Вы тут

Будні школьнага парламента


Ідэя стварэння школьнага парламента ўзнікла ў старадарожскай СШ №3 яшчэ ў 1994 годзе. Тады на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце прыйшла маладая і ініцыятыўная Святлана Шумская. І вось ужо 22-гі год пяць «міністэрстваў» і старшыня школьнага парламента дапамагаюць педагогам арганізоўваць адукацыйна-выхаваўчы працэс.


«Форменныя» класы

...У кабінет дырэктара па запрашэнні цяперашняга намесніка па выхаваўчай рабоце Надзеі Мікалаеўны Арловай заходзяць чацвёра дзяўчат і адзін хлопец. Сур'ёзнасці ім дадае вайсковая форма. Аказваецца, на базе школы створаны рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні, які супрацоўнічае з мясцовай вайсковай часцю. Ёсць цэлыя «форменныя» класы!

«У школе заўсёды было моцнае самакіраванне, — заўважае настаўніца хіміі Святлана Міхайлаўна Шумская. — А 20 гадоў таму ўжо згубіла актуальнасць арганізацыя выхавання моладзі па-савецку. Акцябраты, піянеры, камсамольцы — усё адыходзіла. І каб не згубіць дзяцей, каб іх ініцыятыўнасць знаходзіла прымяненне, вырашылі стварыць школьны парламент. Напачатку галоўная выбарная пасада называлася «прэзідэнт». Але затым падумалі, што нясціпла. Цяпер — «старшыня». Праз парламент за гэты час прайшло столькі дзяцей! Некаторыя скончылі факультэт журналістыкі БДУ. Ёсць нашы выпускнікі і на адказных пасадах».

Выбары і прызначэнні

У гэтым парламенце — усё па-сапраўднаму. Старшыня выбіраецца тайным галасаваннем. У кожнага кандыдата на пасаду ёсць свая праграма, свая ініцыятыўная група, якая ходзіць па класах і агітуе за яго.

«Кандыдатамі на пост могуць стаць юнакі і дзяўчаты старэйшыя за 15 гадоў, але для мяне зрабілі выключэнне, мне было 14, — тлумачыць старшыня парламента Раман Каплін. — Галасавалі 137 чалавек. Я атрымаў 119 галасоў «за» і 18 — «супраць».

А вось «міністраў» у парламент прызначаюць. Яны павінны быць актыўнымі, ініцыятыўнымі, вылучацца ў пэўнай сферы, добра вучыцца. Сёлета міністрам адукацыі працуе Лізавета Братчэня, спорту і здароўя — Юлія Шалімава, камунікацый — Настасся Гардзіевіч, працы — Вікторыя Шураева, культуры — Дарына Гоева. Кожная з іх упэўнена распавяла пра мэты і задачы свайго «міністэрства». А яны — самыя разнастайныя. Напрыклад, аказваць дапамогу педагагічнаму калектыву ў рабоце па навучанні і выхаванні вучняў, арганізоўваць мерапрыемствы, якія заахвочваюць школьнікаў да атрымання новых ведаў. Штодзень у кожным класе праводзяцца фізкультхвілінкі. У школе выпускаюцца насценгазеты і «маланкі», ладзяцца працоўныя акцыі і разнастайныя рэйды. Усё гэта дысцыплінуе вучнёўскі калектыў. А калі дадаць сюды заахвочванні...

«У нас ёсць традыцыя праводзіць спаборніцтва «Клас года», — тлумачыць Раман Каплін. — Лепшы клас атрымлівае грашовы прыз і... ідзе ў кавярню!»

Замена — дастойная

«Такая форма самакіравання дае магчымасць дзецям праявіць сябе, — упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзея Мікалаеўна Арлова. — Бо тут трэба і кіраваць, і падначальвацца. «Міністры», члены «міністэрстваў» маюць стасункі адно з адным, ходзяць у іншыя класы, рэалізуюць сябе праз публічныя выступленні. Яны — прыклад для іншых і сапраўды добрая падмога для нас».

Школьны парламент шмат дае не толькі яго ўдзельнікам, але і ўсім астатнім вучням. Яны пастаянна занятыя карыснымі справамі. Спартыўныя спаборніцтвы паміж класамі. Удзел у выпуску газеты. Збор макулатуры і металалому. Акцыя «Абеліск». Дапамога вучням, якія адсутнічалі ў школе, па тлумачэнні прапушчанага матэрыялу. Гульні, конкурсы, эстафеты. Кожнае «міністэрства» падводзіць вынікі праверак, рэйдаў, спаборніцтваў за тыдзень, месяц, чвэрць, год. Пра іх інфармуюць не толькі на стэндах, але і на агульнашкольных лінейках.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Усё па-сапраўднаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».