Вы тут

Чаму настаў час развянчаць вобраз беларуса як «пана сахі і касы»


Наша Беларусь — пакуль маладая дзяржава, але вопытам сваёй дзяржаўнасці мы можам падзяліцца. Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — усе гэтыя дзяржавы і дзяржаўныя ўтварэнні ляжаць у фундаменце нашай краіны. На мерапрыемстве ў рэдакцыі «Звязды» эксперты абмеркавалі, як ішло фарміраванне нашай дзяржаўнасці, калі нарадзілася беларуская нацыянальная ідэя, што сёння можна лічыць істотным дасягненнем нашага народа.

У «круглым стале» прынялі ўдзел: Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук; Марат Жылінскі, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; Сяргей Мусіенка, кіраўнік аналітычнага цэнтра EсооM, член Савета Аналітычнай асацыяцыі АДКБ; Аляксандр Данілаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Ігар Марзалюк, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы; Галіна Філіповіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.


Старажытнейшыя, чым «Пагоня»

Вя­ча­слаў Да­ні­ло­віч.

Вячаслаў Даніловіч:

— Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў нашай Канстытуцыі прапісана: яна прымаецца на аснове шматвяковай гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Гэты пастулат верны. У 2011–2012 гадах вучонымі з аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці нашага інстытута распрацаваны новы канцэптуальны падыход тлумачэння самой дэфініцыі «дзяржаўнасць», што варта пад ёй разумець. Так, дзяржаўнасць — гэта права этнанацыянальнай супольнасці, патэнцыяльная здольнасць яе эліты да працяглага самастойнага існавання. Такім чынам, дзяржаўнасць складаецца з многіх элементаў: сюды ўваходзяць і эканамічныя пытанні, і культурныя, і палітычныя, і ўсе іншыя складнікі, характэрныя для любога грамадства на працягу яго развіцця.

Новая трактоўка дала магчымасць вучоным інстытута абгрунтаваць канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў дзвюх непарыўна звязаных формах — гістарычнай і нацыянальнай.

Гістарычныя формы дзяржаўнасці, якія існавалі на нашых землях, можна пералічыць, пачынаючы ад Кіеўскай Русі, Полацкага і Тураўскага княстваў, потым — Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Аб'ектыўны навуковы аналіз сведчыць, што далучэнне нашых земляў да апошняй паспрыяла спыненню паланізацыі на тэрыторыі Беларусі. Фактычна мы атрымалі магчымасць захаваць свае нацыянальныя асаблівасці, развівацца далей. Неабходна памятаць пра тое, што ў Расійскай імперыі беларусаў не разглядалі як нейкі падначалены народ. Існавала канцэпцыя трыадзінага рускага народа, які складаўся з трох частак — велікарусаў, беларусаў, маларусаў. Гэты трыадзіны народ у Расійскай імперыі разглядаўся як дзяржаваўтваральны.

Тое ж самае, калі казаць пра часы Рэчы Паспалітай. Лічу, няправільна сцвярджаць, што ў Рэчы Паспалітай не было нічога беларускага. Як не было, калі там жылі нашы продкі? Тыя ж самыя сяляне, якія захоўвалі і беларускую мову, і нашы традыцыі, культуру. Гэта сведчыць пра тое, што беларускі складнік прысутнічаў. Так, наша шляхта з цягам часу паланізавалася. У яе таксама свае асаблівасці, свае рысы культуры прысутнічалі. Але адмаўляцца і гаварыць, што Рэч Паспалітая — гэта нейкая чужая дзяржава на нашай тэрыторыі, абсалютна няправільна.

Вышэйназваныя гістарычныя формы дзяржаўнасці чым адметныя? У першую чаргу тым, што ўсе яны мелі поліэтнічны характар. У рамках гэтых дзяржаў аб'ядноўваліся некалькі народаў. У той жа самай Кіеўскай Русі, Полацкім, Тураўскім княствах, Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. І кожны з такіх народаў мае права на гістарычную спадчыну гэтых дзяржаў. У тым ліку і беларусы.

З іншага боку, мы не павінны забываць пра тое, што ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўнай мовай была старабеларуская. Статуты Вялікага Княства — першыя фактычна заканадаўчыя канстытуцыйныя акты ў Еўропе, якія грунтаваліся менавіта на мясцовым праве, — напісаны на нашай мове. На часы ВКЛ прыпадае перыяд росквіту беларускай культуры, у тым ліку і дзейнасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.

