Вы тут

Як у вясковай школе захоўваюць культурную спадчыну


Сёння паняцце «фальклор» найчасцей асацыюецца ў нас з бабулькамі ў квяцістых хустках. Аднак зацікавіць дзяцей культурнай спадчынай магчыма і ў век інфармацыйных тэхналогій. Што такое «трашчоткі» і як правільна танцаваць сапраўдную беларускую польку, дакладна ведаюць выхаванцы ўзорнага фальклорнага ансамбля «Сунічка», створанага на базе Вулькаўскай сярэдняй школы.


Хлоп­чы­кі і дзяў­чын­кі не толь­кі спя­ва­юць і тан­цу­юць,  але і ігра­юць на шу­ма­вых ін­стру­мен­тах.

«Сунічку» ўжо даўно называюць «візітнай карткай» Лунінеччыны — без яе немагчыма ўявіць аніводнае свята, якое тут ладзіцца. Кожнае выступленне ансамбля радуе вока і слых своеасаблівасцю, непаўторнасцю. Удзельнікі калектыву — школьнікі ўзростам ад 8 да 16 гадоў — спяваюць песні па-беларуску, танцуюць парамі, іграюць на шумавых інструментах і нават могуць паспаборнічаць у майстэрстве з прафесійнымі фальклорнымі ансамблямі.

Гісторыя «Сунічкі» пачалася амаль дваццаць пяць гадоў таму. Тады ў вёску прыехалі маладыя настаўнікі музыкі Уладзімір і Людміла Калянковічы, а тут ужо быў мясцовы харэограф — Ганна Лазько. Гэтыя людзі і сталі мастацкімі кіраўнікамі калектыву.

— Напачатку ніхто не меў на мэце стварэнне фальклорнага ансамбля. Мы хутчэй абапіраліся на тое, што мелі: я скрыпач, мая жонка грае на баяне — вось вам і так званы вясковы аркестр. А наш харэограф спецыялізуецца менавіта на народных танцах, — расказвае Уладзімір. — Першым часам мы проста вучылі дзяцей таму, што ведалі самі. Пасля былі конкурсы, дзе «Сунічка», пазіраючы на іншых, набіралася досведу і ўдасканальвала майстэрства.

Дзеці прыходзяць у ансамбль, калі вучацца ў другім-трэцім класе, і застаюцца ў ім да выпуску са школы. Такім чынам, разам са звычайнай адукацыяй вулькаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць дадатковую — засвойваюць на практыцы беларускую культурную спадчыну. Праз беларускія песні і танцы ўдзельнікі дзіцячага ансамбля адкрываюць для сябе ў некаторым сэнсе і гісторыю краіны, і асаблівасці чалавечых узаемаадносін, і такія аспекты жыцця, як праца, адпачынак і іншае. Апроч таго, фальклор дапамагае многім школьнікам стаць смялейшымі, пазбавіцца залішняй сціпласці. Недарма ёсць такія радкі ў прыпеўках:

«...Як гармоніка пачуюць,

Ножкі самі танцуюць».

За час свайго існавання ансамбль неаднаразова станавіўся пераможцам раённых, дыпламантам рэспубліканскіх, абласных і міжнародных аглядаў-конкурсаў народнай творчасці. Безумоўна, за гэтым стаіць плённая праца як мастацкіх кіраўнікоў, так і саміх дзяцей. Апошнія прызнаюцца, што часам замест чарговай рэпетыцыі пасля ўрокаў ім хочацца пагуляць на камп'ютары. Бо калі дарослыя артысты ставяцца да песень і танцаў у першую чаргу як да прафесійнага абавязку, за які можна атрымаць грошы, то для школьнікаў — гэта заняткі па інтарэсах, якія яны самі для сябе выбіраюць.

І тым не менш якім чынам у Вульцы ўдаецца падтрымліваць цікаўнасць дзяцей да спадчыны? Настаўнікі кажуць, што гэта залежыць ад розных фактараў, але самае важнае — усё, пра што спяваюць школьнікі, яны могуць добра сабе ўявіць. Бо што ні кажы, а асноўныя тэмы фальклору датычацца вясковага жыцця.

Дзе б ні выступала «Сунічка», яна заўсёды імкнецца падкрэсліць адметнасці не толькі свайго раёна, але і роднай вёскі. У рэпертуары калектыву шмат песень і танцаў, якія спрадвеку выконваліся ў гэтай мясцовасці, ці пра якія старыя жыхары вёскі кажуць — «гэта па-волянску». Напрыклад, полька «Шчэльніца» ўзяла сваю назву ад месца, побач з ім стаіць сучасная Вулькаўская школа. Безумоўна, такі танец вы больш нідзе не ўбачыце.

«З нагі ў нагу, з рукі ў руку, з горла ў горла», — так паміж сабой кажуць пра «Сунічку» яе мастацкія кіраўнікі, маючы на ўвазе пераемнасць традыцый. І гэта не проста словы, паколькі харэограф Ганна Лазько ў народных танцах шмат чаго пераняла ад свайго бацькі, а тэксты некаторых песень спецыяльна запісваліся ад самых старых жыхароў Вулькі.

Асаблівую ўвагу прыцягваюць сцэнічныя касцюмы «Сунічкі» — нацыянальныя строі, якія ствараліся рукамі матуль, бабуль і цётак маленькіх артыстаў. Поўнасцю аднолькавых вышыванак тут няма, бо майстрыхі падбіралі арнаменты з улікам уласных густаў і магчымасцяў. З гэтай прычыны некаторыя строі нават носяць імёны тых, хто быў іх першым уладальнікам.

Для таго каб вобраз быў народным на сто працэнтаў, адной вопраткі мала:

— Дзяўчынкі ўплятаюць у косы чырвоныя стужкі, хлопцы надзяваюць саламяныя капелюшы — здаецца, дробязі, але без іх немагчыма. А нядаўна Лунінецкі райвыканкам дапамог нам набыць адмысловы абутак, мы ім за гэта вельмі ўдзячныя, — тлумачыць Уладзімір Калянковіч.

* * *

Выхаванцы «Сунічкі» паступаюць у каледжы мастацтваў, каб працягнуць адукацыю, звязаную з народнымі танцамі і музыкай. Але не ў гэтым асноўнае прызначэнне ансамбля, на думку яго мастацкіх кіраўнікоў. Куды важней, каб кожны ўдзельнік калектыву аднойчы падзяліўся народнай спадчынай са сваімі дзецьмі.

Ганна Курак, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «З нагі ў нагу, з рукі ў руку...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».