Вы тут

З успамінам пра бітву ля Нарачы


У гэтыя дні спаўняецца 100 гадоў з пачатку Нарачскай аперацыі. Сапраўдным падарункам для тых, хто займаецца тэмай Першай сусветнай вайны, а таксама сімвалічным помнікам усім тым, хто загінуў ля Нарачы вясной 1916-га, стаў выхад кнігі "Бітва ля Нарачы. 1916". 


Дагэтуль у беларускай гістарыяграфіі не існавала грунтоўнага выдання, прысвечанага  адной з буйнейшых аперацый Першай сусветнай вайны. Выправіў памылку вядомы фатограф і эксперт па пахаваннях Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. Пад адной вокладкай аўтар-складальнік сабраў унікальныя матэрыялы, якія не толькі ў дэталях апісваюць саму аперацыю, а і ахопліваюць перыяд да і пасля яе актыўнай часткі.

– Кніга – гэта не інтэрпрэтацыя тых падзей, а вялікі масіў дакументальнай інфармацыі, – падкрэсліў Уладзімір Багданаў. – Многія дакументы, перш за ўсё, нямецкія, раней ніколі не былі недаступныя для рускамоўнага чытача. Асноўную главу складае кніга нямецкага аўтара Вальтэра Флекса, выдадзеная літаральна па гарачых слядах Нарачскай аперацыі.

Манаграфія "Рускае вясенняе наступленне 1916 года", выпушчаная ў 1917 годзе, у кнізе Уладзіміра Багданава на рускай мове публікуецца ўпершыню. Вядома, што спецыяльна для напісання гэтай кнігі Генеральны штаб выклікаў з фронту ў Берлін Вальтэра Флекса.

У міжваенны час, дарэчы, пісьменніка ставілі побач з Рэмаркам і Юнгерам. І служыў ён якраз у тым палку, які ваяваў на Нарачы.

Упершыню ў кнізе "Бітва ля Нарачы. 1916" прадстаўлены і нямецкія "палкавыя гісторыі", напісаныя адразу пасля вайны па часопісах баявых дзеянняў, рапартах і ўспамінах удзельнікаў тых падзей. Каб перакласці іх на рускую мову, трэба было прыкласці нямала намаганняў. Вядома, што перакладаць ваенную літаратуру – вялікая праца. З ёй, дарэчы, выдатна справіўся Уладзімір Заварошкін.

– "Палкавыя гісторыі" складаюць вельмі цікавы кавалак гісторыі, малавядомы для нас, – адзначыў аўтар перакладу з нямецкай мовы Уладзімір Заварошкін. – Ды і ў Германіі яны выйшлі невялікім тыражом. Яны ствараліся тымі, хто ўдзельнічаў у гэтых падзеях. "Палкавыя гісторыі" ўтрымліваюць вялікую колькасць падрабязнасцяў з ваеннага быту, з сітуацый на фронце, з асобных падзей, з якіх складвалася ўся гісторыя вайны. Перакладаць іх было вельмі цікава. І я не магу сказаць, што гэта было складана. Вось сабраць гэтыя крыніцы і прывезці іх у Беларусь – вось гэта варта паклону.  

Асобны раздзел кнігі – "Мемарыял" – адрозніваецца ад папярэдніх вялікай колькасцю фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны ваенныя могілкі і помнікі Першай сусветнай вайны ў сучасным стане. Іх аўтар – таксама Уладзімір Багданаў, які неаднойчы аб'ездзіў усе гэтыя месцы. Менавіта дзякуючы яму, сталі вядомыя многія пахаванні, якія знаходзяцца на тэрыторыі Браслаўскага, Пастаўскага, Мядзельскага і Вілейскага раёнаў.

Усяго ў кнізе змешчана парадку 800 ілюстрацый. Каля 300 з іх – архіўныя, з асабістай калекцыі аўтара. Прычым, практычна ўсе з іх публікуюцца ўпершыню.

Як, напрыклад, унікальныя фотаздымкі наступлення ля Нарачы, зробленыя рускім афіцэрам Іосіфам Стаброўскім непасрэдна падчас бою.

Вядомы калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў даў высокую адзнаку калекцыі Уладзіміра Багданава. "Толькі адной Нарачскай аперацыі прысвечана столькі фотаздымкаў! Па гэтай тэме такі масіў ілюстрацый прадстаўлены ўпершыню", – рэзюмаваў філакартыст.

Падчас прэзентацыі сабраліся аднадумцы аўтара і ўсе тыя, хто неабыякавы да тэмы Першай сусветнай вайны. Сярод іх – і пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, які прысвяціў тэме Першай сусветнай вайны ні адну кнігу.

– Напэўна, да гэтага дня нам павінна было быць крыху сорамна, што да гэтага часу ў нашай краіне не існавала асобнага даследавання аб гэтай бітве, – лічыць Вячаслаў Бандарэнка. – А між іншым, гэта была вельмі цяжкая і кровапралітная бітва. За 12 дзён ля Нарачы загінула і было паранена 78 тысяч афіцэраў і ніжніх чыноў. Гэтая аперацыя лічылася прайгранай і бессэнсоўнай. Да такіх тэм, як правіла, ваенныя гісторыкі звяртаюцца рэдка, бо, у першую чаргу, усе памятаюць паспяховыя дзеянні і перамогі. Бітвы, якія быццам бы ні да чаго не прывялі, на жаль, заўсёды знаходзяцца на задворках. 

Знаходзяцца, пакуль апантаныя пэўнай тэмай людзі не выведуць гэтую тэму з ценю. Так склалася і з Нарачскай аперацыяй. І цяпер дзякуючы Уладзіміру Багданаву гэтую важную ў нашай гісторыю падзею можна вывучаць па яго кнізе. На шчасце, першакрыніца ўжо ёсць. Ды яшчэ якая!

kanyuta@zviazda.by 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА  

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.