Другая частка гісторыі нашай дзяржаўнасці звязана з яе нацыянальнымі формамі. Кажучы простай мовай, нацыянальныя формы — гэта тыя, дзе прысутнічае слова «беларускі». Тут можна пачаць з Беларускай Народнай Рэспублікі. Зразумела, рэальнай дзяржавай яна не стала, але гэта была першая спроба абвясціць незалежную беларускую дзяржаву, хоць і няўдалая. Далей — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, абвешчаная 1 студзеня 1919 года, потым таксама ў студзені, Літоўска-Беларуская ССР, далей Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якую другі раз абвясцілі ўжо ў ліпені 1920 года. Нарэшце, сённяшняя наша дзяржава — Рэспубліка Беларусь.

Яшчэ адна важная рэч, на якую неабходна звяртаць увагу, заключаецца ў тым, што ў плане развіцця сённяшняй беларускай дзяржаўнасці нам трэба больш казаць пра нашы дасягненні, выразна іх усведамляць.

Вельмі важны момант, пра які мы мала гаворым — гэта сучасная сімволіка нашай дзяржавы, якая мае глыбокія старажытныя карані, значна больш старажытныя, чым тая ж «Пагоня».

Чырвоны, зялёны і белы колеры беларускага сцяга абумоўлены як гістарычна, так і светапоглядна, яны звязаны з духоўнымі вытокамі нашага народа.

Мы адносімся да ліку ўнікальных краін свету, якія маюць старажытны арнамент на сваім сцягу. Такіх па пальцах можна пералічыць! А гэта тысячагадовая гісторыя, вытокі гэтага арнаменту знаходзяцца ледзь не ў каменным веку! Ён сімвалізуе сонца, зямлю, урадлівасць, ключ да шчасця. Арнамент пранізвае ідэя дабра, пажаданне дабрабыту і росквіту. Чырвоны колер здаўна сімвалізуе сонца. Разам з тым ён увасабляе волю, мужнасць, высакароднасць. Менавіта такога колеру былі дзяржаўныя сцягі ў Старажытнай Русі, Вялікім Княстве Літоўскім, Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусь, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы (да 1951 г.), Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Зялёны колер — гэта не толькі сімвал прыроды, але і сімвал маладосці, энергіі, любові, вясны і адраджэння, колер шчодрасці, дабрыні, стваральнай працы. А калі зазірнуць яшчэ глыбей, то мы ўбачым, што зялёны — гэта колер старажытнаславянскай багіні Лады, якая атаясамлівае жаночую стваральную энергію сусвету — крыніцу сусветнай гармоніі, плённага, творчага ўзаемадзеяння ўсіх яго складнікаў. Менавіта адсюль лад у сям'і, у грамадстве, лад у дзяржаве. Белы колер сімвалізуе духоўную чысціню, святасць, мудрасць, згоду, свабоду і веды. Калі паглядзець на герб, то таксама можна ўбачыць старажытныя сімвалы, якія выдатна характарызуюць адметныя рысы менталітэту беларускага народу — працавітасць, добразычлівасць, імкненне да лепшай долі. Сімвалічныя і словы нашага гімна, дзе гаворыцца аб тым, што мы — мірны народ, але заўжды гатовы абараняць сваю Айчыну.

Наша шматвекавая гісторыя пацвярджае: нягледзячы на тое, што Беларусь знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем і што праз нас праходзілі шматлікія войны, мы змаглі захавацца, адстаяць сваё права на самастойнае развіццё і ўрэшце прыйсці да незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Ганарыцца сваёй унікальнасцю

Ма­рат Жы­лін­скі.

Марат Жылінскі:

— Працытую кіраўніка дзяржавы, які сказаў, што ў ХХ стагоддзі мы, беларусы, выпакутавалі сваю дзяржаўнасць. Гэта вынік тысячагадовай гісторыі, калі напрыканцы ХХ стагоддзя наша краіна атрымала сапраўдную незалежнасць.

Гледзячы праз прызму гістарычных ведаў, ясна, што мы маем дастаткова глыбокія карані, якіх не маюць часам нават развітыя дэмакратызаваныя краіны Еўропы і свету. Тая ж заканадаўчая галіна нашай улады мае старажытныя карані, амаль такія ж, як Ірландыя, Шатландыя, Англія. У нас зачаткі вечавога ўладкавання па пісьмовых крыніцах былі з ІХ стагоддзя, насамрэч яны існавалі яшчэ раней. Усе задаткі дзяржаўнасці ў нас былі яшчэ тады.

