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Крок у нікуды пачынаецца з абыякавасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».