Гісторыя мае аб'ектыўны ход, і ў выніку мы маем тое, што маем. Сёння наша краіна — гэта незалежная дзяржава, прызнаная міжнароднай супольнасцю, і гэта, яшчэ раз паўтараю, вынік нашага тысячагадовага развіцця.

Унікальнасць цяперашняй мадэлі — напэўна, самае галоўнае дасягненне. Сістэма кіравання нашай краіны даказала сваю эфектыўнасць ужо тым, што мы — адзіны народ на постсавецкай прасторы, які не ведае, што такое кроў.

Мы адзіная краіна, якая не дапусціла праліцця крыві ўнутры сябе. Толькі адзін гэты факт кладзе на лапаткі ўсіх апанентаў і крытыкаў дзейнай улады. Гэта асноватворны стрыжань, які аб'ядноўвае народ.

У нас яшчэ доўгі шлях наперад. Мы — народ, які жыве ў цэнтры Еўропы, у нас ёсць чалавечы, інтэлектуальны патэнцыял. Калі ж казаць пра духоўныя сувязі, то, натуральна, тут я цалкам згодны, што мы непарыўныя з нашымі брацкімі народамі. Гэта корань, з якога вырастае агульнае ўсходнеславянскае дрэва.

Аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць

Ігар Мар­за­люк.

Ігар Марзалюк:

— Ніхто з прысутных не ставіць пад сумненне той факт, што Беларусь мусіць мець прыязныя адносіны з Расіяй... У той жа час і з Еўропай мы хочам нармальных эканамічных адносін. Мы не хочам быць на лініі разлому або супрацьстаяння. Мы хочам мірыць, аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць.

Чаму мы не можам адмаўляць Расію? Я гісторык і прывык аперыраваць фактамі, а факты — гэта фрагменты рэальнасці. Мы кажам пра стварэнне беларускай нацыянальнай ідэі, якая звязана менавіта з перыядам знаходжання беларускіх земляў у Расійскай імперыі.

Возьмем тэксты Ігната Кулакоўскага, якія пісаліся пасля паўстання 1831 года, — дзякаваць Богу, не ўся шляхта была паланізаваная. Гэты чалавек скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, у Слоўніку геаграфічным лічыцца польскім паэтам. Але ён піша на імя міністра народнай адукацыі Расійскай імперыі праект аб распалячванні адукацыі ў Беларусі. Католік! Юрыст! Шляхціц! Піша пра тое, што ўсе беды — ад польскага каталіцызму. І ляжыць гэты праект неапублікаваны. У Пецярбургскім архіве знайшлі першы падручнік па гісторыі Беларусі, напісаны ў тыя гады з беларускацэнтрычнай пазіцыі, праграму аб інстытуалізацыі беларускай мовы, праект аб увядзенні гэтай мовы ў школах. Такая там ёсць фраза, дзе Кулакоўскі піша пра заняпад высокай культуры: «І толькі старажытныя замкі і старажытныя дыялекты сведчаць, што гэты народ жыве». Гэта пісалася ў 1833 годзе.

Першым, хто агучыў права беларусаў на самастойнасць, быў Бакунін, вядомы анархіст, які ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя заявіў, што кожны з народаў Расійскай імперыі мае права на сваю форму дзяржаўнасці. Ён сказаў такую фразу: «Мае на тое права і Беларусь са Смаленскам». Гэтыя ідэі ляглі ў аснову канцэптуалістыкі першай суб'ектываванай беларускай палітычнай арганізацыі — беларускіх народавольцаў, якія стварылі часопіс «Гоман» (1884). Ідэі, закладзеныя ў ім, да сённяшняга дня вызначаюць беларускі палітычны праект. Гоманаўцы, людзі, якія казалі «Беларусь — для беларусаў», разумелі Беларусь не проста як нешта этнічнае, а як сукупнасць усіх яе грамадзян, хто жыве на гэтай тэрыторыі. Яны прынцыпова бачылі будучыню Беларусі, як яны пісалі, у раўнапраўнай федэрацыі з іншымі народамі Расіі. Яны разумелі, што антырускія праекты — марныя. Найважнейшая задача, якую імкнуліся рэалізаваць гэтыя людзі і іх паслядоўнікі, — дамовіцца з расійскімі элітамі аб беларускай дзяржаўнасці.

Зноў-такі, проста хачу нагадаць, што першы выпадак, калі цэлы год беларуская мова з'яўлялася мовай навучання ва ўсіх пачатковых прыходскіх школах Беларусі — гэта 1863 год. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі князь Аляксандр Шырынскі-Шыхматаў у студзені 1863 года ўвёў «белорусское наречие» ў якасці дадатковай мовы навучання. Падзеі польскага паўстання пахавалі ініцыятыву Шырынскага-Шыхматава, а яго пераемнік І.П. Карнілаў у 1864 годзе выключыў беларускую мову ў якасці мовы выкладання ў беларускіх школах. Тады і падручнікі былі напісаны (яны, дарэчы, захаваліся). Мы да сённяшняга дня не перавыдалі першыя кнігі і першыя падручнікі, якія рэальна адлюстроўваюць, на якім падмурку на пачатку ХХ стагоддзя з'явілася «Наша Ніва».

Мала хто ведае, што Антон Луцкевіч, першы прэм'ер-міністр БНР, заснавальнік «Нашай Нівы», быў сябрам Мілюкова, і рускія кадэты фінансавалі «Нашу Ніву» — беларускую нацыянальную газету. Больш за тое, Луцкевіч быў у адной масонскай ложы з Мілюковым. Значыць, афармленне гэтай нацыянальнай ідэі ішло ў рэчышчы падыходаў, якія фарміраваліся ў перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі.

Запоўніць нішу

Некалькі месяцаў таму была прэзентавана ў многім унікальная кніга пад назвай «Дзяржаўнасць. Нацыянальная ідэя Беларусі». Яна ўключае ў сябе артыкулы навукоўцаў, публіцыстаў — як беларускіх, так і замежных. Усе тэксты прысвечаны феномену беларускай дзяржаўнасці.

Сяр­гей Му­сі­ен­ка.

Сяргей Мусіенка:

— Праект пачынаўся з кнігі, што была выдадзена ў Нью-Ёрку, вокладку якой распрацаваў Уладзімір Цэслер. Паказальна, што нью-ёркскі выдавец прыняў кнігу адразу. Для мяне гэта было і дзіўна, і прыемна.

Мы зыходзілі з таго, што, сапраўды, у нас шматгранная гісторыя, і гэта адлюстроўваецца нават у назвах нашай краіны. Сапраўды, бывае, што краіны за сваю гісторыю мяняюць адзін-два разы сваю назву, але каб так — тут мы ў многім рэкардсмены.

Задача перада мной стаяла такая, што ў прынцыпе ў кнізе не павінна быць беларускіх аўтараў. Гэта мусілі быць замежнікі, якія б прадстаўлялі погляд на нашу краіну збоку. Але пасля, калі мы ўжо сабралі замежных аўтараў, то ўбачылі, што ёсць некаторыя моманты, якіх яны з шэрагу прычын не ведаюць. Усё ж такі патрабуецца больш глыбокае пагружэнне ў тэму, каб апісваць нашу дзяржаўнасць. Тады і запрасілі айчынных спецыялістаў — каб раскрыць якраз тыя, невядомыя заходняму чытачу, моманты. Для мяне асабіста гэты праект быў цікавы таму, што даваў магчымасць даведацца, што пра нас ведаюць і што пра нас думаюць людзі з Аўстрыі, Італіі... У нас жа прыкладна 20 аўтараў. Гэта не хвалебныя артыкулы пра нас. Эксперты апісваюць, як з іх пункту гледжання мы глядзімся — з аўстрыйскай пляцоўкі, італьянскай, амерыканскай. Гэта каштоўна, таму што мы павінны ведаць, як пра нас думаюць іншыя.

На маю думку, кніга атрымалася ўжо хаця б таму, што зараз яна прадаецца ў самым буйным у свеце інтэрнэт-магазіне Amazon.com, ёсць у бібліятэцы Кангрэса ЗША, Гарвардскага ўніверсітэта, Нью-Ёрка. Пасля ўзнікла ідэя перавыдаць яе на рускай мове.

Раскажу пра назву. У рускамоўнай і англамоўнай версіях кнігі яна адрозніваецца: аказалася, што ў англійскай мове няма слова «дзяржаўнасць». Той тэрмін, якім мы сёння аперыруем і які нам зразумелы, у англійскай мове ўвогуле адсутнічае.

Рускамоўная версія адрозніваецца яшчэ і тым, што ў ёй ёсць уступнае слова Уладзіміра Уладзіміравіча Макея, ёсць артыкул Вадзіма Францавіча Гігіна. Адпаведна аўтараў у ёй больш.

Наступны праект — пераклад кнігі на сербскую, арабскую і турэцкую мовы. Мы будзем запрашаць аўтараў з іншых краін: тэма аказалася цікавай.

Пра гэты праект кажуць як пра першы ў гісторыі нашай сучаснай дзяржаўнасці, і гэта таксама прыемна. Калі замежныя ВНУ заказваюць гэтую кнігу і кажуць, што ў іх такой літаратуры проста няма, гэта азначае, што мы запаўняем гэтую нішу. І тое важна — і з гістарычнага пункту гледжання, і з культурнага, бо нам і самім трэба ведаць, што пра нас думаюць. Адстойваць сваё права на незалежнасць — доўгі і складаны працэс. Праз прызму меркаванняў замежнікаў, прытым вядучых спецыялістаў сваёй галіны, цікава паглядзець на сябе. Думаю, трэба працягваць гэтыя праекты і ў рамках медыйнага абмеркавання.

Трэба сказаць, што кніга рыхтавалася ва ўмовах санкцый. Я ўдзячны аўтарам за тое, што гэтыя людзі пісалі пра нас аб'ектыўна. З іх боку гэта быў грамадзянскі ўчынак, таму што вельмі многія спецыялісты адмаўляліся. Гэта быў вельмі складаны працэс. Цяпер натуральна, нам будзе прасцей.

Абарона нацыянальных інтарэсаў

Га­лі­на Фі­лі­по­віч.

Галіна Філіповіч:

— 2016 год — знакавы для нашага парламента, таму што мы сёлета адзначаем 20 гадоў існавання Нацыянальнага сходу як заканадаўчага органа. Але гэта не значыць, што мы 20 гадоў таму пачалі ўсё з чыстай старонкі. Наша заканатворчая дзейнасць мае вялікую гісторыю і непарыўна звязана з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці. Так, у часы Вялікага Княства Літоўскага былі сфарміраваны першыя калегіяльныя органы — Вялікі вальны сейм і Гаспадарская рада. Яны вырашалі шэраг дзяржаўных пытанняў. Самым яскравым выражэннем нашай дзяржаўнасці, на маю думку, стаў той этап, калі ў суверэннай ужо Беларусі адбыўся падзел галін улады — тады былі больш выразна сфармуляваны задачы ва ўсёй нашай заканатворчай дзейнасці.

1996 годам датуецца ўтварэнне Нацыянальнага сходу — двухпалатнага парламента. У тым, што мы маем дзве палаты, — наша асаблівасць. Так, праца над канкрэтным законапраектам з-за гэтага патрабуе больш часу. З іншага боку, ёсць асаблівасць у тым, што кожная палата мае свой рэгламент. Часам меркаванні не супадаюць. Таму ў нас ёсць магчымасць ствараць пагаджальныя камісіі і ў выніку прыходзіць да адзінага меркавання.

Сёння мы абсалютна самастойная дзяржава, якая мае неабходнасць ва ўласнай прававой базе. Таму, маючы больш за дзве тысячы законапраектаў, некалькі дзясяткаў кодэксаў, мы можам казаць, што стварылі сваю нацыянальную заканадаўчую прававую базу, якая ахоплівае ўсе сферы жыцця. У нас ёсць асноватворныя дакументы, у рамках якіх арганізавана праца выканаўчых органаў, суб'ектаў гаспадарання, звычайных грамадзян.

Запэўніваю вас, што, працуючы над кожным законам, мы памятаем пра галоўную задачу — прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы нашага грамадства. Калі звярнуцца да працы камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — пастаянна актуальнай тэмай з'яўляюцца выбарчыя працэсы ў краіне. Сёння міжнародныя назіральнікі прадставілі даклады па выніках прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Натуральна, рэкамендацыі гэтыя — бачанне нас звонку. Мы павінны разумець, што можам і што нам бліжэй. Гэтыя рэкамендацыі — паважлівыя парады нашых суседзяў, але сёння мы не можам бегчы наперад, калі грамадства да гэтага пакуль не падрыхтавана. У той жа час мы не можам стаяць на месцы — каб не згубіцца. Таму найбольш важная задача — кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі.

Калі я сустракаюся з выбаршчыкамі, адказваю на нараканні наконт нейкіх законапраектаў, то заўсёды кажу, што закон не можа быць напісаны індывідуальна пад жаданні кожнага. Закон — гэта правілы, якія прымаюцца большасцю, паколькі мы, дэпутаты, з'яўляемся прадстаўнікамі сваіх выбаршчыкаў.

Што да міжнароднай дзейнасці, то на пляцоўцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў створана Міжпарламенцкая Асамблея краін СНД. Яна дае магчымасць выпрацоўваць мадэльныя законы, якія носяць рэкамендацыйны характар. Гэта так ці інакш збліжае нашы інтарэсы ў нарматыўна-прававой сферы дзейнасці, а таксама дазваляе не губляць тэндэнцый заканатворчага жыцця. Акрамя гэтага, сёлета Еўрапейскі саюз зняў санкцыі з нашай краіны. Мы назіраем пацяпленне ў палітычных стасунках — цяпер мы можам прэтэндаваць на права быць паўнапраўнымі членамі розных саюзаў, асацыяцый у рамках ЕС. Для парламентарыяў будзе даступна трыбуна для прэзентацыі нас як дзяржавы, нашай дзяржаўнасці, нашага светапогляду.

Новае пакаленне

Калісьці беларусы называлі сябе «тутэйшымі», адносілі сябе да рускіх або палякаў — у залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці. Цікава было б паглядзець з пункту гледжання сацыялогіі, як змянялася самаідэнтыфікацыя беларускага грамадства за апошнія 25 гадоў.

Аляк­сандр Да­ні­лаў.

Аляксандр Данілаў:

— На гэтае пытанне пакуль вельмі складана знайсці канчатковы адказ, бо працэс яшчэ працягваецца. Перыяд, што папярэднічаў утварэнню дзяржавы — сітуацыя да 1991 года, — яшчэ поўніцца «белымі плямамі».

У 1990-я пачынаецца рэальны працэс укаранення беларускай дзяржаўнасці. З чаго ён пачынаецца? З канстытуцыйнай рэформы. Чаму? Калі б мы пасля атрымання суверэнітэту, а потым пасля першых прэзідэнцкіх выбараў не правялі цэлы шэраг рэферэндумаў, на якіх выразна і празрыста размежавалі паўнамоцтвы паміж рознымі галінамі ўлады, не вызначылі б перспектывы ўнутранай і знешняй палітыкі, мы натыкаліся б на бясконцыя палітычныя крызісы, якія прывялі б да чаго заўгодна.

Мы неяк забываем, што менавіта гэтыя рэферэндумы дазволілі нам пераадолець і дастаткова стабільна пражыць апошнюю чвэрць стагоддзя. Было вырашана пытанне аб уладзе — гэта па-першае. Па-другое, прынята рашэнне аб саюзе з Расіяй. Як бы там ні было, у нашай шматвектарнасці гэты кірунак — дамінуючы. Наступнае — мы вырашылі пытанні духоўнага развіцця краіны, у эканоміцы мы вызначыліся як моцная сацыяльна арыентаваная дзяржава. Гэта велізарнае дасягненне, таму што мы, нягледзячы на цяжкасці, усё вытрымалі.

За гэты час вырасла новае пакаленне. На інаўгурацыі было сказана, што асноўны вынік 20 апошніх гадоў — тое, што беларускі суверэнітэт укараніўся і яго ўжо ўспрымае і падтрымлівае большая частка насельніцтва краіны.

Атрымліваецца, што сістэма эканомікі, сістэма адукацыі, сістэма культуры развівалася такім чынам, што моладзь сёння ідэнтыфікуе сябе беларусамі. І гэта самае высокае дасягненне, якое ў нас сёння ёсць.

Але давайце паглядзім, што мы робім далей. Што, напрыклад, фарміруе асобу маладога чалавека? Лічу, што перш за ўсё, натуральна, асяроддзе, сям'я, школа... Але ж мы падштурхоўваем настаўніка да таго, што ён перастае быць галоўнай і ключавой фігурай у нашай сістэме адукацыі. Дзеля чаго? Мы бачым, што сістэма бюракратызуецца, яна пачынае даваць збой. Мы можам прыйсці невядома куды. Таму ў гэтай сітуацыі нам, натуральна, патрэбна шукаць сваю перспектыву перш за ўсё ў гісторыі свайго грамадства, у сваёй шматвяковай культуры, традыцыях, каштоўнасцях, якія, сапраўды, дапамогуць нам вырашыць гэтыя пытанні. Трэба памятаць, што супрацьстаянне не нараджае ісціну: нарадзіць яе можа дыскусія. Беларуская палітыка якраз і заключаецца ў тым, што мы не за кошт сілы дамагаліся нечага, а за кошт сваёй мудрасці, узважанасці.

Ведаць,каб ганарыцца

Марат Жылінскі:

— Што ёсць дзяржаўнасць асабіста для мяне? Гэта мой дом, мая сям'я, мае дзеці, тая зямля, на якой я жыву. Відаць, гэтыя простыя паняцці ўвесь час трэба ўкараняць у свядомасць кожнага чалавека, асабліва ў свядомасць нашых дзяцей. Нават простае дзеянне: калі на святочным мерапрыемстве малое дзіця прыкладае ручку да сэрдца падчас гучання гімна — гэта выклікае не толькі замілаванне. Гэта ўсведамленне таго, што яно вырасце сапраўдным грамадзянінам. Тут задзейнічана ўсё: сям'я, дзіцячы садок, школа. Нельга ўсё перакладваць на плечы настаўніка і казаць, што ён павінен выхаваць і навучыць — сям'я таксама павінна ў гэтым удзельнічаць. Інакш мы не зможам выгадаваць тое пакаленне, якое ў будучыні ўтрымае гэту дзяржаўнасць і не аддасць яе ні на Усход, ні на Захад, ні на Поўдзень, ні на Поўнач. Пра такія рэчы, як герб, сцяг, гімн, трэба казаць часцей.

Яшчэ я ўпэўнены, што трэба адмаўляцца ад купалаўска-коласаўскай тэрміналогіі «пан сахі і касы». Мы не лапатнікі. Гэтая ідэя, ідэалогія была актуальная для той эпохі. Сёння мы — еўрапейскі народ, частка сусветнай супольнасці. Самае галоўнае — што мы захаваліся як нацыя, народ у адзінстве. У адзінстве наша сіла. Калі мы дазволім разарваць сувязь пакаленняў, традыцыйныя сувязі, мы загінем. Наша сіла ў тым, што ў нас ёсць гістарычная традыцыйная памяць.

Вячаслаў Даніловіч:

— Калі мы хочам захаваць сваю суверэнную краіну, нашу дзяржаўнасць, то трэба, каб яна развівалася ў формах саюзаў. І гісторыя сведчыць аб правільнасці нашага стратэгічнага кірунку — саюзу з Расіяй. Мы сёння выдатна разумеем, што быць незалежнай ва ўсіх сэнсах краінай апрыёры немагчыма. Мы павінны быць разам з саюзнікамі. Але яны павінны нас паважаць — нашу гісторыю, культуру, нашы адметнасці.

Важна і неабходна сёння як мага шырэй папулярызаваць і прапагандаваць навейшыя напрацоўкі айчынных вучоных-гісторыкаў, наш, беларускі, погляд на гісторыю сваёй дзяржаўнасці. У 2011–2012 гадах мы выдалі двухтомнік «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», які ахоплівае перыяд ад часоў Расійскай імперыі і да сучаснасці. Сёлета мы выдадзім адмыслова на рускай мове трохтомнік «История белорусской государственности», які адлюструе яе развіццё ўжо ад старажытнасці і да сучаснасці. Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што і за межамі краіны мы імкнёмся расказваць пра здабыткі нашай дзяржаўнасці. Ужо ў красавіку ў Кітаі выйдзе кніга пад назвай «Беларусь. Старонкі гісторыі», дзе прадстаўлены беларускі погляд на нашу гісторыю ад старажытных часоў да сучаснасці. Зараз мы вядзём працу па перакладзе гэтай кнігі і на англійскую мову.

Карацей кажучы, мы павінны ведаць сваю гісторыю і культуру, самі ёй ганарыцца — тады і ў свеце нас будуць паважаць.

yushkevich@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Відэа з "круглага стала" глядзіце тут

Загаловак у газеце: Тысячагадовы вопыт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?